Лепшыя ў жывёлагадоўлі

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Раённым выканаўчым камітэтам падведзены вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 2016 год.

Сярод калектываў сельскагаспадарчых арганізацый, якія спецыялізуюцца на вытворчасці і рэалізацыі малака, пераможцамі прызнаны:

У ПЕРШАЙ ГРУПЕ – калектывы ТАА «СЖК «Налібакі» (дырэктар В. І. Кушнер) і ААТ «Вялікі Двор» (дырэктар В. А. Луцык). Надой у сярэднім ад каровы склаў 8412 і 7502 кілаграмы малака;

У ДРУГОЙ ГРУПЕ – калектывы ААТ «Каганец» (дырэктар П. М. Малахаў) і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» (дырэктар А. Д. Дударэвіч). Надой у сярэднім ад каровы склаў 7073 і 4663 кілаграмы малака.

Сярод калектываў сельскагаспадарчых арганізацый, якія спецыялізуюцца на вытворчасці і рэалізацыі мяса, пераможцамі прызнаны:

У ПЕРШАЙ ГРУПЕ – калектывы ААТ «Вішнявецкі-агра» (дырэктар В.У. Худніцкі) і ААТ «Вялікі Двор» (дырэктар В. А. Луцык). Вытворчасць (рэалізацыя) мяса на 100 гектараў сельгасугоддзяў склала 41 і 33,1 тоны;

У ДРУГОЙ ГРУПЕ – калектыў ААТ «Каганец» (дырэктар П. М. Малахаў), вытворчасць (рэалізацыя) мяса на 100 гектараў сельгасугоддзяў склала 10,5 тоны.

У спаборніцтве сярод калектываў малочнатаварных фермаў пераможцамі прызнаны:

У ПЕРШАЙ ГРУПЕ – калектыў МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі» (брыгадзір І. М. Жвірбля) і калектыў МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (брыгадзір З. П. Ярашэвіч). Надой у сярэднім ад каровы склаў 8449 і 8167 кілаграмаў малака;

У ДРУГОЙ ГРУПЕ – калектыў МТФ «Засулле» ААТ «Каганец» (брыгадзір Т. А. Тарасевіч), надой у сярэднім ад каровы склаў 7453 кілаграмы.

Пераможцамі спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення кароў прызнаны:

У ПЕРШАЙ ГРУПЕ – Алена Іосіфаўна Гаптар (ТАА «СЖК «Налібакі») і Лідзія Аляксандраўна Рымашэўская (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»). Сярэдні надой ад каровы склаў 8949 і 8593 кілаграмы малака;

У ДРУГОЙ ГРУПЕ – Наталля Васільеўна Вазнюк (ААТ «Каганец»), сярэдні надой ад каровы склаў 7434 кілаграмы малака.

Пераможцамі спаборніцтва сярод аператараў па абслугоўванню дойнага статка прызнаны: Ігар Аляксандравіч Станкевіч (ААТ «Радзіма Якуба Коласа») і Віталій Іванавіч Гурневіч (ТАА «СЖК «Налібакі»); сярод аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы да шасцімесячнага ўзросту – Наталля Мікалаеўна Равоцька і Ганна Іванаўна Маліноўская (ААТ «Каганец»), Таццяна Уладзіміраўна Белая (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»); сярод аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы старэй шасцімесячнага ўзросту – Мікалай Анісімавіч Сяркоў (ААТ «Каганец»), Юрый Мікалаевіч Гарадко і Тадэвуш Казіміравіч Цвірка (ААТ «Агранёманскі»); сярод аператараў па вырошчванню рамонтных цялушак – Аляксандр Аляксандравіч Самуськоў (ААТ «Жацерава»), Ядвіга Мечыславаўна Чарняўская (ТАА «СЖК «Налібакі»); сярод аператараў па адкорме свіней – Лілія Чаславаўна Янчык (ААТ «Вішнявецкі-агра»).

За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сярод работнікаў асноўных масавых прафесій пераможцамі прызнаны: сярод кіраўнікоў – Пётр Міхайлавіч Малахаў (ААТ «Каганец») і Віктар Уладзіміравіч Худніцкі (ААТ «Вішнявецкі-агра»); сярод галоўных заатэхнікаў – Міхаіл Барысавіч Мікуліч (ААТ «Вялікі Двор») і Уладзімір Іосіфавіч Чарняўскі (ТАА «СЖК «Налібакі»); сярод галоўных ветурачоў – Уладзімір Макаравіч Швед (ААТ «Вялікі Двор») і Вячаслаў Часлававіч Вільнявец (ТАА «СЖК «Налібакі»); сярод заатэхнікаў-селекцыянераў – Таццяна Рыгораўна Вотчыц (ААТ «Агранёманскі»); сярод тэхнікаў па штучным асемяненні жывёлы – Валянціна Іосіфаўна Мусік (ТАА «СЖК «Налібакі»); сярод брыгадзіраў фермаў – Андрэй Мікалаевіч Мяшок (ААТ «Вялікі Двор») і Дзмітрый Валянцінавіч Аўчук (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»).

 

І ДЗЕВЯЦЬ ТЫСЯЧ – НЕ МЯЖА

За мінулы год на чатырох малочнатаварных фермах ТАА «СЖК «Налібакі» надоена 8858 тон малака, ад рэалізацыі якога атрымана летась 636 тысяч рублёў прыбытку. Рэнтабельнасць прадукцыі склала 21,2 працэнта.

– Вытворчасць малака – адзін з самых прыбытковых накірункаў работы ў жывёлагадоўлі, – расказвае дырэктар таварыства Віталій Кушнер. – Надоі маем высокія, а значыць, ёсць і магчымасць своечасова выплачваць заработную плату, якая склала летась 743,8 рубля. Мінулы год выдаўся для нас неблагім. Нарыхтавалі дастатковую колькасць розных відаў кармоў дзякуючы дадаткова выдзеленым землям. Гэта дазволіла збалансаваць рацыёны па пажыўных рэчывах. Грошы, якія раней трацілі на пакупку канцэнтратаў, пайшлі на рамонт і рэканструкцыю памяшканняў. Плануем укараніць сёлета новую тэхналогію вытворчасці малака. На плошчах былой свінафермы пабудуем «клюшачнікі» пад беспрывязное ўтрыманне дойнага статка з устаноўкай даільнай залы.

На працягу года работнікі малочнага цэха таварыства плюсавалі і здолелі атрымаць у сярэднім ад кожнай каровы па 8412 кілаграмаў малака. Па словах галоўнага заатэхніка Уладзіміра Чарняўскага, які чарговы раз прызнаны адным з лепшых сярод калег, жывёлаводам цалкам па сіле ў бліжэйшым будучым пакарыць дзевяцітысячны рубеж.

– Прыемна, што аператар машыннага даення Алена Гаптар выйшла пераможцам у раённым спаборніцтве. Медаль «За працоўныя заслугі» – пацвярджэнне высокага прафесійнага майстэрства гэтай працавітай жанчыны, – адзначае Віталій Іванавіч. – У кагорце пераможцаў шэсць нашых працаўнікоў і спецыялістаў.

Імкнуцца ў гаспадарцы павысіць і якасць малака. Мэтанакіравана тут вырошчваюцца цялушкі ўзнаўлення. У рэканструяваных жывёлагадоўчых памяшканнях цяпер пастаўлена на глыбокую падсцілку тысяча галоў маладняку буйной рагатай жывёлы.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *