Традыцыі бацькоў – сынам у спадчыну

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Падчас вучобы ў Нававёскаўскай сярэдняй школе Сяргей Сянько аддаваў перавагу такім прадметам, як працоўнае навучанне і пачатковая ваенная падрыхтоўка. У школьнай майстэрні ён разам з настаўнікам затрымліваўся гадзінамі, каб змайстраваць штосьці цікавае і карыснае. А калі ў школьным ціры праводзілі стралковыя спаборніцтвы з дробнакалібернай вінтоўкі, заўсёды імкнуўся быць прызёрам сярод аднакласнікаў.

Пасля заканчэння навучальнага года старшакласнікі выязджалі на лагерныя зборы. Там яны ўдасканальвалі сваё майстэрства ў ваеннай справе. Па выніках залікаў па фізічнай і страявой падрыхтоўцы і стральбе Сяргей атрымліваў ганаровыя граматы.

Затым юнак быў прызваны выканаць свой асноўны канстытуцыйны і грамадзянскі абавязак. У войску давялося праслужыць чатыры гады – два гады тэрміновай службы і столькі ж кантрактнікам. Увесь час меў справу са складанай ваеннай тэхнікай. Але ні разу не было выпадку, каб кранаўшчык і вадзіцель магутных цягачоў не справіўся з пастаўленай задачай.

Армейскі механізатарскі вопыт адыграў вялікую ролю і ў далейшым жыцці Сяргея. Пасля звальнення ў запас ён звязаў свой лёс з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Як вопытнаму спецыялісту яму даручалі самую складаную айчынную і замежную тэхніку. Працаваў шчыра камбайнерам, на пагрузчыку, на кране. Прыгожы і працавіты юнак пакахаў мясцовую дзяўчыну – медыцынскую сястру. Пасля вяселля муж з жонкай дружна ўсталёўвалі сямейнае жыццё. У доме разам наводзілі парадак.

Хутка з’явіліся і дзеці – сын і дачка. Яны раслі і выхоўваліся на прыкладзе ўзаемных адносін бацькі і маці. Сын Аляксандр заўсёды быў памочнікам бацькі на жніве. Два гады запар сямейны экіпаж займаў прызавыя месцы па намалотах не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Аляксандр закончыў політэхнічны каледж і атрымаў спецыяльнасць тэхніка-электрыка. Тры месяцы адпрацаваў у метрапалітэне і адначасова займаўся гіравым спортам. Калі ў ваенкамаце дапрызыўнікі праходзілі медыцынскую камісію, юнак выказаў жаданне служыць ва ўнутраных войсках. І мара яго збылася. Аляксандр Сянько паспяхова прайшоў курс маладога байца, выканаўшы ўсе неабходныя спартыўныя нарматывы.

17 снежня 2016 года навабранец прыняў баявую прысягу. У гэты ўрачысты дзень прыехалі яго родныя – бацька, маці, бабуля, блізкія, сябры. Бравы выгляд, парадная ваенная форма, а галоўнае – мужчынскі гонар абаронца Айчыны свяціліся ў вачах маладога чалавека. У гутарцы з бацькамі пасля прысягі ён яшчэ раз пацвердзіў, што служба ў войску яму вельмі падабаецца.

Камандаванне часці двойчы тэлефанавала бацькам салдата і выказвала падзяку за ўзорнае выхаванне сына. А сам Аляксандр Сянько шчыра прызнаваўся бацьку і маці, што ў асобе абаронца Радзімы бачыць сваё прызванне, таму пасля тэрміновай службы згодзен служыць па кантракце і далей заставацца вайскоўцам.

Вось такі партрэт нашага маладога сучасніка. Пажадаем яму і яго сябрам выдатных поспехаў у гэтай пачэснай і ганаровай справе.

Адам ГРЫНКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *