Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна, без выездаў на вогненныя здарэнні.

Міліцыяй зарэгістравана 76 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. З дома новасвяржаніна прапала больш за 7,6 тысячы долараў ЗША і 1100 расійскіх рублёў. У Аталезі грамадзянін у групе з малалетнім двойчы абрабаваў кватэру, адкуль вынес рознай маёмасці больш чым на 130 рублёў. Злодзей паквапіўся на музычны цэнтр, швейную электрычную машыну і іншыя рэчы ў дачным доме ў Стоўбцах. Нецвярозы хуліган на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства «Олтуол» у Новым Свержані выстраліў у твар пацярпеламу з пнеўматычнай зброі.

Суд пазбавіў волі на 1,3 года 30-гадовую стаўбчанку, раней судзімую, якая парушыла правілы прэвентыўнага нагляду – змяніла месца жыхарства без ведама органаў унутраных спраў. На год адпраўлены за турэмныя краты 20-гадовы жыхар Пухавіцкага раёна – за паўторны крадзеж, які ўчыніў у доме жыхара Ругайца. Да 120 гадзін грамадскіх работ асуджана 23-гадовая жыхарка Жыгалак: будучы абавязанай асобай, яна наўмысна ўхілялася ад кампенсацыі выдаткаў, якія затрачвае дзяржава на ўтрыманне яе непаўналетніх дзяцей.  

ДАІ выявіла 179 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – восем вадзіцеляў-бяспраўнікаў і 39 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана шэсць дарожна-транспартных здарэнняў, у адным з іх пацярпеў пасажыр. 6-га лютага каля 16.15 вадзіцель легкавога аўтамабіля «Хонда-акорд» на 8-м км аўтадарогі Стоўбцы – Мір (на выездзе са Стаўбцоўскага раёна) ажыццявіў на абазначаным скрыжаванні манеўр абгону з парушэннем правілаў дарожнага руху, у выніку чаго сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем МАЗ з паўпрычэпам. Пасажыр легкавіка атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены ў Карэліцкую ЦРБ.

«Хуткая» выязджала да хворых 268 разоў, у тым ліку тры выклікі паступілі да асоб у стане алкагольнага ап’янення.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *