Складаемыя сямітысячных надояў

Нумары Сельская гаспадарка

08wЖывёлаводы ААТ «Каганец» спрацавалі летась на высокім узроўні і перасягнулі сямітысячны рубеж па надоях. Упершыню ў гісторыі гаспадаркі ў сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 7073 кілаграмы малака. Валавы надой склаў 7591 тону. У таварыстве самая высокая таварнасць малака сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.

На пытанні, за кошт чаго ўдаецца атрымліваць высокія паказчыкі і год ад году прырастаць па надоях малака, адказвае галоўны заатэхнік таварыства Вера Конюх.

– Кармоў нарыхтавалі дастаткова, яны першага класа, бо закладзены згодна з тэхналогіяй. А належнае кармленне, як вядома, з’яўляецца адным з галоўных фактараў павелічэння надояў. Увесь сянаж упакаваны ў палімерную плёнку. Якасць яго выдатная, і каровы з задавальненнем ядуць такі корм. Сілас, закладзены ў траншэі, таксама высакакласны. Многа ў ім ўтрымліваецца плюшчанага зерня кукурузы. Сенажу і сіласу каровам даём уволю, бо іх дастаткова. Падстрахаваліся, аднак, і купілі дадаткова травяныя кармы ў ГП «Путчына». У рацыён зараз уваходзяць сухія жамерыны – па кілаграму на галаву, даецца жывёле і па 300 грамаў канцэнтратаў на літр надоенага малака. Дадаткова на ноч кожная рагуля атрымлівае кілаграм сена, якое раздаюць начныя вартаўнікі. Гэта спрыяе лепшай рабоце страўніка каровы. Робім так не першы год, а апошнім часам раздача сена знаходзіцца пад пільным кантролем.

Адыгрывае вялікую ролю і чалавечы фактар. Людзі працуюць сумленна, стараюцца. Ім створаны належныя ўмовы для работы і адпачынку. На ўсіх фермах праведзены рамонт бытовак і зроблены цёплыя санітарныя вузлы.

– Вера Аляксандраўна, у гаспадарцы не толькі высокія надоі, а і якасць малака на ўзроўні. Як гэтага дасягнулі і ці ўдаецца гэта падтрымліваць?

– Не ў адначассе ўсё змянілася. Нямала папрацавалі для таго, каб атрымліваць малако гатункам «экстра». Пачынаць трэба з каровы, а дакладней, кантраляваць яе здароўе. Абавязкова ўтрымліваць у чысціні малочнае абсталяванне і своечасова мяняць сасковую гуму. Усё гэта робяць людзі, і тут нам прыйшлося пазмагацца. Затое цяпер даяркі выконваюць усе неабходныя аперацыі. Перад пачаткам даення здойваюць першыя струмяні малака, а па завяршэнні працэсу пламбіруюць саскі. Пасля таго як карова ацеліцца, правяраецца яе вымя, робяцца аналізы малака на ўтрыманне ў ім саматычных клетак. Пры неабходнасці карову лечаць. Ветэрынарныя ўрачы сочаць за жывёлай пастаянна, бо кожнай патрэбна персанальная ўвага. Малако, у якім знайшлі антыбіётыкі, выкарыстоўваецца для ўнутрыгаспадарчых патрэб.

На фермах пастаянна праводзяцца санітарныя дні, падчас якіх чысцяцца каровы, мыюцца сцены і малочнае абсталяванне.

Летась гатункам «экстра» паставілі перапрацоўшчыкам 80,3 працэнта малака. Усю прадукцыю адгружаем на Мінскі гармалзавод № 1. Мы даўно і плённа супрацоўнічаем з завадчанамі і не маем ніякіх узаемных прэтэнзій. Перапрацоўшчыкі кожны месяц прыязджаюць да нас з праверкамі. Не абыходзіцца і без некаторых заўваг, якія мы хутка стараемся выпраўляць.

– Поспех, зразумела, абумовілі людзі.

– Так. Стараюцца ўсе працаўнікі фермаў, і паказчыкі па кожнай практычна роўныя. Лепшых надояў за мінулы год дасягнулі жывёлаводы МТФ «Зарэчча». Вылучаюцца тут аператары машыннага даення Ларыса Статкевіч, Наталля Вазнюк і Любоў Клепчукова. На Засульскай ферме вышэйшы вынік маюць дзве Алены – Рубін і Райская. На Ячонскай сумленна шчыруюць дзве Таццяны – Саковіч і Чэмка, Ванда Фамішкіна і Наталля Храпіцкая. Ды і астатнія жывёлаводы рупяцца, уносяць немалы ўклад у агульную справу.

Нельга не адзначыць і нашых тэхнікаў-асемянатараў – яны ў ліку лепшых у раёне. Высокія паказчыкі па выхадзе цялят у вопытнай Галіны Канатка, маладых Валянціны Паляшчук і Аксаны Мельнікавай. Яны ствараюць задзел будучаму малаку. Дзякуючы іх майстэрству і шчыраванню мы маем магчымасць пастаянна абнаўляць дойны статак, а значыць, і павялічваць надоі малака. І ў студзені бягучага года справы у нас ладзяцца, работнікі малочнага цэха спрацавалі з прыбаўкай.

На здымку: тэхнік-асемянатар Аксана Мельнікава (злева) гутарыць з тэхнікам па ўліку Валянцінай Калкоўскай.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *