Жыццёвыя хады настаўніка

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

22q

Калі на старонках нашай газеты з’явілася публікацыя «Франтавік, які пабудаваў школу» пра Аляксандра Жарскага, у рэдакцыю патэлефанаваў Канстанцін Дудак са Старыны з просьбай: «Напішыце артыкул і пра майго дырэктара школы – Васіля Іванавіча Герасімовіча. У свой час ён таксама пабудаваў школу, Старынскую васьмігадовую, і ўвогуле ён з тых настаўнікаў, якіх вучні памятаюць усё жыццё».

Пачуць такое эмацыянальнае прызнанне ад былога вучня, якога аддзяляе ад школы не менш за паўстагоддзе, нечакана і асабліва прыемна. Гэтыя ўдзячныя, мудрыя словы працягваюць жыццё настаўніка. Васілю Іванавічу, дарэчы, у маі будзе 88.

Пры знаёмстве Васіль Герасімовіч паказвае адзнакі сваёй 43-гадовай педагагічнай працы. Граматы, падзякі, а між іх мільгаюць пісьмы са зваротным адрасам навучальных устаноў. Што яны за рэліквія такая? Аказваецца, дырэктар пісаў лісты, па-бацькоўску цікавіўся, як ідуць справы ў яго выпускнікоў, якія паступілі. Іх будучае было яму неабыякавым. Выходзіць, што і званок у рэдакцыю аднаго са шматлікіх вучняў Васіля Іванавіча цалкам заканамерны. Што аддаеш, тое і атрымліваеш.

– У нашай школе было шмат добрых настаўнікаў, – падкрэслівае Канстанцін Дудак. – Працавалі сужэнцы Марозавы, Аксана Адамаўна Зянько. Матэматыку вяла жонка Васіля Іванавіча – Ніна Канстанцінаўна. Васіль Іванавіч выкладаў беларускую мову і літаратуру. Цікава было ў яго на ўроках, таму што ён добра ведаў творчасць Крапівы, Коласа (меў багатую дамашнюю бібліятэку), расказваў іх творы на памяць, сам пісаў вершы. Ён даваў стымул вучыцца кожнаму. Дрэнных адзнак не ставіў, а калі нехта чаго не вывучыў, то выклікаў яго да таго часу, пакуль не адкажа на чацвёрку.

Асобная тэма – захапленне шахматамі. У школе была моцная каманда шахматыстаў, якая адстойвала гонар тадышняга калгаса «За мір». Васіль Іванавіч гуляў на першай дошцы, на другой. Бывала, што за шахматамі праводзіў разам з вучнямі ночы напралёт…

Са Старынскай школы выйшлі вядомыя ў раёне і за яго межамі людзі. Напрыклад, Пётр Бычко працуе галоўным дзяржаўным санітарным урачом Ваенна-паветраных Сіл Расіі. Брат яго Леанід – таксама медык, Міхаіл – энергетык. Дачка настаўніцы А. А. Зянько стала праграмістам. Вучань Герасімовіча – і Дзяніс Колясень, першы намеснік старшыні райвыканкама.

Васіль Герасімовіч жыве цяпер у Стоўбцах, трэці год, як аўдавеў, але ўсё ўмее зрабіць сам, ды яшчэ і дапамагае ўправіцца хвораму жончынаму сваяку. Кажа, што навучыўся і гатаваць, і прасаваць у падлеткавым узросце, у вайну, калі жыхары ўсіх 160 двароў яго вёскі Нізок ратаваліся ў лесе ў зямлянках. Баяліся быць спаленымі зажыва, як жыхары суседняй вёскі Астравок. Жылі ў зямлянках з 1943 года аж да вызвалення Беларусі. У 43-м немцы расстралялі бацьку…

Пасля вайны Васіль закончыў педвучылішча, універсітэт. Працаваць яго накіравалі на Стаўбцоўшчыну, у вёску Падгорная. Школа была ў прыватным доме, у невялікім пакоі. Калі знайшоў парты і набраў дзяцей, аказалася, што іх два дзясяткі – усе разам не змесцяцца. Заняткі вёў цэлы дзень, у дзве змены. Потым быў накіраваны дырэктарам сямігадовай школы ў Ругайцы, у 60-х гадах – дырэктарам школы ў Старыне.

З пачатковай гэтая школа стала сямігадовай і месцілася на хутары, за 1,5 – 2 км ад вёскі, у цагляным доме гаспадароў, якія выехалі ў Польшчу. Васіль Іванавіч раздабыў недзе электрарухавік – у класах з’явілася святло. Ацяпляліся яны стаякамі. Дабіраліся пешшу, конна. Але колькі ж пакутаваць?.. Дырэктар стаў звяртацца ў розныя інстанцыі, дайшоў да сталіцы, каб пабудаваць новую школу. І зрушыў гэтае пытанне з месца. У1973 годзе новая тыпавая школа на 113 чалавек, са спартыўнай залай і сталовай, была ў Старыне пабудавана. Удзел у фінансаванні праекта ўзяў і калгас «За мір». Сёння будынак школы пустуе. Дзеці са Старыны і навакольных вёсак займаюцца ў Шашкоўскай школе.

Васіль Герасімовіч, нягледзячы на ўзрост, захоўвае актыўны лад жыцця. «Работа па сіле магчымасці ідзе на карысць, бо толькі пад’есці, паляжаць і паглядзець тэлевізар – гэта не па мне», – гаворыць ён. Трэба ацяпляць дом, вады прынесці, у сезон – агарод чакае. І дачцэ Наталлі (яна ў яго – дацэнт БДУ), якая з сям’ёй спяшаецца наведаць бацьку, часта нагадвае: «Дачушка, мне нічога не трэба. Я сам яшчэ ўсё магу». Любіць чытаць газеты, прыгадаць, як некалі быў у гасцях у свайго земляка Кандрата Крапівы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *