І роздум, і лірыка

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Па-ранейшаму сярод актыўных аўтараў газеты «Прамень» застаюцца юныя карэспандэнты Дзераўнянскай сярэдняй школы.

Наталля Чарнец паведаміла аб значнай падзеі, якая адбылася ў школе: «Атрад філалагічнага факультэта і тэатр «Жывое слова» з БДПУ імя М.Танка завітаў у Дзераўнянскую сярэднюю школу з вельмі цікавай праграмай. Студэнтаў гасцінна сустрэлі кіраўніцтва школы, навучэнцы і настаўнікі, а юныя экскурсаводы, навучэнцы 9 «Б» класа, разам са сваім кіраўніком Ганнай Іванаўнай Дзямянка правялі цікавую экскурсію па музеі «Стаўбцоўшчына літаратурная». У актавай зале ўвазе прысутных было прадстаўлена партфоліа навучэнкі 11 класа Таццяны Касцюкевіч. Яна агучыла свет уласных захапленняў, сярод якіх – кнігі, падарожжы, музыка, а пасля прадэманстравала сваё майстэрства. «Максімавы нашчадкі» ў сваю чаргу правялі прафарыентацыйную гутарку, паказалі канцэртную праграму. Напрыканцы сустрэчы быў зроблены сумесны фотаздымак, гасцям уручылі сувеніры, зробленыя рукамі членаў аб’яднання па інтарэсах «Фантазія».

Юлія Пугач расказала аб мерапрыемствах, прысвечаных Дню выратавальніка: «У нашай школе былі праведзены конкурсы дзіцячай творчасці па тэматыцы «Выратавальнікі вачыма дзяцей» і «Бяспека на вадзе вачыма дзяцей». У гэтых конкурсах прынялі ўдзел навучэнцы 7-10 класаў. Былі вызначаны пераможцы ў школьным конкурсе «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Работы Марыі Аржэўскай, Аксаны Пракаповіч, Лізаветы Грыгарцэвіч, Анастасіі Жодзік і Арсенія Гаптара адпраўлены на раённы конкурс.

Пераможцамі ў конкурсе «Бяспека на вадзе вачыма дзяцей» з’яўляюцца Надзея Трасцянка, Дзіяна Бычкевіч, Арсеній Гаптар».

Ёсць вельмі прыгожыя лірычныя радкі ў Юліі Падасецкай: «Я люблю пахадзіць у вольны час па вуліцах сваёй вёскі Ніўнае і паназіраць за маляўнічымі краявідамі нашай мясцовасці. Пушысты снег пакрыў бялюткім дываном дахі дамоў, дрэвы, зямлю. Матухна-прырода прыкрыла сваіх дзетак цёплай коўдрай і заснула сама, не звяртаючы ўвагі на тое, што жыццё бурна цячэ вакол яе. Мне прыемна ў такія ціхія зімовыя дні прайсціся з сябрамі на лыжах па сонным лесе. Непадалёку ад маёй хаты ёсць горка, з якой я са сваім малодшым братам Максімам катаемся на санках.

Не чуваць птушыных галасоў, бо яны даўно адляцелі ў цёплыя краіны. Засталіся зімаваць толькі вераб’і ды сінічкі. Я з Максімам пры дапамозе дзядулі Івана і матулі Алены зрабілі для птушак домікі і кармушкі. Кожны дзень мы сыплем у кармушкі зярняткі і крошкі хлеба. Так дапамагаем птушкам выжыць у цяжкіх зімовых умовах».

Вельмі разважліва піша Максім Прыгожы: «Суботні дзень у школе – дзень дзіцячай ініцыятывы і творчасці. І многія дзеці знаходзяць для сябе занятак.

Летам яны забаўляюцца з футбольным мячыкам, а зімой лепяць снегавікоў, катаюцца на каньках, санках, лыжах. А іншыя, на жаль, сядзяць у вольны час за камп’ютарам. Таму яны мала размаўляюць, становяцца замкнутымі. Каб пазбегнуць гэтых сімптомаў, патрэбна праявіць сябе ў творчых справах.

У мяне іншыя погляды на жыццё. Напрыклад, у суботні дзень я наведваю аб’яднанні па інтарэсах «Літаратурны ветразь» і «Юны карэспандэнт». Потым з сябрамі ідзём у камп’ютарны клуб. Займаючыся любімай справай, я заўважыў, што час пралятае вельмі хутка».

Чакаем новых пісьмаў нашых юных няштатных аўтараў. Ніводнае з іх не застанецца без увагі рэдакцыі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *