Стаўбцоўшчына. У калектывах

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

11bДЫПЛАМАТЫЯ ВЫТВОРЦАЎ

Знаёмства са Стаўбцоўскім філіялам ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» заўсёды завяршаецца ля гэтага прэзентацыйнага стэнда – з выстаўкай гатовай прадукцыі і яе дэгустацыяй, рэкламнымі буклетамі, прадстаўленнем уласнага брэнда «Для друзей» і т. п.

«Дзяжурства» тут нясуць, як правіла, вопытныя спецыялісты-тэхнолагі, кампетэнтныя даць адказ на любое пытанне. Тым больш, што вельмі часта наведваюць філіял розныя дэлегацыі, у тым ліку і замежныя, у рамках абмену вопытам, завязвання дзелавых кантактаў, знаёмства з эканомікай рэспублікі. У іх складзе – калегі-перапрацоўшчыкі, патэнцыяльныя партнёры, кіруючыя работнікі, дыпламаты, журналісты.

Філіялу, які да нядаўняга часу працаваў як Стаўбцоўскі садавіна-агароднінны завод, сёння сапраўды ёсць чым зацікавіць. На заводзе прайшла мадэрнізацыя, і гэта дазволіла перайсці на выпуск натуральных сокаў і нектараў у зручнай сучаснай упакоўцы, рэалізаваць імпартазамяшчальны праект па выпуску фруктова-ягадных напаўняльнікаў, выйсці са сваёй запатрабаванай прадукцыяй на рынкі Расійскай Федэрацыі і іншых краін. Бадай, самы эксклюзіўны геаграфічны варыянт зафіксаваны ў мінулым годзе і звязаны з сезонным продажам бярозавага соку і морсу з чорнай парэчкі ў Амерыку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

А ПЕДАГОГАЎ – ЦЭЛЫ КЛАСС

У ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы» прайшло пасвячэнне вучняў 10 «А» класа ў профільны клас педагагічнай накіраванасці.

Дэвіз тых, хто хоча стаць педагогам, – «Настаўнік – прафесія не з лёгкіх». Для авалодання ёю трэба добра вучыцца, дапамагаць слабейшым, быць настойлівым і рознабаковым, гатовым да цяжкасцяў… Павіншаваць і падтрымаць моладзь у яе выбары будучай прафесіі прыйшлі педагогі школы, бацькі, а таксама выпускнікі профільнага 11 «А» класа педагагічнай накіраванасці. З наказам і пажаданнямі звярнулася дырэктар школы А. М. Лось, якая падкрэсліла, што настаўнік – галоўная на зямлі прафесія, і гэтае званне дасягаецца працай і глыбокімі ведамі. Сярод гасцей, якія віншавалі вучняў з пасвячэннем, былі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І. М. Язвінская, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Т. С. Новак, першы сакратар раённага камітэта БРСМ А. В. Калодзінская. Словы падтрымкі выказаў у гэты ўрачысты дзень В. У. Рыжых, дырэктарскім наватарствам якога ў нашай школе былі адкрыты ў свой час першыя педагагічныя класы.

Расказалі пра сябе і віноўнікі ўрачыстасці. У сваёй творчай прэзентацыі яны падзяліліся захапленнямі і марамі пра будучыню, поспехамі і дасягненнямі, а з дапамогай яркіх музычных і танцавальных нумароў даказалі, якія таленты маюць. Кранальным момантам стала прыняцце ўрачыстай клятвы, якую зачыталі студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.

Рэч у тым, што студэнты і выкладчыкі гэтай галоўнай педагагічнай ВНУ краіны акурат завіталі на Стаўбцоўшчыну ў якасці ўдзельнікаў 52-га Зорнага паходу студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Шаноўныя госці пазнаёміліся з гісторыяй і традыцыямі школы, абмяняліся думкамі і ідэямі з вучнямі 9-11 класаў. Сімвалічна, што ўсіх, хто атрымаў пасвячэнне ў педагогі, віншавалі дэкан філалагічнага факультэта БДПУ імя М.Танка В. Д. Старычонак, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі С. У. Якавенка, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта С. А. Сычова.

Алена БАГДАНОВІЧ,намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце

 

ДАРОЖНІКІ – ДЗІЦЯЧАМУ САДУ

На працягу апошніх гадоў цесныя шэфскія сувязі звязваюць дзіцячы сад № 4 г. Стоўбцы і ДЭУ № 62.

Адміністрацыя дзіцячай дашкольнай установы ведае, што дырэктар ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык выручыць з любой просьбай. Так, мінулай восенню дапамог з дастаўкай з ААТ «Агранёманскі» гародніны для харчавання дзяцей, а таксама з навядзеннем парадку вакол дзіцячага сада. Дарожнікамі былі спілены і вывезены старыя галіны дрэў, апалае лісце. Шэфская дапамога не спыняецца і цяпер, у зімовы перыяд. У дзіцячы сад ужо тройчы накіроўвала трактар ДЭУ – для ачысткі тэрыторыі ад снегу.

На будучую вясну ёсць дамоўленасць з шэфамі аб рамонце дзіцячай спартыўнай пляцоўкі, ямачным рамонце асфальтаванага пакрыцця.    

 

ДА НОВЫХ ВУЛІЦ

Сувязістамі раёна праведзена значная работа па пракладцы ліній сувязі да новых вуліц, якія за апошнія гады выраслі ў сельскіх населеных пунктах.

Новыя дамы сядзібнага тыпу ў Новай Вёсцы, Горках, Гнецьках, Любкаўшчыне, Вішняўцы, узведзеныя гаспадаркамі па прэзідэнцкай праграме для сваіх спецыялістаў, аснашчаны не толькі бытавымі зручнасцямі, а і сучаснай сувяззю, з перспектывай падключэння дадатковых паслуг.      

Сувязісты пашырылі магчымасці і для сваіх абанентаў, якія пражываюць у мікрараёнах райцэнтра (да прыкладу, у раёне былога дрэваапрацоўчага камбіната Акінчыцаў, а таксама часткі Задвор’я), дзе пабудаваны тэлефонныя станцыі. У гэтым годзе запланавана будаўніцтва вузла сеткі перадачы даных, абанентамі якога стануць жыхары стаўбцоўскіх вуліц за чыгуначнымі пуцямі і часткова – Задвор’я.

 

ЭЛЕКТРОННЫЯ СТАНЦЫІ

Работнікі Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі завяршаюць работы ў Тонаве, дзе са здачай аб’екта адыдзе ў небыццё апошняя на тэрыторыі раёна каардынатная станцыя.

У раёне сёння функцыянуюць 38 тэлефонных станцый, і ўсе яны – сучаснага лічбавага ўзору, якія прадастаўляюць абанентам якасна новы ўзровень сувязі і шырокі спектр дадатковых паслуг.

Як зазначыў начальнік занальнага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі, ёмістасць новай станцыі ў Тонаве разлічана на 128 нумароў (раней было 100 нумароў), але фактычна рэзерв яе не абмежаваны і пры неабходнасці можа быць папоўнены на патрэбную колькасць нумароў.

Пр

 

ДРУЖЫМ З ЗАКОНАМ

Раённым выканаўчым камітэтам зацверджана распараджэнне аб правядзенні на Стаўбцоўшчыне раённай міжведамаснай прафілактычнай акцыі «Дружым з Законам!»

– Акцыя праводзіцца з 6 па 24 лютага, у два этапы, носіць міжведамасны характар і прызвана мабілізаваць адміністрацыйныя, сацыяльна-грамадскія рэсурсы для вырашэння праблем, звязаных з прафілактыкай правапарушэнняў сярод непаўналетніх, – зазначае намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.

Раённая камісія па справах непаўналетніх выступае арганізатарам і каардынатарам данай акцыі ў цесным узаемадзеянні з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, райаддзелам міліцыі, цэнтральнай раённай бальніцай, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, раённым камітэтам БРСМ і інш.

Мерапрыемствы акцыі ўключаюць класныя гадзіны, віктарыны і конкурсы па прававым выхаванні, у тым ліку накіраваныя супраць п’янства, наркаманіі, ужывання псіхатропных рэчываў, на папярэджанне палавой недатыкальнасці непаўналетніх і фарміраванне ў іх бяспечных паводзін у інтэрнэт-прасторы, а таксама кансультацыі спецыялістаў, прэзентацыі гурткоў і секцый і т. п. Сталі добрай традыцыяй таварыскія сустрэчы па міні-футболе і валейболе непаўналетніх і супрацоўнікаў інспекцыі.

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Мілана Вабішчэвіч, Крысціна Краўчук, Кірыл Крупеньчык, Максім Быкаў, Мацвей Бельскі, Даніла Мазура, Ганна Райская і Герман Прыбыш.

Зямны шлях закончыўся для дзевяці жыхароў раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЭЛЕКТРОННАЯ ШКОЛА

Да канца 2016 года тэрыторыі ўсіх трох школ райцэнтра ўвайшлі ў тэрыторыю Wi-Fi. Адной з першых на Стаўбцоўшчыне і нават у Мінскай вобласці была СШ № 2.

У бліжэйшы час такая магчымасць ёсць і ў адной з сельскіх школ раёна – Мікалаеўшчынскай.

– Завяршыўся першы этап падключэння школ да оптыка-валаконных ліній сувязі, за ім будзе і другі, які ахопіць усе сельскія школы, – тлумачыць начальнік Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі.

Адным са сведчанняў шырокага карыстання сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і паслугамі служыць тое, што ў стаўбцоўскіх школьнікаў сталі з’яўляцца электронныя дзённікі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *