Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

11cПЕРАЙМАЦЬ ВОПЫТ КАЛЕГ І ПЛЁННА ПРАЦАВАЦЬ

У мінулую суботу на базе ААТ «Рубяжэвічы» прайшоў семінар-вучоба з удзелам кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна, дырэктараў арганізацый, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, апарату кіравання і галоўных спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікоў арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму аграпрама.

Мэта такіх мерапрыемстваў –не толькі паказаць станоўчыя прыклады работы ў жывёлагадоўчай галіне, а таксама выявіць недахопы для таго, каб як мага хутчэй іх ухіліць. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, неабходна ўкараняць сучасныя, найбольш прагрэсіўныя метады работы, што дазволіць атрымліваць найбольшую аддачу. Кіраўнік раёна засяродзіў увагу на тым, што на жывёлагадоўчых фермах гаспадарак, на жаль, яшчэ нямала хібаў у тэхналогіі вытворчасці малака і мяса. А для таго каб атрымаць жаданы вынік, у першую чаргу трэба да гэтага імкнуцца. І добрасумленна працаваць, пераймаючы перадавы вопыт у такіх гаспадарках, як ААТ «Вялікі Двор» і ТАА «СЖК «Налібакі», дзе з году ў год жывёлаводы атрымліваюць высокія паказчыкі.  

Юрый Мікалаевіч згадаў, што гэта не новая форма работы, падобныя семінары праводзяцца пастаянна. Прычым на розныя тэмы. Увага ўдзяляецца культуры земляробства, якасці сяўбы і жніва, нарыхтоўцы кармоў. Але сёлета акрамя сельскагаспадарчых вытворчых аб’ектаў будуць наведаны і сацыяльныя. А іменна, у полі зроку кіраўніцтва раёна работа на вёсцы гандлёвых кропак, аб’ектаў бытавых паслуг і культуры. Падкрэслівалася, што ў магазінах, якія ўваходзяць у сістэму райспажыўтаварыства, недастаткова асартыменту тавараў паўсядзённага попыту, а людзі павінны быць імі забяспечаны. Павелічэнне тавараабароту – галоўны фактар у выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Першы прыпынак маршруту семінара – прадуктовы магазін у Рубяжэвічах. У гандлёвай зале чысціня і парадак, на ўзроўні культура абслугоўвання. Як падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Ірына Пашкевіч – гэта адзін з лепшых магазінаў раёна. Аднак некаторыя тавары тут адсутнічалі. Не задаволіў кіраўніка раёна і асартымент каўбасных вырабаў. У прыватнасці, на вітрыне не было прадукцыі Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната. Юрый Горлаў даручыў старшыні праўлення райспажыўтаварыства арганізаваць дастаўку ў магазіны данага віду мясной прадукцыі.

Затым удзельнікі мерапрыемства пабывалі на малочнатаварных фермах сельгаставарыства. У зімовы перыяд асноўная работа ў сельскай гаспадарцы прыходзіцца менавіта на гэтую галіну. Напярэдадні аб’езду вытворчых аб’ектаў старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу на тым, што губернатар вобласці патрабуе навесці на фермах элементарны парадак, бо, як вядома, там, дзе няма парадку, – няма і прадукцыі. Прыкладаюць старанні ў гэтым плане і рубяжэвіцкія жывёлаводы, але паказчыкі іх работы невысокія, улічваючы той факт, што травяных кармоў у гаспадарцы нарыхтавана дастаткова. Значыць, прысутнічаюць іншыя прычыны. Аб парушэннях у тэхналогіі вытворчасці малака гаварылася падчас наведвання МТФ «Гнецькі». Не выдзяляюцца тут у асобныя групы сухастойныя каровы і цялушкі. Былі зроблены заўвагі і наконт вырошчвання цялят. Для ўтрымання маленькіх гадаванцаў неабходна будаваць адпаведныя прафілакторыі, дзе кожнай жывёліне павінна быць адведзена індывідуальная клетка. Дарэчы, летась у гаспадарках раёна пабудавана 27 такіх жывёлагадоўчых памяшканняў. Прыкладам служыць ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе на МТК «Пагарэлае» ўведзены ў строй новы «клюшачнік», у якім выкарыстаны сучасныя будаўнічыя матэрыялы, абсталяванне і тэхналогіі. Сёлета плануецца пабудаваць яшчэ сямнаццаць прафілакторыяў. Аднак і гэтага будзе недастаткова, таму ўсім кіраўнікам гаспадарак трэба сур’ёзна парупіцца ў даным накірунку. Асаблівая ўвага была закцэнтавана на рацыёнах кармлення, якія павінны быць паўнацэннымі і ўтрымліваць усе неабходныя для жыццядзейнасці жывёлы рэчывы. Толькі ў такім выпадку можна атрымліваць высокія надоі малака і важкія прывагі жывёлы.

На МТК «Тонава» зайшлі ў памяшканне, дзе ўтрымліваюцца дойныя каровы. Летась тут была праведзена вялікая работа – рэканструяваны дах, практычна палову якога накрылі празрыстым шыферам. Цяпер у кароўніку стала светла і жывёлаводам зручна працаваць. У двух сельгаставарыствах раёна ёсць такія ж памяшканні, якія патрабуюць падобнай рэканструкцыі. А вось цялятам трэба стварыць лепшыя ўмовы, бо вільготны мікраклімат і скучанасць негатыўна ўплываюць на іх здароўе, а значыць, і на прывагі. На МТФ «Новыя Рубяжэвічы» наведалі радзільнае аддзяленне. Пабывалі ў новым «клюшачніку» і прафілакторыі, дзе былі адзначаны як станоўчыя, так і адмоўныя моманты. Падчас аб’езду фермаў свае заўвагі аб рабоце жывёлагадоўчай галіны таварыства выказаў і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Ён адзначыў, што слабае звяно тут – адсутнасць кантролю за работай падначаленых, ад радавых працаўнікоў да галоўных спецыялістаў.

Затым у мясцовым Доме культуры адбылося пасяджэнне, на якім разгледзелі шэраг надзённых пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Галоўныя з іх – разлікі за набытую тэхніку, павелічэнне заработнай платы. Вялася размова аб гатоўнасці тэхнікі да веснавых палявых работ. Удзялялася ўвага навядзенню парадку на малочнатаварных фермах, наяўнасці кантэйнераў і заключэнні дагавораў на вываз смецця, забяспечанасці работнікаў спецадзеннем, рабоце аўтаматыкі на воданапорных вежах.

Вынікі семінара падвёў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, які падкрэсліў, што карысць ад праведзеных семінараў відавочная. Гэта падштурхоўвае людзей наводзіць парадак. Для кіраўнікоў гэта павучальна, яны стараюцца ўкараніць у сваіх гаспадарках усё лепшае з пачутага і ўбачанага. У лютым запланавана правесці нараду па выніках работы жывёлагадоўчай галіны за студзень, з запрашэннем не толькі кіраўнікоў, а і галоўных спецыялістаў галіны, брыгадзіраў фермаў.

 

РАМАНТУЮЦЬ МАЛОЧНЫЯ БЛОКІ

Гэтымі днямі на фермах ААТ «Каганец» вядзецца рамонт малочных блокаў. Пастаўлена задача навесці ў даных вытворчых памяшканнях адмысловы парадак. Не толькі якасць малака ў кіраўніцтва гаспадаркі на першым плане, а і клопат аб людзях таксама – ім ствараюцца спрыяльныя ўмовы для работы. Зразумела, жывёлаводам прыемней будзе працаваць у адноўленых малочных. Рамонт выконвае мясцовая будаўнічая брыгада. Падшываецца сайдынгам столь. Такім жа матэрыялам будуць абліцаваны і сцены ў калідорах. Падлогу плануецца заліць бетонам, магчыма і ўкладка пліткі. І ў малочных, дзе, да таго ж, плануецца замяніць ракавіны, і ў калідорах зманціравана энергазберагальнае асвятленне. Варта адзначыць, што папярэдне на вытворчых аб’ектах былі прыведзены ў належны санітарны стан бытоўкі, зроблены цёплыя туалеты.

 

ПАБУДАВАЛІ ДОМ ЖЫВЁЛАВОДА

На МТФ «Заброддзе» ААТ «Дзераўное» летась завяршылася будаўніцтва Дома жывёлавода. Будынак невялікі, але ўтульны. Унутраную аддзелку зрабілі самі працаўнікі фермы. Яны паклеілі шпалеры, пафарбавалі падлогу, выканалі іншыя работы. У памяшканні цёпла, бо яго абаграваюць дзве печы. У брыгадзіра фермы і ветурача цяпер асобныя кабінеты. Ды і работнікам фермы ёсць дзе адпачыць, пагрэцца, выпіць кубачак чаю або кавы. Тут жывёлаводы збіраюцца на сходы, каб абмеркаваць праблемы, павіншаваць перадавікоў з працоўнай перамогай.

 

З ПРЫБАЎКАЙ

Ладзяцца справы ў жывёлаводаў ТАА «СЖК «Налібакі». Працаўнікі фермаў працуюць з прыбаўкай і сёлета. За студзень надоена 756 тон малака, што на пяць працэнтаў вышэй, чым летась. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 706 кілаграмаў малака – на 15 кілаграмаў больш за мінулагодні вынік. Варта адзначыць, што летась работнікі малочнага цэха таварыства надаілі ад каровы па 8412 кілаграмаў і сталі лідарамі па гэтым паказчыку ў раёне. Сярод вытворчых падраздзяленняў сёлета на першае месца выйшла МТФ «Цэнтр» (брыгадзір Ірына Жвірбля), дзе надой склаў 733 кілаграмы. Тут утрымліваецца самае вялікае пагалоўе дойных кароў. Лідзіруе ў асабістым спаборніцтве аператар машыннага даення гэтай фермы Наталля Банадысева, якая атрымала па 789 кілаграмаў ад каровы. На другім і трэцім месцах Алена Гаптар (МТФ «Пруды») і Святлана Рынкевіч (МТФ «Церабейнае») з вынікамі 767 і 742 кілаграмы.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *