Да медальнага гарызонту

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

22y

Стоўбцы становяцца арэнай найважнейшых спартыўных спаборніцтваў рэспублікі. У мінулую суботу ў зале нашага ФАКа высвятлялася, якая з камандаў прадоўжыць рашаючае змаганне за званне чэмпіёнаў Беларусі. На паркет выйшлі баскетбольныя жаночыя клубы «Гарызонт» (Мінская вобласць) і «Алімпія» (Гродна).

Баскетбалісткі «Гарызонта», якія валодаюць тытулам чэмпіёнаў рэспублікі па выніках першынства 2016 года, адразу захапілі ініцыятыву. Аднак далей пайшло ўсё не так гладка, як у папярэдняй гульні з гомельскім «Сожам». Гульня ішла ачко ў ачко. І ў канцы першай чвэрці сустрэчы на табло свяціліся лічбы – 14:12 на карысць «Алімпіі».

Галоўны трэнер «Гарызонта» Наталля Трафімава ў перапынку ўнесла адпаведныя карэктывы, і падчас другой дзесяцімінуткі каманда ўзвінціла тэмп. Пайшлі выніковыя кідкі ў карзіну ў цэнтравой Марыны Крэс, а таксама Ганны Брыч, Юліі Рыцікавай. Дакладныя пасы ўдаваліся Вользе Зюзьковай. Аматары баскетбола гэтых ігракоў, членаў зборнай Беларусі добра пазнавалі, усіх горача падтрымлівалі. А вось пра спартсменку з нумарам «4» на майцы некаторыя перапытвалі: «Хто такая?» Мініяцюрная, у параўнанні з больш высокімі каляжанкамі, яна, можна сказаць, з рэактыўнай хуткасцю, лёгка вяла мяч па паркеце, ды так, што абаронцы сапернікаў не маглі блакіраваць, спыніць яе бег. Затым следавала дакладная перадача, а нярэдка і сама баскетбалістка трапляла мячом у кальцо. Удакладняю пасля гульні. Імя і прозвішча не надта лёгкія для запамінання – Ауардад Наджад. Так, легіянерка, з Францыі. Вось бы яе заявіць у зборную нашай краіны! Прыгадваем амерыканку Ліндсей Хардзінг, якая да нядаўняга часу выдатна выступала за галоўную камнду Беларусі. Наталля Трафімава, якая ўзначальвае і зборную рэспублікі, пэўна ж, думае над гэтым.

Вядома ж, рашаючую ролю адыгрываюць нашы таленты. «Гарызонт» – тут россып спартыўных зорак. Але і «Алімпія» дэлегавала ў зборную Беларусі Алёну Голубеву, Арыну Масько, якія таксама вызначаліся на пляцоўцы. Дзякуючы ім і іншым спартсменкам «Алімпія», якая пасля першай паловы гульні ўступала – 22:33, у далейшым усімі сіламі старалася перамяніць ход матча. У адрас гасцей з Гродна таксама гучалі з трыбун апладысменты. І «Алімпія» ў ліку лепшых камандаў рэспублікі – тэхнічная, зладжаная ў дзеяннях.

Усё ж вопыт каманды з Міншчыны, больш роўны састаў ігракоў не дазваляў «Гарызонту» ўпусціць ініцыятыву. Часам «Алімпія» набліжалася на адлегласць, мінімальную ў баскетболе, дзе трапны кідок ацэньваецца двума ці нават трыма ачкамі. Але наперадзе ўвесь час быў «Гарызонт». І фінальны свісток зафіксаваў перамогу – 58:45. «Гарызонт», «Гарызонт!» – скандзіравалі гледачы, бурна вітаючы поспех каманды, якую прызналі сваёй.

Такім чынам, чэмпіянат Беларусі па баскетболе выйшаў на фінішную прамую. Званне чэмпіёнак рэспублікі разыграюць у вочным паядынку «Гарызонт» з Міншчыны і іх прынцыповыя саперніцы – сталічная каманда «Цмокі-Мінск». Рашаючая сустрэча, паводле папярэдніх даных, адбудзецца ў Стоўбцах 11 ці 12 сакавіка. Канкрэтна аб гэтым наша газета праінфармуе. Да новых сустрэч!

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *