Гарналыжны комплекс «Веста», размешчаны ў Дзяржынскім раёне, прымаў удзельнікаў абласнога зімовага свята «Мінская лыжня-2017». Святочная атмасфера адчувалася ва ўсім: гучала музыка, выступалі мастацкія калектывы. Але галоўная ўвага ўсіх прысутных была звернута да лыжнай трасы, дзе стартавалі каманды лыжнікаў.
Спаборніцтвы праходзілі ў трох катэгорыях: «Структурныя падраздзяленні аблвыканкама», «Сілавыя структуры вобласці» і «Каманды раённых і гарадскіх выканкамаў». Апошняя катэгорыя выклікала найбольшую цікавасць.
За зборную Стаўбцоўскага райвыканкама выступілі старшыня Юрый Горлаў, яго намеснікі Аляксандр Цывака, Сяргей Шэсцель і начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава. Лыжня была падзелена на этапы, па 1,5 км, і кожны з чатырох членаў каманды адольваў у спартыўнай барацьбе з сапернікамі сваю паўтаракіламетровую дыстанцыю. Нашы ўвесь час трымаліся ў групе лідараў, нарошчвалі тэмп. Пасля фінішу стала зразумела, што каманда Стаўбцоўскага райвыканкама трапіла ў прызёры.
І вось урачысты момант узнагароджання. Наша каманда прымае прызавы кубак за трэцяе месца. На першай прыступцы п’едэстала гонару каманда Лагойскага раёна, на другой – каманда Жодзіна.
Лагойскі лыжны комплекс шырока вядомы, выдатная спартыўная база ёсць і ў Жодзіне. Поспеху і нашай каманды спрыяла належная падрыхтоўка. Увогуле ж шчыраванне кіраўнікоў стварае імідж рэгіёнаў як спартыўных. А належная фізічная форма дапамагае ў вырашэнні адказных задач.
Ф. ФЯДОТАЎ
Фота Настассі КАЛОДЗІНСКАЙ
Нашы — малайцы! Поспехаў!
Рейтинг комментария:
0
0