Дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці

Нумары

image_pdfimage_print

Неабходна дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці ў Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 лютага на нарадзе з членамі рабочай групы па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў да бізнесу.

«Асноўным вынікам нашай агульнай работы павінна стаць не проста карэкціроўка прававых актаў. Нам неабходна дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці ў Беларусі, якое будзе пацвярджацца станоўчай ацэнкай з боку суб’ектаў гаспадарання», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што членам рабочай групы, куды ўвайшлі прадстаўнікі дзяржорганаў і дзелавых колаў, неабходна выпрацаваць і ўнесці на яго разгляд канкрэтныя прапановы да канца першага квартала бягучага года.

«У апошнія гады папрокі ў адрас кантралюючых арганізацый з боку прадстаўнікоў буйных прадпрыемстваў і дробнага бізнесу гучаць усё часцей. Трэба прызнаць, гэтыя патрабаванні, заўвагі і крытыка абгрунтаваныя», – канстатаваў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што кожны рабочы дзень у краіне праходзіць каля 450 розных праверак, частка з якіх, безумоўна, неабходная. Аднак здараецца, што з пазапланавымі візітамі кантралёры наведваюць буйныя прадпрыемствы да 50 і больш разоў у год.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рабочая група павінна рассячы гордзіеў вузел і, пажадана, паставіць кропку ў размовах аб націску дзяржавы на прадстаўнікоў бізнесу ў плане кантролю і праверак.

«Мы сталі не проста прапаведаваць, але і развіваць новую эканоміку. Мэта яе, што я абсалютна падтрымліваю і прызнаю і на што хацеў бы заўсёды рабіць упор, – гэта эканоміка павінна ў дзелавым плане разняволіць чалавека, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Калі ён хоча і можа працаваць, зарабіць сваёй сям’і, родным, блізкім, і гэта будзе прыносіць карысць дзяржаве, у якой ён жыве, калі ласка, – маліцца трэба на такіх людзей».

Прэзідэнт заўважыў, што для многіх людзей вядзенне ўласнага бізнесу – прывабны від дзейнасці, у тым ліку з пункту гледжання дасягнення фінансавага дабрабыту, свабоды асабістага графіка. «Прывабнае жыццё. І ўсе рынуліся ў бізнес. А ці многія з тых, хто туды кінуўся для самарэалізацыі, для таго, каб раз’язджаць на «мерседэсах», мець кучу грошай і вырашаць лёсы людзей, ці многія здольны гэта рабіць – займацца бізнесам?» – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заклікаў удзельнікаў рабочай групы не забываць і пра іншы бок медаля ў пытанні наяўнасці ўмоў для вядзення бізнесу, паколькі гэты род дзейнасці патрабуе ўмення разбірацца не толькі ў навуцы кіравання, але і эканоміцы, бухгалтэрыі і многіх іншых пытаннях.

«Давайце будзем не перашкаджаць, а дапамагаць развівацца малому бізнесу. Нельга абцяжарваць яго кучай умоўных, непатрэбных патрабаванняў, кожнае з якіх – гэта зачэпка для кантралёра і падстава пакараць прадпрыемства», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, не заўсёды абгрунтаваныя прэтэнзіі да аграсядзіб. «Навошта перакрываць ім кісларод? Добраўпарадкавалі людзі дамы ў нацыянальным стылі, працуюць, кормяць турыстаў экалагічнымі, натуральнымі прадуктамі – добра. Не трэба нічога тут выдумляць», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што частка ўстаноўленых патрабаванняў павінна быць максімальна спрошчана або адменена. «Санітарныя нормы прызначаны ахоўваць здароўе людзей і прадухіляць узнікненне інфекцыйных захворванняў. І не больш таго. Усе тэхнічныя нарматыўныя акты павінны прымацца з выкананнем зразумелай, адкрытай працэдуры з далейшым афіцыйным апублікаваннем».

«Мінімальны набор нарматываў, які сапраўды неабходны для пачатку гаспадарчай дзейнасці і ідзе «ад жыцця», буду зацвярджаць асабіста, – заявіў Прэзідэнт. – Суб’екты гаспадарання павінны дакладна ведаць свае абавязкі і іх аб’ём. І на гэтым кропка! Больш нічога ад іх патрабаваць не смейце!»

«Маё строгае патрабаванне – мы павінны вырашыць гэтую праблему. І мы яе можам вырашыць», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *