Мацярынскі гонар

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

У час майго настаўніцтва ў Нававёскаўскай школе аднойчы па службовых справах я наведаў Варацішчанскі сельвыканкам. У памяшканні звярнуў увагу на Дошку гонару, дзе былі змешчаны фотаздымкі мясцовых перадавікоў працы. На адным з іх – загадчыца Нававёскаўскага магазіна Антаніна Чатырка. Прыгожы твар кранае лёгкая ўсмешка. Такая жанчына і ў жыцці – з добрым настроем, простая, ветлівая, добразычлівая.

Сотні людзей штодзень прыходзяць у магазін – і дарослыя, і дзеці. Для кожнага з іх Антаніна Іванаўна знаходзіла лагоднае слова. Паслугамі гэтага магазіна карыстаюцца не толькі працаўнікі мясцовага калгаса. Часта сюды прыязджаюць жыхары бліжэйшых вёсак Нясвіжскага і Карэліцкага раёнаў. Прадавец ведала цану працоўнай хвіліны хлебароба і старалася абслужыць наведвальнікаў як мага хутчэй.

Антаніна Чатырка мае аўтарытэт сярод работнікаў гандлю нашага раёна. Яна з’яўлялася настаўнікам моладзі, навучала маладых спецыялістаў. За свае старанні і самаадданую працу прадавец не адзін раз была ўзнагароджана ганаровымі граматамі, выходзіла пераможцам у спаборніцтве сярод сваіх калег, мае знак «Выдатнік спажывецкай кааперацыі».

Кіраўніцтва райспажыўтаварыства цёпла праводзіла шчырую працаўніцу на заслужаны адпачынак. У Антаніны Іванаўны застаецца шмат спраў. У першую чаргу, гэта мацярынскі клопат пра сваіх дзяцей. З дзяцінства яна далучала іх да працы, наказвала паважаць старэйшых, цаніць дабро і міласэрнасць. І сама паказвала ў гэтым прыклад асабістым жыццём. Са сваёй свякроўю нявестка жыла як з роднай маці. Было сямейнае паразуменне і з мужам.

Што датычыць дзяцей, бацькі не пярэчылі іх прафесійнай арыентацыі, але дзеці прыслухоўваліся да матчыных парад. Старэйшая дачка Раіса закончыла медыцынскі інстытут па спецыяльнасці санітарны ўрач. Міхаіл закончыў мараходнае вучылішча і цяпер абслугоўвае самыя складаныя тэхнічныя механізмы. Самы малодшы Сяргей з дзяцінства дапамагаў маці клапаціцца аб дамашняй жывёле. І тут мацярынскае слова падштурхнула яго да выбару прафесіі. Ён закончыў Акадэмію ветэрынарнай медыцыны і набытыя веды з улікам перадавых тэхналогій прымяняў на практыцы падчас работы ў мясцовым калгасе. Асіпаўшчынская ферма, якую ён узначальваў, была ў ліку лепшых па надоях у нашым раёне.

Усе дзеці Антаніны Іванаўны знайшлі свае палавінкі ў жыцці, сыны жывуць са сваімі сем’ямі побач з матуляй – у Горках і Новай Вёсцы. У яе з’явіліся ўжо ўнукі і праўнукі. Унук Мацвей закончыў геаграфічны факультэт БДУ, працуе ў метэаралагічнай службе рэспублікі. Дар’я – філолаг у сталічным каледжы. Сын Сяргея, дзесяцікласнік, парадаваў нядаўна бабулю, што заняў першае месца на раённай алімпіядзе па гісторыі.

Гэтыя добрыя навіны даюць сілы Антаніне Іванаўне праводзіць свае дні ў насычаных гаспадарскіх клопатах. З ранняй вясны і да позняй восені яна шчыруе на агародзе, яе падворак аздоблены кветкамі. Яна мае аўтарытэт сярод вяскоўцаў як добрая траўніца, збірае і сушыць лекавыя зёлкі. Яе мова насычана народнымі прымаўкамі, прыказкамі. Настрой у гаспадыні аптымістычны, вясёлы, што адразу перадаецца ўсім, хто мае з ёю зносіны.

Адам ГРЫНКЕВІЧ,в. Вялікі Двор



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *