Чалавек ваенны – гэта абавязвае

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

22e

Дзень абаронцаў Айчыны асабліва знамянальны для стаўбчаніна Рыгора Герасімавіча Кароткіна. Афіцэр запасу, падпалкоўнік справядліва лічыць сябе прадаўжальнікам воінскай дынастыі. Яго бацька Герасім Арцёмавіч змагаўся на франтах Першай сусветнай вайны, быў адзначаны вышэйшай на той час узнагародай – Георгіеўскім крыжам. На фатаграфіі ў сямейным альбоме – бравы артылерыст ростам больш за два метры.

Вялікая Айчынная вайна апаліла дзяцінства Рыгора Кароткіна. Фашысцкія захопнікі лютавалі і ў яго роднай вёсцы Навасёлкі на Магілёўшчыне. Ад ран памерла маці.

Абараняць Радзіму – такім стаў выбар жыццёвага шляху сыноў Герасіма Кароткіна. Старэйшы, Міхаіл, закончыў Магілёўскае вучылішча МУС, даслужыўся да звання падпалкоўніка. Рыгор жа пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Тамбоўскае артылерыйскае тэхнічнае вучылішча. І аддаваў свае веды, сілы, вопыт служэнню Айчыне. Дарэчы, у шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя Рыгор Герасімавіч стаяў ля вытокаў зараджэння прынцыповага віду войскаў стратэгічнага прызначэння, удзельнічаў у выпрабаванні крылатых ракет.

Заўважана была і здатнасць афіцэра Кароткіна да выхаваўчай работы. Яго накіроўваюць на курсы падрыхтоўкі і ўдасканалення афіцэраў мабілізацыйных органаў. Затым прызначаюць ваенным камісарам Уздзенскага райваенкамата, а з 1976 года Р. Г. Кароткін – ваенкам Стаўбцоўскага раённага ваеннага камісарыята.

Арганізацыя тэрытарыяльнай абароны, мабілізацыйныя пытанні – на першым плане ў ваенкама. Асабліва гарачая пара падчас прызыву. Маладыя хлопцы поўныя энергіі, з вялікім жаданнем выконваць свой грамадзянскі абавязак. Аднак у некаторых ёсць праблемы асабістага характару. І ваенкам кожнага быў гатовы выслухаць, даць шчырую бацькоўскую параду.

У працэсе прызыўной кампаніі шмат залежыць ад медыцынскай камісіі. Папаўненне павінна быць здаровым, фізічна падрыхтаваным. І ад урачоў патрабуецца максімальная ўвага, каб праверыць кожнага, даць адпаведнае заключэнне. Між іншым, у пачатку службы ў Стоўбцах ваенкам сутыкнуўся з тым, што тады ў будынку ваенкамата было цесна, прызыўная і медыцынская камісіі вялі прыём і ў іншых памяшканнях. І даводзілася ў дні работы камісій дастаўляць і размяшчаць у фае раённага Дома культуры медыцынскае абсталяванне. Цесна было, нязручна.

Першачарговай задачай для ваенкама Рыгора Кароткіна стала будаўніцтва раённага прызыўнога пункта. Вялося яно гаспадарчым спосабам, будаўнікоў прывозіў з тадышняга калгаса імя Леніна на легкавым аўтамабілі і сам ваенкам. Будаўніцтва ішло няпоўныя два гады, і з восені 1978 года прызыўны пункт пачаў сваю работу.

У 1984 годзе Р. Г. Кароткін у званні падпалкоўніка пайшоў у запас. Выхаваўчую работу з моладдзю ён працягваў, працуючы педагогам спецыяльнай падрыхтоўкі Коласаўскай СШ. Пераможцы патрыятычных гульняў «Арляня», «Зарніца» – такімі важкімі дыпломамі адзначаны каманды гэтай школы.

У школе засталіся макеты, стэнды, іншыя дапаможнікі, вырабленыя настаўнікам. Дапамагала яго рупнасць у дзейнасці штаба грамадзянскай абароны ў раёне.

Куды б ні пасылаў лёс Рыгора Герасімавіча, усюды ён імкнуўся выконваць сваю справу дастойна. Чалавек гэты сцвердзіў сябе ва ўсім: як ваенны, як настаўнік, а найперш – як грамадзянін.

У гэтыя дні ў падпалкоўніка Кароткіна двайное свята. 25 лютага яму спаўняецца 83 гады. Такі ж падцягнуты, з ваеннай выпраўкай і на параднай форме – медалі.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *