З ацэнкай – лепшыя ў вобласці

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

25-2

У цэнтральнай раённай бальніцы прайшоў выніковы медыка-санітарны савет. Для калектыву медыцынскай установы – гэта вельмі значны дзень, які прыраўноўваецца да статусу адметнай падзеі. Хоць на медсавеце агучваюцца і праблемы, вядзецца сур’ёзная размова аб далейшых шляхах развіцця сферы аховы здароўя ў раёне, робіцца аналіз з агучваннем недахопаў, упушчэнняў, усё ж гэтая нарада пакідае шмат чаго і для ўзвышанага настрою. Найперш у зале збіраюцца медыцынскія работнікі з усяго раёна. І гэта можа быць толькі раз на год – у астатні час медыкі на сваіх пастах: у іх служба дня і ночы. На гэты раз па прадуманым рашэнні галоўнага ўрача Святланы Глебка на медыцынскі савет былі запрошаны ўсе маладыя спецыялісты, кіраўнікі лячэбна-прафілактычных устаноў раёна –дзвюх участковых бальніц, 10 урачэбных амбулаторый, 14 ФАПаў. Заўсёды на такім медыка-санітарным савеце адбываецца цырымонія ўзнагароджання лепшых працаўнікоў граматамі і падзякамі ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама, старшыні раённага выканаўчага камітэта і галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы. Кветкі ва ўсіх сабраных па бальніцы вазах чакалі ўручэння ўзнагароджаным.

Для пазітыву былі і такія прычыны. Куратар з Мінаблвыканкама намеснік галоўнага ўрача Мінскага абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі «Загор’е» Святлана Дзянісава дала высокую ацэнку дзейнасці стаўбцоўскай раённай бальніцы, назваўшы яе адной з лепшых медыцынскіх устаноў Мінскай вобласці. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель таксама выказаў задаволенасць вынікамі работы раённай бальніцы ў 2016 годзе, адзначыўшы ў дзейнасці ўстановы дакладна выбудаваную сістэму работы як адміністрацыі, так і ўсіх структурных падраздзяленняў. 124 урачы, 374 сярэднія медыцынскія работнікі і 368 чалавек іншага медыцынскага і абслуговага персаналу закліканы несці клопат пра якаснае медыцынскае абслугоўванне 39 758 чалавек, якія пражываюць у нашым раёне.

Калі скіраваць увагу на справаздачны даклад галоўнага ўрача Святланы Глебка, то ён быў пабудаваны ў лаканічна кароткай форме ў выглядзе відэапрэзентацыі. Работа медыцынскіх устаноў ацэньваецца па мадэлях канечных вынікаў. З 30 даведзеных паказчыкаў не выкананы восем, а ў ліку 22 выкананых ёсць паказчыкі са значным перавышэннем. Кіраўніком сферы аховы здароўя раёна асаблівая ўвага была закцэнтавана на рабоце з кадрамі. Як прагучала ў справаздачы, у гэтым годзе чакаецца прыбыццё 23 урачоў – выпускнікоў медыцынскіх устаноў краіны. Былі агучаны мерапрыемствы кадравай палітыкі, якія ўключаюць сістэму матэрыяльнага стымулявання маладых кадраў, клопат аб забеспячэнні жыллём. У маі плануецца здаць у эксплуатацыю сямейны інтэрнат на 24 месцы і дзве двухпакаёвыя кватэры.

Наогул на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў мінулым годзе асвоены 975 961 рубель. З іх 495 163 рублі – на набыццё абсталявання. Па тэмпах інфарматызацыі стаўбцоўская бальніца на асаблівым рахунку ў Мінскай вобласці, ды і ў рэспубліцы. На гэтыя мэты ў мінулым годзе затрачаны 73 491 рубель, 45 644 рублі з іх – з пазабюджэтнага фонду. План па інфарматызацыі выкананы на 151 працэнт. За год абсталяваны 27 з 37 ужо аўтаматызаваных рабочых месцаў медыцынскай інфармацыйнай сістэмы, якая дазваляе весці электронную медыцынскую карту пацыента. Укаранёны праект «Электронны рэцэпт», працуе інтэрнэт-рэгістратура на сайце talon.by. Закуплены планшэты ў паліклініку для ўкаранення праграмы «Мабільны доктар» з аддаленым падключэннем да мецыцынскай інфармацыйнай сістэмы цэнтральнай раённай бальніцы. У 2017 годзе планунецца далейшае развіццё лакальнай сувязі, праграмнага забеспячэння, падключэнне электроннай амбулаторнай карткі. З вялікай удзячнасцю Святланай Глебка была ацэнена спонсарская дапамога СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» і Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната ў набыцці камп’ютараў і праграмнага забеспячэння. Дырэктар мясакансервавага камбіната Рамуальда Бурдукевіч была запрошана на сход у якасці ганаровай госці. Яна выказала сваю ацэнку работы медустановы больш як пацыент і падарыла калектыву ікону ў сярэбранай аправе з пажаданнем Божага благаславення, адзначыўшы, што праца медыкаў суправаджаецца неабходнасцю праяўлення не толькі высокага прафесіяналізму, але і міласэрнасці, дабрыні і самахвярных адносін да выканання іх няпростых абавязкаў.

Са справаздачамі на медсавеце выступілі: галоўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч – па эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне (адзначана, што яна застаецца стабільнай і кіруемай), кіраўнікі службаў і структурных падраздзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы.

На новы вытворчы год калектыў медыцынскай установы ставіць перад сабою наступныя задачы: пераважнае развіццё амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, правядзенне якаснага дыспансернага назірання насельніцтва раёна, стабілізацыя дэмаграфічнай сітуацыі, своечасовае выяўленне анкапаталогіі, зніжэнне пярвічнага выхаду на інваліднасць у працаздольным узросце, павышэнне нараджальнасці і сярэдняй працягласці жыцця насельніцтва раёна. Гэтаму будзе садзейнічаць далейшае ўкараненне новых метадаў дыягностыкі і лячэння, як на амбулаторным этапе, так і ў стацыянары, развіццё інфармацыйных тэхналогій і пазабюджэтнай дзейнасці.

У рабоце медыка-санітарнага савета прынялі ўдзел прадстаўнікі айчынных фармакалагічных кампаній са сваімі прэзентацыямі.

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Здзіславаўна Глебка (на здымку) адзначана Падзякай Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *