Аркестру – званне «заслужаны»

Культура Нумары

image_pdfimage_print

25-9

Народны духавы аркестр «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў удастоены высокага звання – «заслужаны». Такое рашэнне прынята Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Цяпер калектыў мае назву – «Заслужаны духавы аркестр «Віціны».

Нязменны на працягу апошніх 10 гадоў мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестра загадчык аддзялення духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Нічыпаровіч расказаў аб тым, якую сур’ёзную ацэнку дзейнасці кампетэнтнай камісіяй у складзе дзеячаў культуры нашай краіны давялося вытрымаць калектыву. Прафесіяналізм і заслугі калектыву ацэньваліся традыцыямі, якія ён прадаўжае ў горадзе. У гэтым плане варта прыгадаць Стоўбцы пачатку ХХ стагоддзя, дзе было некалькі дзеючых духавых аркестраў. Крытэрыем ацэнкі служылі і ўзнагароды на міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, удзел у прэстыжных міжнародных і айчынных фестывалях. У гэтым плане аркестрам «Віціны» «адваяваны» самыя прэстыжныя ўзнагароды, аб кожнай такой падзеі наша газета не прамінала расказаць чытачам.

Што датычыць рэпертуару, то бралася да ўвагі не толькі выкананне маршаў, чым адметны рэпертуар духавых калектываў, але і іншых музычных твораў – не толькі класічных, але і сучасных, эксклюзіўных тым, што яны датычаць творчасці паэтаў і кампазітараў сваёй мясцовасці. Вялікага майстэрства ад духавых аркестраў патрабуе ўдзел у марш-парадах, плац-канцэртах. Улічвалася і касцюміраванне аркестра, што таксама разам з адметнай жанравай накіраванасцю рэпертуару і высокім выканальніцкім майстэрствам дапамагае яму мець свой твар. У складзе духавога аркестра 35 музыкантаў. Статус заслужанага калектыву адкрывае перад аркестрам пэўныя перспектывы, што будзе садзейнічаць далейшаму развіццю духавой музыкі ў нашым раёне.

У сувязі з гэтым варта адзначыць вялікую работу па абнаўленні складу калектыву. Аляксандр Нічыпаровіч, да назначэння яго дырыжорам народнага аркестра, з 1999 года ўзначальваў у школе мастацтваў дзіцячы духавы аркестр «Васількі». І цяпер выкладчыкі духавога аддзялення прыкладаюць свае старанні і маюць вялікую зацікаўленасць у рабоце з дзіцячым аркестрам, які ў школе мастацтваў наведваюць вучні малодшых класаў. На аддзяленні духавых інструментаў у гэтым навучальным годзе займаюцца 120 юных музыкантаў, так што ёсць з каго выбіраць удзельнікаў аркестра.

Віншуем духавы аркестр з высокім званнем і жадаем далейшага працвітання мастацкаму калектыву!

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестра Аляксандр Нічыпаровіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *