Прайшлі вечары-сустрэчы

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

ПРАЗ ГАДЫ –У РОДНАЙ ШКОЛЕ

Ужо стала добрай традыцыяй у першую суботу лютага праводзіць вечары сустрэчы. Падрыхтоўка да вечара сустрэчы з выпускнікамі ў Дзераўнянскай сярэдняй школе пачалася яшчэ ў лістападзе. Кожны класны калектыў заняўся пошукавай работай: навучэнцы наладжвалі кантакт з выпускнікамі, якія сёлета адзначалі юбілей пасля заканчэння школы.

І вось установа адукацыі гасцінна адчыніла свае дзверы выпускнікам мінулых гадоў, якія працуюць у розных сферах грамадства. Як прыемна сустрэць суседа па парце праз 5,10, а то і 40, 50, нават праз 60 гадоў пасля выпускнога балю, даведацца, як склалася жыццё аднакласнікаў, убачыць любімых настаўнікаў.

60-гадовыя юбіляры-выпускнікі, маючы даволі шаноўны ўзрост, у школу не прыйшлі. Класны кіраўнік першага выпуску Дзераўнянскай школы Валянціна Іосіфаўна Абрамовіч дала інтэрв’ю навучэнцам, у якім расказала пра свой першы выпуск і дала наказ будучым выпускнікам школы.

Сярод 50-гадовых юбіляраў прысутнічалі М. В. Сахар, былы кіраўнік ПМК-74, Д. І. Кахновіч, былая настаўніца Дзераўнянскай сярэдняй школы.

На вечары сустрэчы прысутнічалі 40-гадовыя юбіляры, сярод якіх павінен быў быць біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка. Але так склаліся абставіны, што ён знаходзіўся за мяжой у камандзіроўцы. Цёплыя ж словы віншавання ён перадаў праз сваю аднакласніцу.

Самымі актыўнымі аказаліся 35-, 30-, 20-, 5-гадовыя юбіляры. На вечар сустрэчы выпускнікі з’ехаліся з розных куткоў, нават з-за мяжы. 35-гадовая юбілярка Т. К. Жаркевіч прыляцела нават з Камсамольска-на-Амуры.

Для выпускнікоў мінулых гадоў сіламі навучэнцаў 11 класа пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Людмілы Навіцкай, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляўціны Сянько, музычнага кіраўніка Марыны Авязавай была падрыхтавана канцэртная віншавальная праграма. У гэты вечар выпускнікам мінулых гадоў была дадзена магчымасць выказаць словы ўдзячнасці сваёй роднай школе, якая выпусціла іх у светлую жыццёвую дарогу, сваім любімым настаўнікам-прадметнікам, першым настаўнікам і класным кіраўнікам, многія з якіх знаходзяцца на заслужаным адпачынку. На сустрэчу са сваімі аднакласнікамі і любімымі настаўнікамі прыйшлі 148 выпускнікоў.

Пасля канцэртнай праграмы выпускнікі разам са сваімі былымі класнымі кіраўнікамі разышліся па кабінетах, якія былі загадзя па-святочнаму аформлены, і правялі класныя гадзіны па тэме «Сустрэча праз гады».

Леакадзія КАРОТКАЯ,кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ

 

УСЕ МЫ РОДАМЗ ДЗЯЦІНСТВА…

Першая субота лютага – нібы пазыўны сігнал для кожнага, які кліча ўсіх нас у родную школу, у дзяцінства. Вось і наша Шашкоўская школа гасцінна расчыніла дзверы для сваіх выпускнікоў. Для школы не бывае былых вучняў. Колькі б ні мінула гадоў, мы назаўсёды застаёмся тут гарэзлівымі і дапытлівымі дзецьмі: Пецямі і Танямі, Светамі і Ванямі.

Руплівымі намаганнямі адзінаццацікласнікаў прыбраная школа вітала сваіх ранейшых вучняў. Нібы птушкі з далёкага выраю, зляталіся ў родную школу з розных куточкаў яе выпускнікі.

Першымі адкрывалі старонку ўспамінаў 40-гадовыя выпускнікі-юбіляры. Шчырымі і цёплымі словамі падзякі роднай школе і ўсяму педагагічнаму калектыву прагучала іх выступленне. Не многа і не мала – 10 чалавек змаглі выкраіць час і наведаць гэтым вечарам сваю школу, сустрэцца са школьнымі сябрамі, з былым класным кіраўніком і настаўнікамі.

35-гадовыя юбіляры-выпускнікі дзяліліся сваімі ўспамінамі, сардэчна дзякавалі педкалектыву. Не забыліся яны і пра будучых выпускнікоў, выпускнікоў 2017 года. Імянны торт і памятныя сувеніры адзінаццацікласнікам былі шчырым падарункам за цудоўную і яркую праграму, падрыхтаваную імі.

30- і 25-гадовыя юбіляры-выпускнікі таксама прыйшлі ў школу з падарункамі і падрыхтаванымі прывітальнымі відэаімпрэзамі ад сваіх класаў.  

Дваццацігадовыя, пятнаццацігадовыя, дзесяцігадовыя і пяцігадовыя юбіляры-выпускнікі змянялі адзін аднаго на сцэне. Гучалі песні, заварожвалі танцавальныя рытмы, стваралі вясёлую атмасферу трапныя гумарэскі і жарты.

Нібы стужка кіналенты, мільгалі дзесяцігоддзі школьнага жыцця. Успаміны краналі сэрца і душу кожнага прысутнага, і перад імі адступалі лютаўскія халады.

Лідзія МАЗУРКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *