У сельгасарганізацыях

Нумары Сельская гаспадарка

08eЛідзія Дарафей рупіцца цялятніцай на МТК «Ніўнае» ААТ «Дзераўное». Лідзія Мікалаеўна пачынала працу ў жывёлагадоўчай галіне таварыства ў васьмідзясятыя гады. Па збегу прычын звольнілася і пэўны час не працавала ў гаспадарцы, але потым вярнулася і прыняла групу цялят. Работніца добрасумленная, старанна выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі. Гадаванцы ў групе Лідзіі Дарафей няблага прыбаўляюць у вазе. Вырошчвае яна іх да двухсоткілаграмовага ўзросту, а затым перадае на другі перыяд для далейшага адкорму. Лідзія Мікалаеўна за шчырую працу і добрыя паказчыкі адзначана падзячным пісьмом райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункам.

 

НА ЛІНЕЙКУ ГАТОЎНАСЦІ

Да каляндарнай вясны застаецца літаральна тры тыдні. Не паспеюць хлебаробы азірнуцца, як ужо трэба выходзіць у поле. Таму працаўнікі рамонтных майстэрняў сельгаспрадпрыемстваў раёна стараюцца паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці. Рамантуюцца энерганасычаныя трактары. Прыкладаюцца намаганні, адшукваюцца і фінансавыя сродкі для таго, каб адрамантаваць іх як мага хутчэй. Даводзяцца да ладу пасяўныя агрэгаты. З глебаапрацоўчых прылад ужо гатовы культыватары, у тым ліку шыроказахопныя, і чызелі. Хутчэй вядуць рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі майстры ААТ «Вішнявецкі-агра», «Вялікі Двор», Налібакі Агра», «Агранёманскі» і «Радзіма Якуба Коласа».

 

ТРАВАМ – ЗЯЛЁНАЕ СВЯТЛО

На сельгаспрадпрыемствах раёна шматгадовыя травы займаюць 20 працэнтаў у структуры ворыва. Як расказвае начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Барыс Барысевіч, за апошнія дзесяць гадоў паступова ўдалося вярнуць былыя пасяўныя плошчы пад травамі, якім зараз аддаецца прыярытэт. Насенняводствам шматгадовых траў пастаянна і на ўзроўні займаюцца ў ААТ «Вялікі Двор» і «Агранёманскі». Больш за іншых траў у структуры ворыва маюць ААТ «Рочавічы» і «Жацерава» – практычна трэцюю частку. У жацераўцаў на 70 працэнтах угоддзяў пераважаюць бабовыя кампаненты.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *