Закаханых паклікаў ЗАГС

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

18b

14 лютага, у Дзень закаханых, на Стаўбцоўшчыне нарадзіліся тры новыя маладыя сям’і. Дзве пары маладажонаў згадзіліся прыняць удзел ва ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, якую правяла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Надзея Картузава сумесна з артыстамі раённага Цэнтра культуры.

Дзень гэты – асаблівы на жыццёвым календары маладых, яны на яго, як на талісман, ускладаюць надзеі на сумеснае шчасце. І прыйшло яно не на дзень, а на доўгі век.

Нездарма Сяргей Вайдзілевіч і Ірына Лявончык, якія меркавалі пажаніцца на тыдзень пазней, у звычайную суботу, усё-такі перадумалі і перапісалі рэгістрацыю шлюбу на 14-е чысло. «Няхай у гісторыі нашай сям’і будзе дадатковае свята», – вырашылі яны. А Станіслаў Макась і Аліна Шкут, другая пара маладажонаў, перадалі свой настрой у гэты адметны дзень так: «Верым, што шлюб у Дзень закаханых зробіць нас яшчэ больш шчаслівымі».

Перад рэгістрацыяй маладыя, трымаючы адно аднаго за руку, крыху хваляваліся. «Як падрыхтаваны да шлюбу?» Пытанне для абедзвюх пар не было нечаканым. Прызналіся, што ўзаемныя пачуцці правераны часам: Станіслаў і Аліна сябруюць тры гады, Сяргей і Ірына – цэлых 11. Кожным з іх ужо закладзены пад моцны сямейны саюз своеасаблівы эканамічны фундамент – гэта прафесія, месца працы, першы прафесійны вопыт. Праграміст, рэвізор, повар, медыцынская сястра – акурат тыя прафесіі, якія запатрабаваны на прадпрыемствах і ў арганізацыях нашага райцэнтра.        

Пад марш Мендэльсона маладажоны ўвайшлі ў шлюбную залу аддзела ЗАГС. Надзея Картузава сустракала іх і праводзіла цырымонію рэгістрацыі з асаблівым душэўным пад’ёмам. Артысты віталі іх песнямі, дарылі музычныя падарункі. Незабыўныя на ўсё жыццё моманты – абмен заручальнымі пярсцёнкамі, першы шлюбны пацалунак і ўручэнне першага сямейнага дакумента – пасведчання аб заключэнні шлюбу.

Адметнасцю ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі шлюбу стала клятва жаніха і нявесты. Сяргей і Станіслаў адзінадушна прысягнулі сваім любым аберагаць іх, дапамагаць і верыць, быць разам у радасці і горы, а цудоўныя нявесты засведчылі, што гатовы зрабіць усё, каб разумець і паважаць сваіх каханых, быць ім ва ўсім падтрымкай.        

У Дзень закаханых з віншавальным словам да маладажонаў звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік. Разам з цёплымі пажаданнямі яна перадала віноўнікам урачыстасці сувеніры на памяць.

Няхай шчасце і доля вядуць маладых па жыцці!  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *