Клопат аб здароўі

Медыцына Нумары

У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адбылася выніковая нарада, дзе былі падведзены вынікі работы за мінулы год і пастаўлены задачы на новы. Да яе ў калектыве рыхтуюцца як да важнай падзеі, таму што даецца ацэнка работы як у цэлым, так і кожнаму члену калектыву з узнагароджаннем лепшых.

Даклад галоўнага санітарнага ўрача Ігара Кунцэвіча быў настолькі новым па змесце і форме падачы, што галоўны санітарны ўрач Мінскай вобласці Уладзімір Рызгунскі не прапусціў у сваім слове сказаць аб гэтым. Было адзначана ўменне кіраўніка Стаўбцоўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі дакладваць з відэапрэзентацыяй. Зроблены акцэнт, што гэта ў духу часу, патрабаванняў кіраўніцтва Мінаблвыканкама. З вуснаў прадстаўніка вышэйстаячай арганізацыі Ігар Кунцэвіч атрымаў характарыстыку як перспектыўны граматны кіраўнік маладога пакалення медыцынскіх кадраў вобласці.

Справаздачны даклад Ігара Кунцэвіча ўвабраў ўсе аспекты важнай дзейнасці калектыву цэнтра – садзейнічаць таму, каб для жыхароў нашага раёна былі забяспечаны належныя ўмовы для рэалізацыі іх права на бяспечнае і дабранадзейнае асяроддзе жыцця. Калектыву ўдалося справіцца з пастаўленымі перад ім задачамі – у справаздачным годзе захоўвалася стабільнай і кіруемай санітарная і эпідэміялагічная абстаноўка ў нашым раёне, адсутнічалі прафесійныя захворванні, групавая і ўспышкавая інфекцыйная захваральнасць. З мэтай паляпшэння санітарна-гігіенічнага і супрацьэпідэмічнага стану на тэрыторыі нашага раёна спецыялісты цэнтра, кожны на сваім рабочым месцы, праводзяць кантрольную дзейнасць за ўсімі суб’ектамі гаспадарання па захаванні прадпісаных нарматываў і правілаў. Гэта датычыць і фарміравання здаровага ладу жыцця, і стварэння належных умоў працы на прадпрыемствах, і клопату аб здароўі школьнікаў і дашкольнікаў, і якасці прадуктаў харчавання, пітной вады, і ўтрымання ў належным парадку тэрыторый. Вядзецца прафілактычная работа па папярэджанні інфекцыйных захворванняў, і дзяржаўны санітарны надзор за ўстановамі аховы здароўя. На апошніх двух пытаннях у гэтым пераліку з поўным аналізам эпідсітуацыі па ўсіх кантралюемых відах інфекцый спынілася ў сваім выступленні ў выглядзе відэапрэзентацыі загадчык аддзела эпідэміялогіі Ірына Пятровіч, спецыяліст з вялікім стажам работы як урач-практык, так і як кіраўнік эпідэміялагічнай службы раёна. Яе высокая кваліфікацыя і адказныя адносіны да справы, так як і памочніка ўрача эпідэміёлага Ларысы Садоўскай былі ацэнены такой прапановай з боку галоўнага санітарнага урача вобласці і галоўнага санітарнага ўрача раёна – ім было рэкамендавана прайсці атэстацыю на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Кіраўніцтва абласнога цэнтра зацікавіў вопыт работы стаўбцоўскіх медыкаў па паспяховым правядзенні дзяржаўнай кампаніі імунізацыі насельніцтва. У 2016 годзе ўдалося прышчапіць ад грыпу 41,7 працэнта насельніцтва, што вышэй задання, пастаўленага Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Было адзначана цеснае плённае ўзаемадзеянне з цэнтральнай раённай бальніцай пры належнай падтрымцы ў гэтым пытанні раённага выканаўчага камітэта. У сваю чаргу намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Людміла Някрылава падзякавала калектыў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі за сумесную працу з разуменнем агульных задач і паспяховай іх рэалізацыі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі адзначыў прафесіяналізм калектыву цэнтра ў ажыццяўленні важных дзяржаўных задач у правядзенні прафілактычнай работы па захаванні і ўмацаванні здароўя жыхароў раёна. Ад імя старшынь сельвыканкамаў ён выказаў удзячнасць за старанні і належную рупнасць супрацоўнікам цэнтра па навядзенні парадку на нашай зямлі.

У абодвух справаздачных дакладах былі поўна ахоплены ўсе бакі дзейнасці калектыву. Іх вялікая колькасць. Спыніцца варта на тых момантах, якія патрабуюць нераўнадушных адносін грамадства, удзелу кожнага ў аздараўленні сітуацыі. У першую чаргу, гэта статыстыка па распаўсюджанні ВІЧ-інфекцыі. Паказчык захваральнасці ВІЧ-інфекцыяй за 2016 год вышэйшы, чым па Мінскай вобласці. Аднак і ўзровень скрынінгу насельніцтва на ВІЧ-інфекцыю ў нашым раёне (17,6 працэнта) вышэй за сярэднеабласны (11,9 працэнта). У мінулым годзе зарэгістраваны 13 выпадкаў туберкулёзу, што на 18,6 працэнтаў вышэй узроўню захваральнасці за 2015 год і на 10,9 працэнта вышэй за сярэднеабласны паказчык. Таму застаецца актуальнай інфармацыйна-растлумачальная работа сярод насельніцтва з мэтай павышэння санітарнай граматнасці і культуры насельніцтва, а таксама кантроль за паўнатою ахопу прафілактычнымі мерапрыемствамі.

Прыемным момантам выніковай нарады для прысутных стала цырымонія ўзнагароджання працаўнікоў па выніках работы за год. Аркадзь Казякоўскі ўручыў падзяку старшыні райвыканкама памочніку ўрача эпідэміёлага Ларысе Садоўскай. Шэраг працаўнікоў цэнтра атрымалі ўзнагароды галоўнага санітарнага ўрача раёна Ігара Кунцэвіча.

Перад калектывам цэнтра пастаўлены сур’ёзныя задачы на новы вытворчы год. Яны выказаны і галоўным санітарным урачом Мінскай вобласці Уладзімірам Рызгунскім, які зрабіў акцэнт на павышэнне ўвагі да патрабаванняў, выкладзеных ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 510 аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці і кантролю за дзейнасцю прыдарожнага сервісу. Дзелавы настрой выніковай нарады настройвае кожнага на плённую выніковую працу.

Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі быў адзначаны кіраўніком санпэдслужбы вобласці са станоўчага боку і за паспяховую дзейнасць па правядзенні рамонту службовага памяшкання гаспадарчым спосабам. Хто быў у апошні час у будынку цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сам упэўніўся, што патрабавалася нямала старанняў, каб пераўтварыць адзін з самых старых будынкаў горада яшчэ польскага часу ў сучасны з прадуманым дызайнам офіс. Асаблівую падзяку кіраўніцтва цэнтра атрымала эканаміст Алена Новік. Было адзначана, што дзякуючы яе граматным разлікам на выгадных умовах былі закуплены матэрыялы, што дазволіла зэканоміць немалыя фінансавыя сродкі. Рамонт у цэнтры актыўна працягваецца. І не толькі ўнутры, але і звонку пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я будзе завершана распачатая работа па рамонце даху. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы – рамонт і набыццё абсталявання – летась накіравана больш за 493 мільёны недэнамінаваных рублёў. Стварэнне належных умоў для работы – выдатны стымул для працуючых адказаць на такі клопат прыкладаннем сваіх прафесіянальных сіл для выканання пастаўленых перад цэнтрам дзяржаўных задач. Калектыў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі не адзін раз выходзіў пераможцам спаборніцтва ў вобласці, што з’яўляецца сведчаннем зладжанай, згуртаванай і дружнай работы калектыву, у складзе якога 42 чалавекі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *