У калектывах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

У РЭЖЫМЕ ВІДЭА

На гэтым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбыўся семінар-нарада па пытаннях складання і прадастаўлення дзяржаўных статыстычных справаздач па ўліку прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, афармлення пярвічных уліковых дакументаў. На мерапрыемства былі запрошаны галоўныя бухгалтары, аграномы, заатэхнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна і начальнікі адпаведных аддзелаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

Такі семінар упершыню праходзіў у рэжыме відэаканферэнцыі, з удзелам спецыялістаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, якія далі адказы на пытанні.

 

З СІСТЭМАЙ GPS

У ААТ «Дзераўное» дзевяць адзінак тэхнікі аснашчаны сістэмамі глабальнага пазіцыяніравання GPS, сярод якіх тры энерганасычаныя трактары, грузавыя і легкавыя аўтамашыны. Прыборы, кожны з якіх каштуе 600 рублёў, набыты ў РУП «Унітэхпрам БДУ».

Як адзначыў дырэктар таварыства Юрый Тарасевіч, затраты акупяцца літаральна праз два месяцы. Да пачатку веснавых палявых работ навігатарамі абсталююць яшчэ пятнаццаць трактароў. Укараненне вышэйназванай сістэмы дазволіць эканоміць не толькі паліва, а і мінеральныя ўгнаенні, гербіцыды – менавіта за кошт дакладнага выканання работ па іх унясенні. Будзе магчымасць рацыянальна выкарыстоўваць і рэсурс сельскагаспадарчай тэхнікі, адследжваючы рух, мець дакладную інфармацыю аб яе месцазнаходжанні, прыпынках, прабегу, наяўнасці ў баках дызпаліва.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІЎ СТУДЗЕНІ

На малочнатаварных фермах раёна за студзень бягучага года надоена на 408,5 тоны малака больш, чым за адпаведны перыяд летась. Найбольшая прыбаўка дасягнута ў ААТ «Вішнявецкі-агра» – 143,2 тоны. А вось жывёлаводы ААТ «Рубяжэвічы» не дабралі 49,5 тоны. Змінусавалі па надоях малака ад каровы шэсць сельгаспрадпрыемстваў. Страцілі былыя пазіцыі жывёлаводы ААТ «Жацерава» і «Радзіма Дзяржынскага». Набіраюць тэмпы агранёманскія і вішнявецкія работнікі малочных цэхаў. У мясной жывёлагадоўлі большая палова гаспадарак спрацавала з мінусам, што адбілася на агульнараённым паказчыку. Недабор прадукцыі жывёлагадоўлі адбыўся за кошт дапушчаных парушэнняў у тэхналогіі вытворчасці малака і мяса.

 

МАРХАЧОЎШЧЫНА ПАПОЎНІЛАСЯ НА ПЯЦЬ ДЗЕТАК

У мінулым годзе ў Мархачоўшчыне чакалі нараджэнняў у трох сем’ях. А здарылася, што вёска папоўнілася пяццю дзеткамі.

Блізняты нарадзіліся ў Сяргея і Васы Юрасавых. Цяпер у іх ёсць трэцякласніца Іларыя, другакласніца Яўгенія, пяцігадовы Уладзімір і маленькія блізняты Дар’я і Паліна.

Шасцёра дзетак стала ў сям’і Алега і Марыі Андроцкіх, і што адметна – усе хлопчыкі: Дзмітрый, Яўгеній, Яраслаў, Арсеній і блізняткі Назар і Захар.

У сям’і Іны Доўгель нарадзіўся першынец – сынок Канстанцін.

Вось такі «ўраджайны» год. Няхай і 2017 не адстае па нараджэннях.

 

ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМАЯ ПЯРВІЧКА

У ТАА «Гандлёвы дом «Коласбел», якое ўваходзіць у групу кампаній «Галерэя вкуса», у пачатку лютага была створана прафсаюзная пярвічка. Яе старшынёй выбрана Алена Гацкая. Такім чынам, членствам у прафсаюзе аграрыяў цяпер ахоплены работнікі ўсіх чатырох прадпрыемстваў вышэйназванай кампаніі. Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу налічвае зараз 28 пярвічных прафсаюзных арганізацый.

 

ЗАЯЎКА НА ПАСПЯХОВАСЦЬ

Стаўбцоўскім занальным вузлом электрасувязі завяршаюцца работы па падвядзенні валаконна-аптычных ліній сувязі да Навасвержанскага лесазавода.

Акрамя лесазавода, ужо 16 прадпрыемстваў і арганізацый на тэрыторыі раёна забяспечаны сувяззю па самых сучасных тэхналогіях. Сярод іх – філіял «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, арганізацыі «Фрэор Рэфрыгерайшн», «Стоўбцыгаз», «Колас», «Рудзьмянская гаспадарка» турбаза «Высокі бераг», «Панскі маёнтак «Сула», «Нёман-інвест», СФГ «Сула», «Сула плюс» і інш.

– Магчымасць зрабіць заяўку на падвядзенне валаконна-аптычных ліній сувязі ёсць у кожнага суб’екта гаспадарання, у тым ліку і ў сельгаспрадпрыемстваў, – падкрэслівае начальнік занальнага вузла Міхаіл Касабуцкі. – Работы гэтыя выконваюцца за кошт РУП «Белтэлекам». З улікам прадастаўленых паслуг выдаткі акупляюцца на працягу трох гадоў.

 

МАЛЮНКІПА ТВОРАХ КОЛАСА

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «І складваюцца самыя дзівосныя казкі», прымеркаванага да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, 90-годдзя верша «Савось-распуснік» і 95-годдзя выхаду зборніка алегарычных апавяданняў «Казкі жыцця».

Дыпломамі гэтага мастацкага конкурсу ў намінацыі «выяўленчае мастацтва» ўзнагароджаны вучаніцы Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ксенія Русецкая і Ксенія Калей. З імі працуе выкладчыца Ганна Мартыненка.

У рамках гэтага конкурсу Ксенія Калей адзначана і дыпломам рэдакцыі дзіцячай вясёлай газеты «Шапакляк».

Для дзяўчынак было вялікай прыемнасцю не толькі стаць уладальніцамі дыпломаў, але і сама паездка ў музей Якуба Коласа, і прыемная цырымонія ўзнагароджання.  

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *