Вынікі дасягаюцца жаданнем і ўменнем

Нумары Сельская гаспадарка

18m

Па выніках работы за мінулы год жывёлаводы ААТ «Агранёманскі» замацаваліся па надоях малака ад каровы ў сярэдзіне рэйтынгавай табліцы. Рупліўцы фермаў спрацавалі з неблагой прыбаўкай, але ім не хапіла ўсяго дзевяці кілаграмаў для таго, каб выйсці на шасцітысячны надой. Аднак шчырым і сумленным працаўнікам цалкам па сіле не толькі перакрыць гэты рубеж, а і мець намнога вышэйшыя вынікі. За студзень яны прыбавілі адносна мінулага года і падняліся на прыступку вышэй. У гаспадарцы самы высокі валавы надой малака, які паступова набліжаецца да дзесяці тысяч тон у год. І ў мясных справах плён. Па сярэднясутачных прывагах агранёманцы ўступаюць толькі велікадворскім калегам. Дасягнуты паказчыкі за кошт добрасумленнай працы людзей, якія заслугоўваюць увагі і павагі, бо менавіта іх стараннямі і ствараецца дабрабыт таварыства.

У рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч завітала на МТФ «Залужжа», каб ушанаваць лепшых працаўнікоў. Жывёлаводы гэтага вытворчага падраздзялення ўтрымліваюць у гаспадарцы першынство па вытворчасці малака – надаілі летась у сярэднім ад кожнай каровы па 7101 кілаграму. Лідзіруе ў асабістым спаборніцтве аператар машыннага даення Іна Дзядовіч, на яе рахунку 8150 кілаграмаў. Іна Валер’еўна рупіцца у жывёлагадоўлі амаль дваццаць гадоў, шэсць з якіх менавіта на гэтай ферме. Яна пастаянна ў перадавіках, як і яе калега Людміла Зянько, на рахунку якой 7902 кілаграмы. Людміла Генадзьеўна – старажыл фермы, працягвае дынастыю. Тут некалі працавалі бацькі, завіхаецца жывёлаводам муж.

На МТФ «Скамарошкі» працуюць даяркамі Валянціна Шабуня і Наталля Ідт. Паказчыкі іх работы практычна аднолькавыя. Наталля Аляксандраўна летась крышку ўступіла сваёй сяброўцы па працы, але сёлета пастараецца не адстаць. У абедзвюх працаўніц ёсць магчымасць перасягнуць у гэтым годзе сямітысячны надой.

Аператар машыннага даення МТФ «Дразды» Ірына Цвірка неаднойчы выходзіла пераможцам спаборніцтва не толькі ў гаспадарцы, але яе адзначалі і ў раёне. Сямнаццаць гадоў яна шчыруе на ферме і перадае накоплены багаты вопыт маладым даяркам. А вось Анатолій Дарашчук, які даглядае маленькіх цялят, яшчэ малады чалавек, але зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Гадаванцы ў яго групе, якіх даглядае разам з калегамі, прыбаўляюць па 900 грамаў у суткі.

Багаты стаж работы ў жывёлагадоўлі ў Мікалая Клаўшуна, які шчыруе слесарам і адначасова сумяшчае абавязкі ветфельчара на МТФ «Казейкі». Сорак гадоў свайго жыцця аддаў Мікалай Аляксандравіч працы ў гэтай нялёгкай галіне. Вылучаецца стараннасцю аператар машыннага даення данага падраздзялення Святлана Стахарнова, якая за мінулы год спрацавала са значнай прыбаўкай – 1298 кілаграмаў – і надаіла звыш 5,5 тысячы кілаграмаў малака. Святлана Юр’еўна прыехала ў гаспадарку з Казахстана, стаж работы ў яе невялікі, але жанчына хутка асвоіла незнаёмую ёй да гэтага прафесію і мае неблагі вынік.

На ферме ў Старым Свержані паказваюць прыклад у працы аператар машыннага даення Ірына Ермаковіч і жывёлавод Уладзімір Крупец. У Ператоках шчыруюць, і маюць у жывёлагадоўлі трыццацігадовы стаж кожная, даярка Валянціна Нарановіч і цялятніца Зінаіда Шашко.

Усе вышэйназваныя жывёлаводы былі заахвочаны падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункамі. Рупліўцы фермаў адзначылі, што ім вельмі прыемна, што іх нялёгкую працу заўважылі і адзначылі. Яны і надалей будуць старацца, прыкладаючы намаганні. Жаданне працаваць, уменне і любоў да работы дазваляюць дасягаць высокіх паказчыкаў.

На здымках: аператар машыннага даення Ірына Ермаковіч; старшыня прафкама ААТ «Агранёманскі» Марына Касматовіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч – з падзячнымі пісьмамі і падарункаміаператарам машыннага даення Іне Дзядовіч і Людміле Зянько; аператар машыннага даення Валянціна Нарановічі цялятніца Зінаіда Шашко; аператары машыннага даення Валянціна Шабуня і Наталля Ідт.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *