Нерухомасць патрабуе не толькі афармлення

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

18n

Абмераць дом, атрымаць тэхпашпарт, зарэгістраваць спадчыну або дагавор дарэння нерухомай маёмасці – гэта ўсім вядомыя традыцыйныя накірункі дзейнасці Стаўбцоўскага бюро Дзяржынскага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».

Аднак апошнім часам бюро аказвае шэраг дадатковых паслуг у вобласці нерухомай маёмасці, якія запатрабаваны часам і носяць комплексны характар.

Пра змяненні ў маёмасных паслугах і пра тых, хто іх аказвае, мы гутарым з загадчыкам Стаўбцоўскага бюро Валянцінай ГАШНІКАВАЙ.

– Маёмасныя пытанні – надзвычай важныя, адказныя і скрупулёзныя. Пажадана вырашаць іх своечасова і юрыдычна граматна. Наша бюро аказвае шырокі спектр паслуг па афармленні дакументаў на нерухомасць, і адной з найбольш запатрабаваных апошнім часам стала ацэнка нерухомасці, а таксама экспертыза яе дакладнасці. Ацаніць можна не толькі дом ці аб’ект, маёмасць, а і насаджэнні, што вельмі важна пры здзяйсненні любой здзелкі з нерухомасцю – продажам, перадачай у залог ці спадчыну, адчуджэннем, крэдытаваннем, пры вырашэнні маёмасных спрэчак і т. п. Раней заказчыку такой паслугі трэба было ехаць у Мінск, сёння ж дастаткова звярнуцца ў Стаўбцоўскае бюро.

– Чым яшчэ вы можаце здзівіць і, адначасова, парадаваць кліентаў?

– Рэгістратары нерухомасці, як і натарыусы, засвядчаюць здзелкі з нерухомай маёмасцю. Да прыкладу, расце попыт на засвядчэнне дагавораў адчуджэння жылога дома ці кватэры, гаража, іншых капітальных збудаванняў, машынамесцаў і зямельных участкаў, у тым ліку доляў у праве ўласнасці на іх. Запатрабаваны землеўпарадкавальныя работы, якія неабходны для ўстанаўлення або аднаўлення граніц зямельнага ўчастка на мясцовасці, разліку яго фактычнай плошчы. Карыстаецца попытам тапаграфічная здымка для газіфікацыі пабудоў, выраб архітэктурных праектаў на ўзвядзенне індывідуальнага жылога дома ці садовага доміка, перапланіроўку ў кватэры, прыбудову да дома. Займаемся адрасацыяй – прысвойваем адрасы як фізічным асобам, так і юрыдычным. Пералік сучасных і запатрабаваных паслуг і відаў работ можна працягваць…

– З якімі пытаннямі звяртаюцца ў бюро юрыдычныя асобы?

– За мінулы год з юрыдычнымі асобамі было заключана 140 дагавораў на тэхінвентарызацыю капітальных пабудоў, больш за 400 дагавораў на рэгістрацыю нерухомасці. Некаторымі прадпрыемствамі, як аб’яднанне камунальных службаў, электрасеткі, філіял маторнага завода, запатрабавана паслуга па тэхінвентарызацыі лінейных збудаванняў (інжынерных камунікацый). Безумоўна, асноўныя кліенты бюро – гэта грамадзяне. Ад іх на названыя вышэй віды паслуг з улікам прадастаўлення даведак, выпісак з рэгістра нерухомай маёмасці паступіла летась больш за дзевяць тысяч заявак. Падобныя аб’ёмы дзейнасці выклікалі шырокае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій, мадэрнізацыю тэхналагічнага працэсу вырабу тэхнічнай дакументацыі. Нашымі спецыялістамі створана яе электронная база.  

– Мяркуючы па колькасці атрыманых заяў, адносіны людзей да ўласнай нерухомасці, зямельных участкаў, становяцца ўсё больш асэнсаванымі, паслядоўнымі. На што неабходна звярнуць увагу нашых чытачоў?

– Сапраўды, любы аб’ект нерухомасці павінен быць зарэгістраваны, таму што толькі з моманту рэгістрацыі наступае права ўласнасці на яго. Цяжэй за ўсё даказваць яго спадчыннікам у судовым парадку, калі патрэбна несці матэрыяльныя і маральныя выдаткі. Нельга займацца самавольнымі будаўніцтвам, перапланіроўкай. Дазвол для іх правядзення выдае сельвыканкам, райвыканкам. Па гэтых і іншых пытаннях мы даём людзям кансультацыі, у тым ліку па тэлефоне. Для іх зручнасці працуем без абедзеннага перапынку, у суботу. Прадугледжаны папярэдні запіс на прыём да рэгістратара нерухомасці (тэл. 5-01-33). Ёсць такія паслугі, як тэрміновы выраб дакументаў, прадастаўленне транспарту для выезду на месца.  

– Валянціна Сцяпанаўна, раскажыце пра калектыў бюро, у якім вы працуеце… колькі гадоў?

– Трыццаць гадоў. Калектыў бюро адносна малады і, разам з тым, з дастатковым вопытам работы. Выконвае ўсе планавыя заданні, не падвержаны «цякучцы», хоць гаспадарча-разліковы метад дзейнасці патрабуе ад кожнага пастаяннага напружання і ўнутранай канцэнтрацыі.

Дзеючыя рэгістратары нерухомасці – Кірыл Маркелаў, Дзмітрый Іванілаў, Юлія Дамброўская, Ірына Рачок – спецыялісты, якія прайшлі атэстацыю ў Нацыянальным кадастравым агенцтве. Працуюць атэставаныя спецыялісты па тэхінвентарызацыі: Андрэй Рацько, Яўгеній Скроцкі, Вольга Сак, Людміла Драздова. У нас салідныя архівы, імі займаюцца архіварыусы Ніна Комар і Яўгенія Кандратовіч.

Усіх калег віншую з прафесійным святам, жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у працы!

НА ЗДЫМКУ: загадчык бюро Валянціна Гашнікава (першая злева) з супрацоўнікамі Кірылам Маркелавым, Андрэем Рацько і Юліяй Дамброўскай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *