Верыць у цуды

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Стаўбцоўская пярвічная арганізацыя «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» падвяла вынікі дабрачыннай акцыі «Усе дзеці вераць у цуды». Нечаканасцю стала тое, што ў цуд таксама паверылі… дарослыя.

Прыгадвае старшыня пярвічнай арганізацыі Ніна Ганісеўская:

– Калі напярэдадні Новага года бацькі прынеслі мне 38 пісьмаў ад сваіх дзяцей, і ў кожным – запаветная дзіцячая мара, адрасаваная Дзеду Марозу, я адчула ў некаторых дарослых пэўны недавер. Маўляў, наўрад ці магчыма такая масавая дабрачыннасць у наш час, калі на ўсіх цісне цяжар жыццёвых праблем, ды і хто ахвяруе такую колькасць нятанных падарункаў? Як высветлілася, нашы дзеці, дзеці з асаблівасцямі развіцця, таксама мараць пра розныя крутыя гаджэты, сучасныя музычныя інструменты і бесправадныя мікрафоны, электронныя і інтэрактыўныя цацкі. Іх мары, як і самі дзеці, – рознага ўзросту, абгрунтаваныя захапленнямі, а ў асобных, найбольш складаных выпадках, напрамую звязаны са здароўем дзяцей, патрэбай дыхаць, харчавацца – проста жыць…

Але нездарма дэвізам акцыі быў узяты наступны слоган: «Цуды здараюцца там, дзе ў іх вераць, і чым вера большая, тым часцей цуд здараецца».

Да прыкладу, шасцігадовая Маша Ждановіч, наведвальніца дзіцячага сада, хацела б вучыцца ў школе мастацтваў і папрасіла ў падарунак музычны сінтэзатар. Мару сваю яна па-асобаму размалявала, перавязала пасланне каляровай стужачкай. Штораніцы ў чаканні цуду дзяўчынка падбягала да ёлкі… Праз некаторы час у акне заўважыла, што да іх дома пад’ехаў мікрааўтобус, і з яго выйшаў звычайны «дзядзя» з пакункам у руках. Ён зайшоў у дом і ўручыў Машы тое, пра што яна ўвесь апошні час толькі і думала. Яе першае здзіўленне было: «А дзе ж Дзед Мароз, які раздаваў падарункі ў дзіцячым садзе на ранішніку?» Аднак яно развеялася матулінай падказкай, што гэты казачны персанаж здольны на самыя неверагодныя пераўтварэнні. Такім чынам, да Машынай увасобленай мары дабавіўся і працяг казачнай гісторыі.

Сапраўдным «чараўніком» для Машы стаў індывідуальны прадпрымальнік са Стоўбцаў Сяргей Брода. Ён сам прапанаваў: «Магу набыць падарунак для дзіцяці з вашай арганізацыі». Так да яго трапіла Машына пісьмо, перавязанае каляровай стужачкай. Неўзабаве Маша падзялілася сваёй радасцю з Артурам Шыкам. Іх дамы знаходзяцца побач, дзеці сябруюць. Артура перапаўнялі тыя ж пачуцці, бо і ён атрымаў тое, што прасіў у Дзеда Мароза, – дзіцячую чыгуначную дарогу з пультам.

Яшчэ адзін з хлопчыкаў заказаў баксёрскія пальчаткі, прычым з нумарам 10 і чырвонага колеру. У сваім пісьме ён шмат разоў паўтарыў гэтае жаданне. І неўзабаве акурат такія баксёрскія пальчаткі ўбачыў у сябе дома. Гэта была хвіліна найвышэйшага шчасця! Хлопчык не расстаецца з падарункам і, па словах яго матулі, з ім нават кладзецца спаць…

Менавіта Ніна Ганісеўская пастаралася знайсці тых, хто ажыццявіць мару гэтых і іншых дзяцей раёна з асаблівасцямі развіцця. Задзейнічанымі ў дабрачыннай акцыі аказалася шмат людзей: дабрачынцы набывалі падарункі, валанцёры дастаўлялі іх адрасатам.

У ліку першых падарункі пачалі прыходзіць ад Social weekend – клуба сацыяльна адказных кампаній, якія падтрымліваюць і фінансуюць у Беларусі сацыяльныя праекты. Частку падарункаў забяспечыў дабрачынны фонд горада Мінска. Дызайнер фонду аформіла пісьмы дзяцей у адным стылі і размясціла ў сацыяльных сетках. Рэзананс на іх быў хуткім.

А прыкладна трэцюю частку падарункаў ахвяравалі мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі і проста жыхары Стоўбцаў. Акрамя Сяргея Броды, гэта Сяргей Гайко, Іна Пяткевіч, Таццяна і Сяргей Кобрыкі, Канстанцін Чайкоўскі, Надзея Чарнец, Аляксандр Латушка, магазін «Смайлік», магазін бытавой тэхнікі «Гарызонт», магазін фабрыкі «Камунарка» ў Стоўбцах.

– Да мараў нашых дзяцей усе падышлі вельмі адказна, – гаворыць Ніна Ганісеўская. – Ніхто, да каго звярталіся, нам не адмовіў, а, наадварот, імкнуўся падзяліцца самым лепшым, якасным таварам. Дабрачынцам мы перадавалі не вусныя просьбы, а жывыя пісьмы, напісаныя дзіцячай рукой, дзіцячым сэрцам.

Дабрачынная эстафета працягваецца. У студзені дзесяць дзяцей Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі ў суправаджэнні сваіх матуляў былі запрошаны ў Мінск, ва ўніверсітэт фізічнай культуры, на дабрачынны канцэрт з падарункамі. Акрамя таго, дзвюм сем’ям раёна, у якіх выхоўваюцца па двое дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалілам выдзеліла кампрэсарныя інгалятары.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *