Слова – інспектару

Кантроль, бяспека Нумары

ПАЖАР АД ПЕРАГРУЗКІ

У мінулым годзе на тэрыторыі раёна зафіксавана пяць пажараў у дамах і гаспадарчых пабудовах (у Стоўбцах, Горках, Зарэччы (Рубяжэвіцкі сельсавет), Літве), якія ўзніклі па электратэхнічных прычынах.

Да пажару прыводзяць няправільная пракладка праводкі, эксплуатацыя няспраўнага электраабсталявання, парушэнне асноўных мер бяспекі пры абслугоўванні і рамонце электрапрыбораў і інструментаў, адсутнасць неабходных ведаў у электратэхніцы.

Небяспечная сітуацыя ўзнікае для чалавека пры судакрананні з элементамі абсталявання, устройствамі, прыборамі, якія знаходзяцца пад напружаннем, а для жылля – пры перагрэве ізаляцыі правадоў пад дзеяннем кароткага замыкання ці перагрузак.    

Каб пазбегнуць пажару, нельга карыстацца няспраўнымі прыборамі, выкарыстоўваць кабелі і правады з ізаляцыяй, якая пашкоджана або страціла свае ахоўныя ўласцівасці. Забаронена прымяняць для ацяплення, сушкі і прыгатавання ежы самаробныя электранагравальныя прыборы незаводскага (кустарнага) вырабу, пакідаць пад напружаннем неізаляваныя электрычныя правады і кабелі, завязваць і скручваць іх, абклейваць, фарбаваць. Уключаныя ў сетку электранагравальныя прыборы, тэлевізары і т. п. нельга пакідаць без нагляду.

Вадзім ХАЛОПІЦА, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»  

 

ВАЛОДАЕШ ЗБРОЯЙ – ІДЗІ ПА МЕДДАВЕДКУ

Унесеныя змяненні ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі па заявах грамадзян» закранулі і адміністрацыйныя працэдуры ў сферы абароту зброі.

У адпаведнасці з пунктам 1.92 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2017 года № 21, грамадзянам пры ажыццяўленні працягу дазволу на захоўванне і нашэнне грамадзянскай зброі разам з такімі дакументамі, як заява, пашпарт, дзяржаўнае пасведчанне на права палявання або членскі білет спартыўнай арганізацыі па кулявой стральбе, квітанцыя аб аплаце ў памеры адной базавай велічыні, неабходна прадастаўляць медыцынскую даведку аб стане здароўя (аб адсутнасці супрацьпаказанняў да валодання зброяй).

Даныя змяненні ўступаюць у законную сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання ўказа, ці з 26 красавіка 2017 года.

Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі звяртайцеся ў раённы аддзел унутраных спраў (прыём вядзецца ў сераду і пятніцу – з 08.00 да 13.00, аўторак і чацвер – з 15.00 да 20.00, суботу – з 09.00 да 13.00). Тэл. для даведак – 5-14-88.

Аляксандр ПАРХІМОВІЧ,інспектар па дазвольнай рабоце райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *