Павучыцца вернасці

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

Мой дзядуля Пятро заўсёды вельмі ўдалы апавядальнік: гадзінамі можа расказваць розныя гісторыі са свайго жыцця. А я, здаецца, слухаў бы і слухаў, таму што вельмі ўсё цікава і запамінальна.

Учора, націскаючы кнопкі на пульце тэлевізара, выпадкова натрапіў на перадачу пра сабак. Верныя, надзейныя сябры, яны тонка адчуваюць настрой, фізічны стан чалавека. Ды і ўвогуле, у паводзінах братоў нашых меншых ёсць нешта таямнічае, нават містычнае.

Адразу прыгадаў гісторыю дзядулі пра Дзіну. Пасля смерці бацькоў засталася дзеду разам з яго сёстрамі ў спадчыну хаціна ў роднай вёсцы. Некалькі яблыняў, вішні, кусты парэчак, радкі бульбы, агуркі ды кроп… Нічога асаблівага, як усюды і заўсёды, калі не лічыць шчырых, шчымлівых успамінаў.

Ніяк радня не магла дамовіцца: ці то прадаваць хатку камусьці пад лецішча, ці пакарыстацца яшчэ самім – зяленіва якое вырасціць. Зямля ж там вельмі ўрадлівая.

Аднойчы на Радаўніцу вяртаўся дзядуля з могілак, бацькоў наведваў. Увязаўся за ім нейкі незнаёмы сабака, вялізны, шэры, жывот жаўтаваты, лапы белыя. Вушы стаяць, як у аўчаркі, а хвост смешны, калматы, абаранкам. Дварняк. Але дагледжаны, поўсць бліскучая, чыстая. Ці то згубіўся, ці то збег адкуль…

Дзядулю адразу ўразіў яго погляд, такі праніклівы, сур’ёзны, нібы чалавечы. Ён пачаставаў сабаку акрайчыкам хлеба, і гэты сябар, дакладней, сяброўка, ужо не адставала ні на крок.

Так у двары прыжылася Дзіна. Мянушку даў Сярожа, малодшы пляменнік, і сучка вельмі хутка пачала на яе адклікацца.

Дзіна сцерагла хату ўсё лета, верасень, добрую палову кастрычніка. Удзень ляжала на агародзе, у яблыневым цяньку, назірала, як цёткі, дзедавы сёстры, і пляменніцы праполваюць градкі. Увечары, калі дзед паліваў агуркі, асцярожна ступаючы, Дзіна хадзіла за ім, фыркала і трэсла галавою, калі вада з лейкі трапляла ёй на поўсць. Начавала ў старым хлеўчуку на саломе.

Калі капалі бульбу, то паважна сядзела каля мяшкоў, раз-пораз ускокваючы, праводзіла позіркам кожны поўны кошык ці вядзерца, як быццам падлічвала, наколькі багаты ўраджай сабралі.

Але работы на агародзе скончыліся, і сям’я павінна была ад’язджаць дадому – па сваіх гарадах і кватэрах. Трэба было кудысьці прыстроіць Дзіну.

Суседзі адмаўляліся, тады вырашылі адвезці сабаку да знаёмых у суседнюю вёску.

Дзіна вярнулася праз чатыры дні, з абарваным ланцугом і крыўдай у вачах. Легла пад яблыняй і да вечара адмаўлялася ад ежы, нават ад свайго любімага ласунку, лівернай каўбасы.

– Больш мы яе нікому не аддавалі, – казаў дзядуля.

Ён пабудаваў сабаку цёплую будку. Усю зіму нехта з сям’і прыязджаў на выхадныя, а то і пасярод тыдня, каб наведаць Дзіну, прывезці ёй ежы. А яна нейкім чынам, нейкай сваёй сабачай інтуіцыяй, адчувала, калі да яе прыедуць гаспадары. Чакала на аўтобусным прыпынку менавіта ў тыя дні.

–   Як быццам каляндар мела пры сабе, – смяецца дзядуля Пятро.

Дзіна надзейна і аддана сцерагла жытло сваіх гаспадароў. Вельмі любіла дзяцей. А вось нецвярозых, з цыгарэтай блізка не падпускала, натапырвала вушы і злосна парыквала. Не падабалася ёй, калі хтосьці з дамашніх сварыўся, размаўляў павышаным тонам.

А наогул і сама падавала голас мала і толькі па справе: калі нехта незнаёмы ўваходзіў у двор, і нікога з гаспадароў блізка не было. Толькі аднойчы ўзняла Дзіна незвычайны лямант.

Старэйшая дзядулева сястра Ніна неяк улетку ці то на агародзе пераўвіхалася, ці то ад узросту ціск падскочыў, неяк раптам асела на зямлю каля плоту, дрэнна ёй стала з сэрцам, млосна, у вачах пацямнела.

Дзіна заўважыла, падскочыла, заскуліла, шчокі пачала лізаць. А потым кінулася да парога, моцна забрахала. Сын выбег, унучка заспяшалася, выратавалі гаспадыню. А ўсё дзякуючы Дзіне.

І, здаецца, дзякуючы Дзіне сям’я, як і пры жывых бацьках, стала часцей сустракацца: брат, сёстры, пляменнікі, унукі не забывалі сваю малую радзіму, свае карані.

Амаль паўтара дзясятка гадоў верны сабака быў не толькі вартаўніком хаты, але і, па словах дзядулі, анёлам-ахоўнікам сям’і, яе згуртаванасці, яе вернасці роднай зямлі.

Неяк напачатку зімы вельмі старэнькай Дзіны не стала. Дзядуля пахаваў яе ля плоту, каля любімай яблынькі.

Выпадкова ці не, але ўвесну ніхто з сям’і ўжо не распачаў сеяць градкі. Бацькі трапілі ў палон узросту, у дзяцей з’явіліся свае неадкладныя праблемы. А хутка прадалі і саму хатку.

Нейкая містыка? Ці проста жыццё?

Дзмітрый СУДНІК, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *