Быць абаронцамі Айчыны

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Факты, падзеi, людзi

22w

Клуб спартыўных адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», які аб’ядноўвае стаўбцоўскіх падлеткаў, выйшаў на іншы, якасна новы ўзровень. Так выказаўся нязменны кіраўнік клуба Рыгор Мамайка, ён жа і старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», пасля нядаўняй паездкі выхаванцаў у г. Падольск, на ХІІІ Адкрыты міжрэгіянальны турнір Маскоўскай вобласці па армейскім рукапашным боі. Турнір быў прысвечаны 28-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана і праходзіў пад эгідай Саюза дэсантнікаў Расіі.

Удзельнікі клуба Ілья Клімко, Данііл Цішкоў, Арцём Шынкоўскі, Павел Грыгаровіч, Аляксей Шкода, Валянцін Бугроў, Данііл Шырвель, Сяргей Мамайка дастойна прадставілі не толькі Стаўбцоўшчыну, а і нашу краіну.

Не выпадкова 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, урачыстыя мерапрыемствы ў зале раённага Цэнтра культуры пачаліся акурат з фільмаў аб рабоце клуба. Клуб – дзецішча воінаў-інтэрнацыяналістаў, нашчадкаў баявой славы нашых бацькоў і дзядоў.

– Адзін у полі не воін, а разам мы – сіла, – падкрэслівае Рыгор Мамайка значнасць баявога брацтва. – Дзякуючы падтрымцы «афганцаў» мы можам набываць неабходнае для клуба і паказваць яго дзейнасць. Але не толькі воіны-інтэрнацыяналісты хварэюць душой за клуб. На іншы ўзровень мы выйшлі пры актыўнай падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, асабіста яго старшыні Юрыя Горлава. Для нас гэта вельмі важна.

– Пераломным момантам стала выступленне клуба ў Падольску. Раскажыце, які вопыт вы атрымалі?

– Калі нас запрасілі паўдзельнічаць у турніры, я доўга вагаўся. Прычына ў тым, што прадстаяла перайсці на новы від адзінаборстваў – армейскі рукапашны бой. Гэта даволі жорсткі від спорту. Але Юрый Мікалаевіч падтрымаў нас: паедзьце і паглядзіце, чым жывуць іншыя клубы.

Сапраўды, у Падольску воіны-інтэрнацыяналісты займаюцца з такімі ж «цяжкімі» падлеткамі, як і мы. Але гэта Расія – вялікая дзяржава. І горад Падольск значна большы за Стоўбцы. Аднак нам было што паказаць! Гаспадары турніру здзівіліся, што мы працуем у суперверхніх стойках. Нам пакуль не хапае барцоўскай тэхнікі.

– Будзеце працаваць, ісці далей?

– Гэта няпроста, але іншага не дадзена. Дзеці загарэліся. Яны адчулі, што можна заваёўваць медалі, і «рвуцца ў бой». У Падольску, да прыкладу, з дзецьмі працуюць трэнеры, майстры спорту – па дзюдо, самба, боксе. У нашага клуба такіх няма, акрамя Святланы Шыш, майстра спорту па каратэ-до, якая аказвае мне дапамогу. Як і мае іншыя выхаванцы – Дзмітрый Скачко, Юрый Мазур, Яўгеній Клімовіч і ўладальнікі крапавых берэтаў Яўгеній Грынюк і Андрэй Казак. Разам мы трэніруемся.

– З’ездзілі, выступілі, самаацэнку ўзнялі… Каму найперш удзячны за пад’ём баявога духу ў клубе?

– У наш эканамічна няпросты час райвыканкам зрабіў усё неабходнае для клуба. Дзякуй СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» – спонсару паездкі – і, безумоўна, Саюзу дэсантнікаў Расіі, які ацаніў нашу працу. Старшыня саюза Уладзімір Быкоўскі задаў мне пытанне: «Хто вам аказаў дапамогу? Пяць расійскіх камандаў не даехалі да турніру» (усіх удзельнікаў – 250 юнакоў рознага ўзросту). Параіўшыся з саветам нашай арганізацыі, мы адназначна назвалі старшыню райвыканкама Юрыя Горлава, намеснікаў старшыні – Сяргея Шэсцеля і Аляксандра Цываку, спонсара паездкі – дырэктара СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» Юрыя Звыцэвіча, а таксама камандзіра 25-га Арсенала Віктара Нікіціна і раённага ваеннага камісара Аляксея Дзядкова. Ім мы прывезлі ад Саюза дэсантнікаў Расіі ўдзячнасць у выглядзе граматы, падзячных пісьмаў.

Адносна паездкі дадам, што адно афармленне дакументаў чаго варта! У нас усё было ў парадку, дакументы аформлены на кожнага ўдзельніка. Іх было сем ва ўзроставых групах ад 12 да 17 гадоў. Падольцы прымалі нас вельмі цёпла і паабяцалі прыехаць з візітам у адказ.

– Відавочна, што ў воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія працуюць з будучымі прызыўнікамі, наладжаны цесныя сувязі з райваенкаматам, 25-м Арсеналам.

– Супрацоўніцтва ў нас цеснае і вельмі даўняе. 25-ы Арсенал дапамог клубу са спартыўным інвентаром. Разам збіралі металалом, і за гэтыя сродкі набывалі самае неабходнае. Тады ў клуба з’явілася ў СШ № 3 г. Стоўбцы свая зала. І райвыканкам аказаў дапамогу. Прайшоў турнір па рукапашным боі, прысвечаны памяці М. І. Лянцэвіча, колішняга дырэктара гэтай школы. На ім прысутнічала яго дачка, воіны-інтэрнацыяналісты (яны ж і спонсары гэтага турніру). І ў паездках, выступленнях членаў клуба на гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» пасадзейнічала кіраўніцтва 25-га Арсенала.

Раённы ваенны камісарыят пастаянна з воінамі-інтэрнацыяналістамі і на чале нашых ваенна-спартыўных збораў на базе СШ № 3, падчас якіх дзесяцікласнікі вывучаюць тактыку, праходзяць агнявую і страявую падрыхтоўку, адпрацоўваюць навыкі з аўтаматам. На Стаўбцоўшчыне такія пяцідзённыя зборы арганізуюцца толькі ў СШ № 3, дзе створана добрая матэрыяльная база, ёсць аўтаматы і пісталеты (іх, дарэчы, клуб «Абаронца Айчыны» зарабіў па лініі ДТСААФ). Гэтай зброяй карыстаюцца старшакласнікі і іншых школ горада. Будучым прызыўнікам армейская навука падабаецца і ідзе на карысць.

НА ЗДЫМКУ: узнагароджанне членаў клуба ў Падольску.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў падчас уручэння Граматы Саюза дэсантнікаў Расіі пракаменціраваў вынікі паездкі членаў клуба «Абаронца Айчыны» ў Падольск:

– Падобныя мерапрыемствы бываюць не так часта – іх трэба падтрымліваць. Дзеці павінны сустракацца, кантактаваць, паказваць, на што яны здатныя. На відэа мы ўбачылі, у якіх умовах займаюцца падлеткі ў Падольску. Мне вельмі прыемна, што ў нас умовы не горшыя. У нашым фізкультурна-аздараўленчым комплексе ёсць зала барацьбы, дзе ў асноўным і трэніруюцца члены клуба «Абаронца Айчыны».

Калі ў дзяцей з Падольска ёсць жаданне прыехаць да нас, мы будзем вельмі рады. Трэба папрацаваць над гэтым пытаннем. Дату сустрэчы папярэдне можна вызначыць на 3 ліпеня, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Да нас заўсёды з’язджаецца шмат гасцей з гарадоў-пабрацімаў (Азёраў, Жашкава і інш.) і будзе прыемна, калі да іх дабавяцца і прадстаўнікі Падольска. У гэты дзень мы яшчэ раз прадэманструем яднанне нашых народаў.

Дзякуй Рыгору Мамайку, які знаходзіць такія кантакты і ад імя ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, жыхароў раёна выражае нашу любоў да Радзімы.



Tagged

1 комментарий по теме “Быць абаронцамі Айчыны

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *