На спартыўных арэнах

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

08tСУМЕСНУЮ ЗАЯЎКУНА ЧЭМПІЯНАТ СВЕТУ ПА ХАКЕІПАДАЛІ БЕЛАРУСЬ І ЛАТВІЯ

Беларусь і Латвія падалі сумесную заяўку на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Аб гэтым паведаміў на спецыяльнай прэс-канферэнцыі старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі.

«Мінск знаходзіўся ў эпіцэнтры хакейнага свята ў 2014 годзе. На многіх кангрэсах ІІХФ да гэтага часу ўспамінаюць той турнір. Ідэя сумеснага чэмпіянату з Латвіяй узнікала якраз у 2014 годзе. Краіны з’яўляюцца добрымі партнёрамі ў многіх сферах, у спартыўнай найбольш яркае процістаянне заўсёды складвалася ў хакеі паміж мінскімі і рыжскімі дынамаўцамі. Упэўнены, што ўсё ў нас атрымаецца», – сказаў Ігар Рачкоўскі.

Адным з асноўных спарткомплексаў стане «Мінск-Арэна», на якой праводзіўся ўжо фінал сусветнага форуму ў 2014 годзе. На думку мэра сталіцы Андрэя Шорца, горад гатовы зноў прыняць лепшых хакеістаў планеты. «Улічваючы існуючы вопыт у правядзенні міжнародных спаборніцтваў, мы былі б рады, каб чэмпіянат у 2021 годзе прайшоў у Мінску і Рызе», – адзначыў Андрэй Шорац.

У мінскай гарадской ратушы адбылося падпісанне пагаднення аб сумесным правядзенні сусветнага форуму 2021 года. Беларусь і Латвія паспрачаюцца за права правядзення турніру з Фінляндыяй. Канчатковае рашэнне аб месцы правядзення чэмпіянату будзе прынята 19 мая 2017 года ў Кёльне на кангрэсе ІІХФ.

Упершыню чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску прайшоў у 2014-м, а Латвія станавілася гаспадыняй турніру ў 2006 годзе.

БелТА

 

ЛЁГКААТЛЕТЫ ТРЫМАЮЦЬ МАРКУ

Вынікі першынства вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2000-2001 гадоў нараджэння зноў пацвердзілі належны ўзровень падрыхтоўкі і перспектыву нашых юных спартсменаў.

У скачках у даўжыню ўсіх апярэдзіў Андрэй Ліпніцкі. Другі вынік таксама ў члена каманды Стаўбцоўшчыны Станіслава Баханкова. А вось у трайным скачку Станіслаў стаў мацнейшым.

Аляксей Вяршынін у бегу на дыстанцыі 1500 метраў зноў даказаў, што яму няма роўных. Павел Грыгаровіч стаў чэмпіёнам вобласці ў штурханні ядра.

Дзве ўзнагароды ў Дзяніса Дзямянкі: за другое месца ў бегу на 2000 метраў з перашкодамі і за трэцяе – у гладкім бегу на тры кіламетры. Другім прызёрам стала Карына Уліч у штурханні ядра. Трэція, «бронзавыя», вынікі ў Ксеніі Гацура ў бегу на 400 метраў і ў Вікторыі Кожыч (трайны скачок).

Нашы спартсмены занялі другое агульнакаманднае месца ў гэтых спаборніцтвах. Толькі на адно ачко апярэдзілі стаўбчан іх сапернікі з Маладзечна.

Зноў паказвае свой прафесіяналізм трэнер ДЮСШ Анатоль Турчановіч. Удзел у падрыхтоўцы каманды прымалі таксама Кірыл Луцэвіч і Хрысціна Канавалава.

 

ФУТЗАЛ – У ЗАЛЕ ФАКА

Можна сказаць, рэспубліканскай арэнай для спаборніцтваў па футзале стаў стаўбцоўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Па кругавой сістэме праводзіцца чэмпіянат Беларусі ў гэтым відзе спартыўных гульняў. І стаўбчане мелі магчымасць назіраць за выступленнямі самых моцных камандаў па футзале з Брэста, Гомеля, Мінска, Бабруйска. А вось лідарства ў кампаніі васьмі ўдзельнікаў турніру пасля трох тураў захапіла каманда «Будаўнік» з Чэрвеня.

Каманда з гэтага раённага цэнтра паспяхова рухаецца і па маршруце розыгрышу футзальнага Кубка Беларусі, выйшла ў фінал. Прыгадаем, што ў чвэрцьфінале розыгрышу прайграў і выбыў з турніру стаўбцоўскі «Нёман». Спадзяёмся, што ў далейшым стаўбчане будуць вітаць пераможныя выступленні сваёй каманды.

 

У НЯСВІЖЫ – ДРУГІЯ

Міні-футбол таксама любімы аматарамі як дынамічная, тэхнічная гульня з багаццем галоў і эмоцый. Выхаванцы Стаўбцоўскай ДЮСШ, якіх рыхтуе трэнер Дзмітрый Даўбейка, памераліся сіламі ў міні-футболе з сапернікамі з Валожына, Клецка і Нясвіжа. На паркеце залы ў Нясвіжы юныя стаўбчане адолелі першых двух сапернікаў, аднак гаспадарам уступілі. У выніку – другое месца.

Будуць і перамогі, бо спартыўная база ў Стоўбцах, улічваючы і ФАК, і штучнае пакрыццё стадыёна «Юнацтва», добрая. Справа за трэнерамі і ігракамі.

Ф. ФЯДОТАЎ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *