Па зімовым лесе

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Стаяла марозная раніца. Дзядуля пабудзіў мяне, калі яшчэ было цёмна. Ён паштурхаў у плячо і сказаў: «Уставай, Снягурка, а то ўсю казку праспіш!»

Праз хвіліну я выйшла ў сені. Бабуля паліла ў печы, а дзед апрануў свой кажух і пайшоў запрагаць Маняшку. Я схапіла рукавіцы, ускочыла ў санкі да дзеда, і мы паехалі ў лес.

Сонца толькі пачало ўзнімацца. Мы шпарка каціліся, таму яно скакала, як чырвоны вогненны мячык, ад адной сасны да другой. Звінелі бубенчыкі, і рэхам па лесе рассыпаўся іх крыштальны звон. Вялізныя лапы елак зверху да нізу ўхутаў белы пух. Толькі дзе-нідзе праскоквалі вавёркі адна за адной ці дзяцел палохаў сваім стукам зайцаў.

Усё навокал нагадала мне казку, якую мама чытала ў дзяцінстве. Мой дзядуля быў вельмі падобны да Дзеда Мароза: у яго – вялікая белая барада і вусы, шапка, кажух. «Ну, што, Снягурка? Не змерзла яшчэ?» – папытаўся ён і прышпорыў Маняшку.

Сонца ўзнялося да вершалінаў самых высокіх сосен і елак. Лес яшчэ больш ажыў, заззяў рознакаляровымі брыльянтамі. Снег скрыпеў пад санкамі. А мае вейкі «пафарбаваў» іней. Ну, чым мы з дзедам не Снягурка і Дзед Мароз?!

Гэта было самае казачнае падарожжа ў маім жыцці.

Соф’я ЯРАШЭВІЧ,вучаніца 6 класа Навасвержанскай школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *