Статыстыка ЗАГСа

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўшчыне на працягу мінулага года нарадзіліся на свет 204 дзяўчынкі і 248 хлопчыкаў. Гэта прыемна прыгадаць, успомніць яшчэ раз колькасць дзетак як самы дарагі здабытак раёна. І – выказаць просьбу бацькам, каб у гэтым годзе нараджалі больш.

У 2016 годзе ў нас нарадзілася на шэсць дзяцей менш, чым у 2015, і гэтая акалічнасць – не дробязь. Дзяржава ўсямерна падтрымлівае сем’і з дзецьмі, развівае і ўдасканальвае формы аказання дапамогі, таму і органам ЗАГС хацелася б фіксаваць гэта дэмаграфічным пад’ёмам.

Амаль кожны трэці з нованароджаных – гэта маленькі жыхар сельскай мясцовасці. Сярод сельсаветаў самая высокая нараджальнасць адзначаецца на тэрыторыі Заямнаўскага, Вішнявецкага, Рубяжэвіцкага, Старасвержанскага. Усяго адзін нованароджаны зафіксаваны ў Налібацкім сельсавеце.

Імёны ім бацькі выбіраюць самыя розныя (летась, каб назваць дзетак, было выкарыстана 61 мужчынскае імя і 63 – жаночыя), аднак лідарамі сярод мужчынскіх імёнаў сталі Арцём і Максім (па 14), Кірыл (12). Па адным зарэгістраваны Алесь, Усевалад, Герман, Давід, Сцяпан, Фелікс, Ігар, Міраслаў і іншыя. Сярод жаночых імёнаў папулярныя, як і раней, Дар’я, Софія, Анастасія. Па адной запісаны Мар’яна, Златаслава, Віталія, Бажэна, Амелія, Алісія і іншыя.

Варта адзначыць, што ў мінулым годзе знізілася колькасць нараджэнняў дзетак у маці, шлюб якіх не зарэгістраваны ў адпаведнасці з заканадаўствам, і гэта сведчыць пра ўмацаванне статуса сямейных каштоўнасцяў у грамадстве, сур’ёзнае стаўленне да планавання сям’і. Разам з тым, колькасць такіх нованароджаных складае 55 дзяцей, ці 12 працэнтаў ад усіх нованароджаных раёна. У 2016 годзе мамамі сталі тры дзяўчыны ва ўзросце да 18 гадоў. З’явілася шэсць двойняў, у 77 сем’ях – трэцяе дзіця ў сям’і, у 22-х – чацвёртае, у пяці – пятае, у дзвюх – шостае.

Што датычыць зарэгістраваных шлюбаў, то іх колькасць у параўнанні з 2015 годам зменшылася на 37 і склала 264.У Стоўбцах зарэгістравалі свае сямейныя адносіны 199 пар. У сельскай мясцовасці найбольш шлюбаў у Дзераўнянскім, Рубяжэвіцкім, Літвенскім, Старасвержанскім сельсаветах. Сярэдні ўзрост мужчын, якія бяруць шлюб, – 31 год, жанчын – 28 гадоў. Зарэгістравана 30 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі. Сярод апошніх пераважаюць грамадзяне Расійскай Федэрацыі (15 чалавек), Украіны (6), Малдовы (5), па адным – з Казахстана, Турцыі, Грузіі, Германіі.

У 2016 годзе ў аддзел ЗАГС для змены ўласнага імя, прозвішча і імя па бацьку звярнуліся 14 чалавек. Акрамя таго, па зваротах грамадзян і дзяржаўных устаноў выдадзена амаль дзве тысячы даведак.

Жыццё працягваецца і дае нам падставы чакаць у новым годзе радасных падзей.

Надзея КАРТУЗАВА, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *