Правапарадак будзе забяспечаны

Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

У райвыканкаме адбылося пасяджэнне з парадкам дня: «Аб эфектыўнасці супрацьдзеяння злачыннасці і карупцыі на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна ў 2016 годзе і задачах на 2017 год».

У 2016 годзе праваахоўнымі органамі Стаўбцоўскага раёна сумесна з іншымі зацікаўленымі структурамі рэалізаваны значны аб’ём арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў, якія накіраваны на павышэнне абароны грамадзян і грамадства ад злачынстваў, выяўленне і недапушчэнне карупцыйных праяў, а таксама ўмацаванне правапарадку і стабільнасці ў рэгіёне. Аб тым, што гэта за мерапрыемствы, з якімі вынікамі РАУС уступіў у 2017 год, мы папрасілі расказаць начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Івана Мамайку.

– Іван Андрэевіч, у гэты адметны для органаў унутраных спраў год адзначаецца 100-годдзе міліцыі. З якімі вынікамі РАУС сустрэў новы 2017 год?

– За 2016 год па ўсіх накірунках дзейнасці зарэгістравана 499 злачынстваў, што на 13,8% менш, чым за адпаведны перыяд 2015 года (579). Паменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх (з 37 да 34 у 2016 г.) і асабліва цяжкіх злачынстваў (з 14 да 3). Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва зменшыўся на 18,9 і склаў 124,5. Знізілася колькасць і ўдзельная вага злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, на 5,2 %, непаўналетнімі – на 1,0%. Але, на жаль, павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых групай асоб і асобамі, якія маюць судзімасць, – на 5,2%.

– Дзе найбольш зарэгістравана злачынстваў?

– Набольшая колькасць злачынстваў зарэгістравана на тэрыторыі Старасвержанскага і Заямнаўскага (на 46), Шашкоўскага (38) сельсаветаў і ў г. Стоўбцы (191). Трэба адзначыць, што павялічылася колькасць махлярстваў (на 30%), грабяжоў (на 16,7%), хуліганстваў (на 20%), крадзяжоў (39,3%). Шмат крадзяжоў маёмасці зарэгістравана на тэрыторыях Заямнаўскага, Старасвержанскага, Шашкоўскага, Рубяжэвіцкага сельсаветаў і ў г. Стоўбцы.

– РАУС, напэўна, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, каб не дапусціць злачыннасці?

– З мэтай прафілактыкі крадзяжоў праходзілі мерапрыемствы па абсталяванні і ўстаноўцы сродкаў ахоўнай і трывожнаай сігналізацыі на аб’ектах з таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі, у кватэрах і іншых памяшканнях. За 2016 год з падключэннем да аўтаматызаваных сістэм аховы прынята 30 памяшканняў з уласнай маёмасцю грамадзян. Значную ролю ў павышэнні ўзроўню правапарадку на тэрыторыі вобласці аказвае наяўнасць відэаназірання ў месцах з масавым прабываннем грамадзян. У 2016 годзе пры дапамозе камер відэаназірання раскрыты тры злачынствы і 33 адміністрацыйныя правапарушэнні. Відэаназіраннем абсталяваны 19 аб’ектаў.

– Іван Андрэевіч, скажыце, калі ласка, ці ёсць яшчэ нераскрытыя злачынствы?

– Аддзелам УС устаноўлены падазроныя ў здзяйсненні 57,1% зарэгістраваных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Устаноўлены падазроныя ў здзяйсненні насілля (1), нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў (4), крадзяжоў мабільных тэлефонаў (9). Усяго ў 2016 годзе на тэрыторыі раёна засталіся нераскрытымі 132 злачынствы, у тым ліку 120 крадзяжоў, 4 хуліганствы, 2 грабяжы і махінацыі, адзін угон, пашкоджанне маёмасці і падробка ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку. За 2016 год папярэдняе расследаванне закончана па ўсіх напрамках дзейнасці.

– А як ідуць справы па лініі эканамічнай злачыннасці?

– За 2016 год па лініі эканамічнай злачыннасці ўзбуджана 28 крымінальных спраў. Выяўлена 13 злачынстваў супраць інтарэсаў службы, з іх 4 службовыя падлогі, 4 – злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, 5 фактаў атрымання хабару, а таксама 4 махінацыі, 3 факты фальшываманетніцтва. Супрацоўнікамі АБЭЗ выяўлена 12 адміністрацыйных правапарушэнняў. Эканамічны эфект склаў 743, 7 тысячы дэнамінаваных рублёў.

– Якая работа праведзена аддзелам па грамадзянстве і міграцыі?

– Аддзелам па грамадзянстве і міграцыі Стаўбцоўскага РАУС за 2016 год 105 замежным грамадзянам выдадзены дазвол на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, 27 – ануляваны дазвол на часовае пражыванне. За справаздачны 2016 год выдадзена дазволаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь 103 замежным грамадзянам. Падвергнуты дэпартацыі сем замежных грамадзян, з іх двое – пад канвоем. Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне міграцыйнага заканадаўства прыцягнуты 96 замежных грамадзян.

– Якая работа праводзіцца супрацоўнікамі РАУС па прафілактыцы п’янства і алкагалізму?

– У 2016 годзе супрацоўнікамі ААПП з мэтай выканання патрабаванняў распараджэння МУС Рэспублікі Беларусь ад 18.12.2013 № 101 праведзена 109 рэйдаў, накіраваных на выяўленне асоб, якія займаюцца вырабам, захоўваннем і рэалізацыяй самагону, брагі. Па выніках мерапрыемстваў выяўлена 57 самагонных апаратаў, забрана 62,65 літра самагону, 2846 літраў брагі, 178,85 літра спірту. На тэлефоны гарачай лініі ад жыхароў раёна ў бягучым годзе паступіла 16 інфармацый аб парушэнні антыалкагольнага заканадаўства, сем з якіх пацвердзіліся. На ўлік да ўрача-нарколага пастаўлены 110 асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. У 2016 годзе ад атручэння этылавым спіртам памерлі шэсць чалавек, выпадковых утапленняў зарэгістравана чатыры, суіцыдаў – дзесяць.

Праведзены мерапрыемствы з 56 абавязанымі асобамі, па навядзенні парадку на зямлі, забеспячэнні аховы грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Грубых парушэнняў і масавых беспарадкаў не дапушчана.

– Дзякуй, Іван Андрэевіч, за размову. Як бачым, шмат зроблена, каб нам жылося спакойна, але шмат яшчэ трэба працаваць і, безумоўна, выхоўваць наша грамадства быць законапаслухмяным. Змяняюцца краіны, людзі, але нязменным застаецца прызначэнне органаў правапарадку – служэнне народу. Вынікі падведзены, задачы на перспектыву пастаўлены. Будзем спадзявацца, што бягучы год, год 100-годдзя міліцыі, прынясе станоўчыя вынікі і спакой на нашу Стаўбцоўшчыну.

Гутарыла Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *