Усе разам – у імя міру

Нумары Соцыум

18v

У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, 15 лютага, у Стоўбцах прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 28-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Дзень памяці і смутку – так называюць гэты дзень воіны-інтэрнацыяналісты, аб’яднаныя ў раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Сёння ў яе радах 92 воіны-інтэрнацыяналісты, якія вядуць патрыятычную работу з моладдзю, і ў першую чаргу – праз клуб спартыўных адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». Старшыня арганізацыі Рыгор Мамайка – і нязменны кіраўнік клуба.

Рыгор Мамайка адкрыў мітынг ля мемарыяльнага комплексу, на які пад гукі духавога аркестра прыбыла ад райваенкамата калона воінаў-інтэрнацыяналістаў, сабралася грамадскасць горада. У руках прысутных – жывыя кветкі памяці. У ганаровай варце застылі піянеры.

– Усе вы – адна вялікая сям’я, – звярнуўся да воінаў-інтэрнацыяналістаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. – І гэты дзень аб’ядноўвае нас. Мы павінны быць разам, мацней, не забываць пра тое, што мы ёсць адзін у аднаго, і сумесна працаваць у імя мірнай квітнеючай Беларусі.

На мітынгу выступілі раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Іосіф Язвінскі. Памяць загінуўшых у Афганістане была ўшанавана мінутай маўчання. Да мемарыяльнага комплексу ў знак удзячнасці былі ўскладзены вянкі і кветкі. Па традыцыі, напярэдадні 15 лютага дэлегацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў наведала сем’і загінуўшых і, дзякуючы раённаму выканаўчаму камітэту, падтрымала іх фінансава.

Тэматычныя мерапрыемствы працягнуліся ў раённым Цэнтры культуры, дзе былі прадэманстраваны відэасюжэты выступлення членаў клуба «Абаронца Айчыны» на чэмпіянаце юніёраў па армейскім рукашным боі ў расійскім Падольску. Ад імя арганізатара чэмпіянату, Саюза дэсантнікаў Расіі Рыгор Мамайка ўручыў граматы і падзячныя пісьмы за падтрымку дзейнасці клуба старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву, дырэктару СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» Юрыю Звыцэвічу, камандзіру 25-га Арсенала Віктару Нікіціну і раённаму ваеннаму камісару Аляксею Дзядкову.  

У Дзень памяці і смутку ў кафедральным саборы святой праведнай Ганны была адслужана паніхіда па загінуўшых воінах.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *