Выкананне – абавязковае

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Адбылася прамая тэлефонная лінія з галоўным ветурачом раёна Анатоліем Гусачонкам. Пытанні, якія задавалі грамадзяне, тычыліся не толькі агульных праблем, а і асабістых, з якімі прыходзіцца сутыкацца гаспадарам дамашняй жывёлы.

Жыхарка райцэнтра звярнулася з наступным пытаннем: «Наша сям’я плануе правесці водпуск за мяжой. Мы хочам узяць з сабою ката, бо яго няма з кім пакінуць. Чула, што можна так зрабіць. Якія для гэтага патрэбна аформіць дакументы?»

– Узяць з сабою за мяжу дробную дамашнюю жывёлу і сапраўды можна, але толькі пры наяўнасці ветэрынарных суправаджальных дакументаў. Дакументы афармляюцца і выдаюцца дзяржаўнай ветэрынарнай службай па адрасе: в. Новы Свержань, вул. Юбілейная, 23. Мы працуем з 08.00 да 17.00, перапынак на абед – з 12.00 да 13.00. Вываз сабакі або ката можа быць ажыццёўлены пры наяўнасці міжнароднага пашпарта, які аформлены ўстановай дзяржаўнай ветэрынарнай службы, з інфармацыяй аб правядзенні неабходных апрацовак і вакцынацый.

Грамадзяне цікавіліся расцэнкамі на паслугі, якія аказвае ветэрынарная станцыя пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў, лячэнні жывёлы і птушкі ў прыватным сектары.

– Цэны на ветэрынарна-санітарнае абслугоўванне жывёлы і птушкі распрацаваны згодна з прэйскурантам. Аб кошце той або іншай паслугі можна даведацца ў ветэрынарнай лячэбніцы, якая размешчана ў горадзе па адрасе: вул. Мічурына, д. 1, або па тэл. 7-41-19. Самымі запатрабаванымі паслугамі з’яўляюцца стэрылізацыя, кастрацыя і вакцынацыя дамашняй жывёлы.

Тэлефанаванне з Задвор’я: «Хутка прыйдзе вясна. Як абараніць хатнюю жывёлу ад паражэння кляшчамі?»

– Неабходна праводзіць прафілактычная мерапрыемствы. Робіцца гэта з дапамогаю прэпаратаў, якія адпуджваюць насякомых. Прадаюцца прэпараты ў ветэрынарных аптэках. Апрацоўку жывёлы супраць кляшчоў трэба праводзіць з сакавіка па лістапад уключна. Трэба ведаць, што кляшчы, акрамя піраплазмозу, з’яўляюцца пераносчыкамі такіх інвазій, як анаплазмоз, эрліхіёз, хвароба Лайма і некаторых іншых.

Жыхар з Дзераўнянскага сельсавета спытаўся аб сітуацыі з захворваннем жывёлы на шаленства на тэрыторыі сельсавета і ў цэлым па раёне.

– За мінулы год па раёне зарэгістравана пяць выпадкаў захворвання жывёлы на шаленства. Два з іх адбыліся ў дзікай прыродзе ў Літвенскім сельсавеце, шалёнымі былі лісы. У Рубяжэвіцкім і Заямнаўскім сельсаветах хворымі прызнаны кот і сабакі. З пачатку гэтага года занатаваны два выпадкі шаленства – бадзяжны кот у Дзераўнянскім сельсавеце і ліса ў Рубяжэвіцкім.

Зазначу, што з мэтай стабілізацыі эпізаатычнай абстаноўкі ў раёне праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў. У лясным масіве на плошчы 121 кіламетр вядзецца аральная імунізацыя дзікай драпежнай жывёлы. Перад вывадам на пашу грамадскіх статкаў у нядобранадзейных на шаленства пунктах вакцынуецца жывёла. Запланавана прышчапіць усіх дамашніх катоў і сабак, уладальнікам якіх неабходна кожны год дастаўляць іх у ветэрынарныя ўстановы для правядзення прафілактычных вакцынацый.

Паважаныя грамадзяне, прытрымлівайцеся ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання дамашняй жывёлы. Не выкідвайце на вуліцу хатніх гадаванцаў, якія сталі вам непатрэбны.

Пытанне ад жыхара Кучкуноў: «Ці пагражае нашай краіне птушыны грып?»

– У Беларусі абстаноўка па птушыным грыпе добранадзейная. Робіцца ўсё для таго, каб не дапусціць пранікнення на тэрыторыю рэспублікі гэтага небяспечнага захворвання. Птушкагадоўчыя комплексы, якія працуюць у нашым раёне, з’яўляюцца прадпрыемствамі закрытага тыпу, дзе таксама праводзяцца адпаведныя мерапрыемствы па недапушчэнні занясення інфекцыі. Паводле інфармацыі міжнароднага эпізаатычнага бюро птушыны грып зарэгістраваны ў Расіі, Польшчы, Англіі, Германіі, Румыніі, Швейцарыі, Францыі, Аўстрыі, Венгрыі, Нідэрландах, Швецыі і ва Украіне.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *