Вялікая размова з Прэзідэнтам

Нумары

image_pdfimage_print

08qПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лютага правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ. Мерапрыемства прайшло ва ўнікальным фармаце пад агульнай назвай «Вялікая размова з Прэзідэнтам».

На сустрэчу былі запрошаны амаль 50 журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш буйныя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел каля сотні экспертаў, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб’яднанняў.

Не ўсё атрымалася, але нам удалося захаваць мір і стабільнасць

«Мы абавязкова пагаворым, як прайшоў 2016 год. Не ўсё ў нас атрымалася. Ёсць вельмі сур’ёзныя знешнія фактары – яны абсалютна вызначальныя, але многае мы не зрабілі самі. Гэта таксама трэба абмеркаваць. Галоўнае, нам удалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што разважанні аб стабільнасці – гэта зусім не пустыя размовы, як некаторыя могуць лічыць.

«Але, каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова аб праблемах, якія непакояць чытачоў, слухачоў, гледачоў, ды і ўсіх нас з вамі. Не сакрэт, ёсць сілы (і тут, і за межамі), якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Давайце проста падумаем аб лёсах нашых дзяцей, нашых родных і блізкіх, любімых, якія ўсім дарагія», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

На сённяшнім мерапрыемстве сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў. «Але ў адным мы адзіныя – у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

А. Лукашэнка: «Не прымаю іншай мадэлі эканомікі, чым сацыяльна арыентаваная»

«Лічу, што мадэль нашага развіцця і наогул славянскіх народаў – сацыяльна арыентаваная эканоміка. Я не прымаю тут, у Беларусі асабліва, іншай мадэлі. Я вельмі ўважліва назіраю за варыянтам Расіі, Украіны і г. д. І малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што любая дзяржава нечага варта, калі яна звернута да людзей. «Калі чалавек ад гэтага нічога не мае, навошта яму гэтая дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканоміка – гэта эканоміка для людзей», – растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканоміка Беларусі цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям. «Я дзейнічаю зыходзячы з той канцэпцыі, якую прапаноўваў на прэзідэнцкіх выбарах, што я буду бачыць кожнага, буду людзям дапамагаць, што мы не адыдзем ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. А як? Абяцаў адно, а рабіць іншае буду? Гэта не мая палітыка. Я прыхільнік адкрытай, сумленнай і справядлівай палітыкі. У законе ўсё не прапішаш. А калі не прапісана, рабі справядліва. І я справядлівасць стаўлю вышэй за любы закон», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Заработная плата і пенсіі могуць быць павышаны толькі за кошт эфектыўнай работы эканомікі

«Зарплаты і пенсіі могуць быць павялічаны толькі тады, калі ў эканоміцы вырабім больш, якасней і прададзім па больш высокай цане, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Ёсць другі шлях: можна ў некага пазычыць, адабраць, узяць. Але гэта не наш шлях. У нас і так запазычанасць вялікая – дзяржаўная, карпаратыўная і г. д. Асабліва спадзявацца на тое, што мы будзем пазычаць і за кошт гэтага павышаць зарплаты і пенсіі, не трэба».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перш за ўсё трэба клапаціцца аб вытворчасці: «што заробім, тое і атрымаем». Ён акцэнтаваў увагу на тым, што тэмп росту заработнай платы не павінен перасягаць тэмп росту прадукцыйнасці працы.

Прэзідэнт патрабуе безумоўнага выканання патрабавання аб павышэнні сярэдняй зарплаты да $500 у 2017 годзе

«Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат».

«Сярэдняя зарплата ў краіне $500 – гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500. – Заўвага БелТА) – не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы – хто колькі заробіць», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пры невыкананні гэтай задачы «ні адзін ва ўрадзе з партфелем не застанецца».

Аб школьных праграмах: дзяцей нельга перагружаць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў перагледзець школьныя праграмы і падручнікі для таго, каб аптымізаваць нагрузку на дзяцей.

«Дзеці вельмі загружаны, ім дыхаць няма калі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзеці займаліся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухі, для здароўя, каб яны нармальнымі, здаровымі, прыгожымі раслі. А калі ў каго-небудзь ёсць здольнасці да музыкі, маляваць карціны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час? Яны і так дзесяць гадзін у школе занятыя ўжо ў сёмым класе».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шосты дзень у школе прадугледжвае, што дзеці будуць мець магчымасць займацца тым, што ім цікава. «Калі трэба дзесьці факультатыўчык у суботу – паўтары-дзве гадзіны, не больш, не перагружайце дзяцей…

У той жа час настаўнік павінен больш часу працаваць з вучнямі ў школе, каб на дамашняе заданне ім даводзілася затрачваць нават не дзве гадзіны ў дзень.

«Дзяцей нельга перагружаць, нельга ім даваць тое, што яны не ўспрымаюць і не ўспрымуць, а тым больш тое, што ім не патрэбна. Працуем мы над сістэмай адукацыі. Мы яе адрэгулюем.

Арыентаваць школьнае навучанне на працоўнае выхаванне

«Калі мы заканчвалі школу, мы ведалі, адкуль у лямпачцы святло, маглі хаця б закруціць у патрон лямпачку, маглі разетку адрамантаваць. Мы разумелі ўжо тады, што пальцы нельга сунуць у гэтую разетку – заб’е! Нас вучылі гэтаму ў школе. Нам паказвалі, што такое рубанак, фуганак, сякера, стамеска і гэтак далей. Мы элементарныя рэчы ўмелі рабіць. Сёння, прабачце мне, доўбня жэніцца – ён жа не можа не тое, што карову ад казы або ад каня адрозніць, ён жа не можа малаток ад сякеры адрозніць з выгляду, я ўжо не гавару аб тым, каб трымаць гэта ў руках», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«І ўсе плачуцца ў школе – зарплата малая… Дык навучыце дзяцей жыць!» – сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да педагогаў.

Паводле яго слоў, субота якраз павінна стаць для вучняў спартыўным днём, днём працоўнага навучання і часам – рэпетытарства. Няма неабходнасці ў празмерных нагрузках. «Я настойваў на тым, каб зняць нейкія гімназічныя класы і іншае, калі за грошы або лепшанькіх, разумненькіх адбіралі ў асобныя класы, асобна вучылі, а вы тут ужо адкіды», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб дэкрэце нумар 3

«Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. «Мы падштурхоўваем іх да таго, каб яны працавалі. І мы ж не прымушаем працаваць, але атрымліваеш паслугу – заплаці», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змяненні. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызваліць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

Падтрымліваць будаўніцтва жылля ў рэгіёнах

«Жыллёвае будаўніцтва разглядаем з пункту гледжання лакаматыва эканомікі. Будзем старацца ствараць умовы для большага будаўніцтва. Але пра Мінск трэба паціху забываць, там мы будаваць не будзем. Прынамсі, такімі тэмпамі, як было раней. Я не хачу, каб у Мінск мы сабралі ўсю краіну і агалілі ў плане працоўных рэсурсаў рэгіёны. Мы ім ільготы далі, няхай там бізнес развіваецца, там будзем старацца падтрымліваць будаўніцтва жылля», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў рамках падтрымкі жыхароў сельскіх населеных пунктаў дзяржава выдзяляла крэдыты на будаўніцтва жылля пад адзін працэнт гадавых. «Нам трэба было затрымаць там людзей. І гэта часткова ўдалося. Таму будзем у гэтым напрамку працаваць», – сказаў Прэзідэнт.

Аб адносінах Беларусі і Расіі

«Пакуль я Прэзідэнт, ніводны камень у бок рускага чалавека, расіяніна кінуты не будзе», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні стан беларуска-расійскіх адносін важнейшым пытаннем. «Тэма вельмі вострая. Баюся сказаць лішняе, з аднаго боку. А з іншага – сітуацыя ўжо дайшла да таго, што я мала што маю права ўтойваць», – адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго складваюцца часам няпростыя, але ў цэлым добрыя адносіны з расійскім Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Але, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Расіі дзейнічаюць розныя сілы, у тым ліку і ў кіраўніцтве краіны. У выніку «некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем і рашэннямі самога Прэзідэнта», канстатаваў беларускі лідар.

«Ніколі не зміруся са зневажаннем беларускай дзяржавы і народа»

«Я ніколі не нарываюся на непрыемнасці. Я ўжо шмат што паспрабаваў і апёкся на ўсім, што папала. Дзе трэба, магу адступіць і быць гібкім, але, калі зневажаюць маю дзяржаву і народ, я з гэтым ніколі не зміруся», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падрабязна расказаў удзельнікам сустрэчы пра беларуска-расійскія ўзаемаадносіны, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю.

» Ні адзін рускі чалавек, ні адзін расіянін не паверыць, што Беларусь, што Лукашэнка – вораг Расіі, чужы, што ён на Захад павярнуўся і яшчэ некуды. Гэтаму не павераць».

Прапрацаваць пытанне аб стварэнні ВНУ з беларускай мовай навучання

Адказваючы на прапанову члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім стварыць у Беларусі нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Вы мой пункт гледжання наконт моў – беларускай, рускай і іншых – ужо, напэўна, на памяць ведаеце. Я вельмі акуратна стаўлюся да гэтага пытання. І, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай.

«Што датычыць нацыянальнага ўніверсітэта, то адразу ўзнікае пытанне: а Беларускі дзяржуніверсітэт у нас не нацыянальны? Ці іншыя якія-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць і рускую мову, і беларускую, і англійскую, і іншыя», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Размова ідзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б выкладанне на беларускай мове, – прадоўжыў ён. – Вы ведаеце, я не магу сказаць «не» і не магу сказаць «так», таму што гэта трэба прапрацаваць. Можа, на базе якога-небудзь універсітэта, калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі туды будуць жадаючыя ісці па конкурсе і іншае. «Галоўнае, каб гэта было запатрабавана народам, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Толькі я вось супраць таго, каб некаторыя людзі выхваляліся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускі, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – Ну не трэба! Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Але я вас заклінаю і прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Таму што вы адмовіцеся ад свайго, роднага. Вы камусьці падарунак зробіце. Не спяшайцеся! Руская мова – гэта вялікае і гэта наша», – адзначыў Прэзідэнт.

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 мінут. У жывой дыскусіі былі абмеркаваны некалькі дзясяткаў тэм, у тым ліку знешняя палітыка Беларусі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праблематыка смяротнай кары, абстаноўка ў сферы бяспекі, турыстычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і многія іншыя.

На заканчэнне Прэзідэнт сказаў, што найлепшым вынікам мерапрыемства будзе дапамога людзям па тых пытаннях, якія сёння былі ўзняты. «Хачу, каб тыя, ад каго залежыць вырашэнне пытанняў, якія тут узнімаліся, пачулі мяне і не чакалі новых законаў і нарматыўна-прававых актаў – іх дастаткова. Лічыце, што я прыняў рашэнні, і гэтыя рашэнні трэба рэалізоўваць», – даручыў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *