Каб зіма прайшла без траўмаў

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

v_semee_iz_za_gololeda_otmeneny_zanjatija_v_shkolah_s_1_po_4_klassy_pervoj_smenyРадасць дарослых і дзяцей, што зіма наступіла не толькі па календары, але і ў прыродзе, адчуваецца на лыжных трасах, катках, ды і проста на вуліцы – прагуляцца па свежым паветры ці пакатаць дзяцей на санках хочацца многім. Аднак менавіта зімою павялічваецца колькасць траўмаў. Аб гэтым сведчыць і статыстыка цэнтральнай раённай бальніцы. Таму не лішнім будзе нагадаць усім нам аб асцярожнасці і ўвазе на дарозе. Менавіта на гэтыя моманты скіравана наша гутарка з раённым траўматолагам Дзмітрыем Плескачом:

– Дзмітрый Георгіевіч, тэма прафілактыкі траўмаў вельмі шырокая. Кажуць у народзе, каб ведаў дзе ўпадзеш, сеў бы. І хоць застрахавацца ад траўмы, бывае, нам не па сіле, што, ўсё ж, патрэбна прадугледзець у мэтах прафілактыкі?

– Увага і асцярожнасць з’яўляюцца асноўнымі сродкамі прафілактыкі траўматызму. Галалёд з’яўляецца прычынай мноства траўмаў і пераломаў. У такія дні колькасць зваротаў у бальніцу рэзка ўзрастае. Нягледзячы на тое, што ўсе мы ведаем, які небяспечны лёд, асабліва ва ўмовах нашага клімату, калі вечарам – слота, раніцай – галалёд, многія грэбуюць правіламі перасцярогі. Чаго варта адно толькі жаданне стаць на абцасы! А менавіта ў такім абутку часцей можна ўпасці і атрымаць цяжкую траўму. Статыстыка гаворыць, што частай прычынай траўматызму з’яўляецца банальная спешка. Многія проста не заўважаюць ільду, прысыпанага снегам, у выніку падаюць і атрымліваюць траўмы. У спешцы чалавек не заўважае нават адкрытага лёду. Значная частка траўмаў звязана з грамадскім транспартам. Часта людзі могуць паслізнуцца і ўпасці пры ўваходзе ў аўтобус ці пры выхадзе з яго. На жаль, не заўсёды ўсё заканчваецца толькі траўмамі.

– Нягледзячы на тое, што ў дні, калі на вуліцы стаяць вялікія маразы, бацькам даводзіцца кожную раніцу падымаць дзіця з пасцелі і весці ў дзіцячы сад. Многа не трэба, каб дзіця атрымала абмаражэнне. На што ў гэтым выпадку трэба звярнуць увагу?

– Гэта перасцярога актуальная не толькі для малых дзяцей, але і для школьнікаў, многія з якіх праводзяць час на катку на гарадскім стадыёне ці на лыжні. Абмаражэнне – таксама распаўсюджаная зімовая траўма. Пашкоджанне тканак можа наступіць не толькі пры нізкіх тэмпературах, але і пры сырым надвор’і, пры цесным абутку. Абмаражэнню часцей падвяргаецца скура рук, ног, твару, нос, вушы. Абмаражэнні часта наступаюць непрыкметна, без болю, таму трэба звяртаць увагу на колер румянцу ў дзіцяці. Нармальны румянец – бледна-ружовага колеру, калі ён стаў нераўнамерны, з ярка-чырвонымі ці белымі плямамі – гэта прызнакі абмаражэння. Правярайце адчувальнасць скуры твару ў дзіцяці, прасіце яго пастаянна паварушыць пальцамі ног, рук. Каб пазбегнуць непрыемных вынікаў, правільна апранайце дзіця. Гэта не лішне рабіць і дарослым у адносінах да сабе. Скуру твару трэба ахоўваць спецыяльным крэмам. Перш за ўсё, патрэбна выбраць зручны абутак: прасторны, на рабрыстай падэшве, з нізкім абцасам. Неабходна звярнуць увагу і на прафілактыку дарожна-транспартных траўмаў. Часта дзіця бачыць, што машына набліжаецца, і ўсё ж спадзяецца перабегчы. Аднак па слізкай дарозе вадзіцель можа не паспець затармазіць – тармазны шлях аўтамабіля пры такіх умовах павялічваецца. Патлумачце ўсё гэта свайму дзіцяці. Дарослыя абавязаны навучыць дзяцей правілам паводзін, якія дапамогуць пазбегнуць траўмаў, і ўзмацніць кантроль над іх захаваннем. Няхай прыгожая снежная марозная зіма прыносіць усім вам толькі радасныя адчуванні.

Падрыхтавала Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *