Цяпло ў цэхі – з зямлі

Год навукі Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Пры наведванні СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», аднаго з прадпрыемстваў Стаўбцоўшчыны, якое вырабляе гандлёвае халадзільнае абсталяванне, сапраўднай сенсацыяй стаў нават не выпуск новых відаў прадукцыі і яе рэалізацыя ў Казахстан, Расійскую Федэрацыю аж да Новасібірска, а рэчы куды больш прыземленыя, лакальныя. У першую чаргу яны датычаць сістэмы ацяплення прадпрыемства.

Больш падрабязна на гэтую тэму расказвае намеснік дырэктара па будаўніцтве Генадзій СЕЙ:

– Абодва нашы цэхі абаграваюцца за кошт геатэрмальнага ацяплення. Каля кожнага цэха на глыбіні прыкладна 100 м прабурана два дзясяткі свідравін. Яны завязаны на балансіровачны калодзеж. Такім чынам ажыццяўляецца забор цяпла з нетраў зямлі, у іх тэмпература круглы год пастаянная. Цяпло акумуліруецца і падаецца для ацяплення цэхаў. Сам працэс ацяплення адбываецца за кошт цёплай падлогі і цеплавентылятараў.

– Раскажыце, якая патрэба прадпрыемства ў цяпле?

– Патрэба ў цяпле складае прыкладна 100 кВт. У нас працуюць два цэхі. Першы ўведзены ў строй у 2013 годзе, другі – у 2016. У іх ідзе зборка халадзільнага абсталявання. І ў новым, і ў старым цэху ўстаноўлены паліўныя помпы. Адну з іх набылі швейцарскай вытворчасці, другую – сабралі ўласнымі сіламі. Самі спраектавалі яе, як і цёплую падлогу, ажыццявілі мантаж.

– Які вынік атрымаўся?

– Вынік нядрэнны: з 1 кВт затрачанай электраэнергіі выходзіць 4 кВт цеплавой энергіі. Сёння, да прыкладу, пры начной надворнай тэмпературы паветра мінус 20 оС, вада «вярнулася» з зямлі нагрэтай да чатырох градусаў цяпла. Розніца тэмператур пададзенага і атрыманага цепланосьбіта складае ў сярэднім пяць градусаў. На даны момант браць цяпло з зямлі – адна з самых прагрэсіўных тэхналогій ацяплення. Такім спосабам, між іншым, абаграваюцца і два нашы суседнія прыватныя прадпрыемствы. Наша прадпрыемства можа аказваць суб’ектам гаспадарання паслугі па вырабе паліўных помпаў.

– Ваша кацельня зусім не падобна на кацельню. Месца займае нямнога і абсталяваннем абсалютна не загрувашчана. Гэтых магутнасцяў дастаткова для забеспячэння камфортнай тэмпературы ў цэхах?

– Акрамя цёплай падлогі, мы дадаткова выкарыстоўваем рэкуперацыю цяпла з тэхналагічнага абсталявання – аўтаматаў, пафарбовачнай камеры. Высветлілася, што кампрэсар фірмы «Кайзер» з дапамогай вадкаснага рэкуператара «дзеліцца» 33 кВт цеплавой энергіі, якая расходуецца на ацяпленне офіса і нагрэў вады ў душавых.

Вытворчы працэс наладжаны вельмі прадукцыйна – за дзень збіраем 20-30 халадзільных вітрын. На склад не працуем, а толькі на ўмовах папярэдняй аплаты, па індывідуальных заказах. У мінулым годзе аб’ём рэалізацыі прадукцыі склаў 11 мільёнаў 300 тысяч еўра. Адгрузкі на беларускі рынак – на два мільёны еўра, астатняе – у Расійскую Федэрацыю, Казахстан. На рынку наша прадпрыемства ўжо шэсць гадоў. Пакуль яно адзінае ў Беларусі, якое мае міжнародны сертыфікат аб тэмпературных характарыстыках любой з паліцаў, кожнага квадратнага сантыметра плошчы халадзільніка.

– Падлікі атрыманай эканоміі можаце агучыць?

– Эканомія за кошт цяпла з зямлі значная. У 2016 годзе, пасля таго, як наша прадпрыемства адмовілася ад паслуг ацяплення, што аказваюцца старонняй арганізацыяй, і перайшло на геатэрмальнае ацяпленне, спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў на адзінку выпушчанай прадукцыі зменшылася з 90 кг умоўнага паліва да 62 кг. Спадзяёмся, што праект акупіць сябе за 2,5-3 гады.  

На здымку: у цэхах прадпрыемства камфортныя для працаўнікоў умовы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *