Неруш – у песні матчынай

Культура Нумары

22t

5 сакавіка ў Любкаўшчынскім доме культуры адбудзецца святочны канцэрт з удзелам салісткі аркестра Дзяржаўнага ансамбля танца Валянціны Альшанскай, лаўрэата міжнародных конкурсаў, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», уладальніка медаля Францыска Скарыны Алега Сямёнава і баяніста-віртуоза, лаурэата І ступені на 66-м Міжнародным конкурсе «Трафей свету-2016» у Партугаліі Анатоля Тарана.

Бліжэй пазнаёміцца з Валянцінай Альшанскай, яе рэпертуарам нам дазволіць інтэрв’ю са спявачкай, якое яна дала нашай газеце.

–             Валянціна, наша знаёмства з вамі давайце пачнём з інфармацыі аб родзе вашай дзейнасці.

–             Калі гаварыць аб месцы работы, то з 2010 года я працую вакалісткай у заслужаным калектыве – Дзяржаўным ансамблі танца Беларусі. 10 гадоў мяне звязвала праца з фальклорна-этнаграфічным ансамблем «Неруш», дзякуючы якому я зразумела, хто такі артыст, і што такое сцэна.

–             А наогул, які быў ваш шлях да песні?

–             Любоў да народнай песні мне прывівала матуля, а яшчэ – асяроддзе, дзе я расла. Нарадзілася я ў вёсцы Закальное Любанскага раёна, дзе і прайшло ўсё маё дзяцінства. Сама прырода напявала мне песні. Школу і каледж скончыла ў горадзе Салігорску , вышэйшую адукацыю атрымлівала ў Мінску – ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Падчас вучобы ў Салігорскім педагагічным каледжы пела ў хоры і саліравала ў вакальным ансамблі. У гады вучобы ва ўніверсітэце па спецыяльнасці «Народная творчасць» працавала вакалісткай у Цэнтральным Доме афіцэраў. Вялікую практыку работы на сцэне атрымала ў канцэртнай арганізацыі «Славянскі сувенір». У 2000 годзе ў якасці салісткі ансамбля «Казакі Белай Русі» прымала ўдзел у фестывалі «Славянскі базар». Разам з Надзеяй Бабкінай удзельнічала ў маскоўскім фестывалі «Казачий круг». У 2002 годзе на «Славянскім базары» ў Віцебску пела ўжо ў складзе фальклорнай групы «Неруш». З гэтым мастацкім калектывам аб’ездзіла з гастролямі шмат краін, удзельнічала ў шматлікіх фестывалях. У 2003 годзе стала дыпламантам фестывалю беларускай песні ў Латвіі. У 2004 годзе перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Галасы Радзімы» сярод прафесіяналаў. Шанцункам у сваёй творчай біяграфіі лічу ўдзел у 2007 годзе ў конкурсе маладых выканаўцаў беларускай песні ў Маладзечне з аркестрам пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга. З 2006 года я пачала свой шлях як асобная спявачка. Неацэннымі па набыцці вопыту і развіцці былі для мяне гады працы ў фальклорна-этнаграфічным ансамблі «Неруш». Менавіта там пачалося маё станаўленне як артысткі.

–             З кім з дзеячаў культуры перасякаецца ваша творчае жыццё ў песенным мастацтве?

–             На творчым шляху было нямала сустрэч, і ўсе яны – знакавыя. Кожная асоба пакідала ў маім творчым жыцці нейкую асаблівую нотку. Лёс звёў мяне з цудоўным чалавекам і таленавітай паэтэсай Валянцінай Паліканінай – аўтарам шматлікіх вершаў да песень, якія выконваюць не толькі нашы знакамітыя беларускія артысты. Разам з гэтай таленавітай паэтэсай быў запісаны мой першы песенны дыск «Светлые праздники». Аўтарамі музыкі былі розныя кампазітары і таленавітыя музыканты. Гэта Эдуард Ханок, Дзмітрый Смольскі, Раман Козыраў, Сяргей Паплаўскі, Сяргей Талкуноў, Уладзімір Карызна.

Кожны год мой рэпертуар папаўняецца не толькі аўтарскімі творамі, але і любімымі народнымі песнямі, якія кранаюць самыя тонкія струны не толькі маёй душы. Зусім нядаўна мая творчая сцяжынка прывяла мяне да таленавітага кампазітара Алены Атрашкевіч. Ужо амаль што запісана песня на словы Канстанціна Цыбульскага, аўтарам музыкі якой з’яўляецца Алена. У рабоце цыкл песень гэтага ж аўтара для фартэпіяна і балалайкі. Для мяне гэта вельмі цікавая праца.

–             Якія яшчэ аўтарскія творчыя праекты парадуюць прыхільнікаў беларускай песні?

–             У гэтым годзе спадзяюся выпусціць свой дыск беларускіх народных песень, у якім раскрываецца ўся сутнасць майго светаўспрымання, адносіны і любоў да роднай зямлі, матчынай песні і да песні ўвогуле.

Буду вельмі ўдзячна ўсім, хто прыйдзе раздзяліць любоў да песні на наш канцэрт з удзелам саліста Алега Сямёнава і музыканта-віртуоза Анатоля Тарана.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *