Прадукцыя прэміум-класа

Нумары Сельская гаспадарка

25-6

Сялянская фермерская гаспадарка «Сула» вядомая як адна з вядучых у рэспубліцы па вырошчванні бульбы. Фермер Уладзімір Радзевіч, па-сутнасці, стварыў холдынг, у які аб’ядналіся створаныя крыху пазней ТАА «Аграцэнтр Сула» і «Сула Плюс». Такім чынам, цяпер больш як на 1200 гектарах вырошчваецца насенная і таварная бульба, у вытворчым цэху вядзецца яе падрыхтоўка для далейшай рэалізацыі. Ураджайнасць другога хлеба даволі стабільная і ў залежнасці ад сорту вагаецца ў межах 400 – 500 цэнтнераў з гектара.

– У мінулым годзе накапалі 26 тысяч тон бульбы, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. – Пастараліся ўсе механізатары і спецыялісты, за што ім вялікі дзякуй. У нас склаўся выдатны калектыў, які працуе зладжана і налічвае 59 чалавек. Найперш хачу выказаць словы ўдзячнасці за плённае супрацоўніцтва дырэктару ТАА «Аграцэнтр Сула» Эдуарду Янкоўскаму, галоўнаму аграному Сяргею Астапуку і галоўнаму інжынеру Мікалаю Сошку. А таксама галоўнаму інжынеру ТАА «Сула Плюс» Уладзіміру Бондару і яго намесніку Уладзіміру Бычко.

Галоўнае, што ўдалося адпрацаваць тэхналогію вырошчвання бульбы і мы можам планаваць будучы ўраджай незалежна ад умоў надвор’я. Набылі сем палівачных машын, якія выкарыстоўваем у засушлівыя гады. Летась паліў правялі на 240 гектарах пасадак, дзе выхад таварнай бульбы дасягнуў 90 працэнтаў пры высокай якасці клубняў. Трымаем сувязь з нямецкай кампаніяй BASF, якая пастаўляе нам сучасныя сродкі абароны раслін.

Для вырошчвання бульбы маем неабходны шлейф сучасных сельгасмашын, ёсць неабходнасць набыць яшчэ два бульбаўборачныя камбайны. Садзім перспектыўныя сарты замежнай і беларускай селекцый. Будзем сёлета завозіць новыя, ужо ёсць дамоўленасць з нямецкімі селекцыйнымі кампаніямі.

Прадавалі таварную бульбу і прадукцыю прэміум-класа ў асноўным у Расію, Узбекістан, Казахстан і Малдову. Клубні сярэдняй якасці рэалізуем на крухмальныя заводы краіны і Салігорскі калійны камбінат. Аднак з-за нізкай цаны на бульбу і высокіх затрат на яе вырошчванне рэнтабельнасць гэтай культуры невысокая. Шукаем захады для таго, каб мець большы прыбытак. Стаўку робім на ўласную перапрацоўку бульбы. У бліжэйшых планах далейшае пашырэнне зямельных угоддзяў.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *