Перамогі Стаўбцоўшчыны – у скарбонку Міншчыны

Нумары Раённыя навіны Соцыум

4mart

У мінулую суботу на Стаўбцоўшчыне ладзілася свята працы.

Стаўбцоўскі раён славіцца сваімі традыцыямі, адна з іх – падвядзенне вынікаў работы за мінулыя гады і ўшанаванне людзей працы, якія дабіліся найбольшых вынікаў у прафесійным плане.

У гэты дзень амаль вясеннія промні сонца ўсіх запрашалі на ўрачыстае мерапрыемства ў раённы Цэнтр культуры, дзе сабраліся перадавікі вытворчасці, лепшыя працаўнікі раёна, кіраўнікі арганізацый, ветэраны працы, паважаныя госці.

У фае шырока разгарнуліся выставы-дэгустацыі прадукцыі Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната, выставы мясцовых майстроў вырабаў з саломкі і дрэва, рэдакцыі газеты «Прамень», дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа, аддзела адукацыі, спорту і турызму і інш.

Святочнае мерапрыемства адкрылася праглядам кінафільма аб развіцці і дасягненнях Стаўбцоўскага раёна ў 2016 годзе, аб прафесійным майстэрстве перадавікоў мінулага года.

На сцэну быў запрошаны старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Юрый Мікалаевіч у сваім прывітальным слове вельмі цёпла звярнуўся да ўсіх прысутных у зале, падзякаваў за працу, за тое, што змаглі дабіцца важкіх вынікаў, нягледзячы на складанасці надвор’я, за значны ўклад у агульную скарбонку сацыяльна-эканамічнага развіцця Міншчыны. Юрый Горлаў лічыць, што нягледзячы на ўсе дасягненні, усё ж самым галоўным багаццем з’яўляюцца людзі. «На бягучы 2017 год перад раёнам стаяць напружаныя задачы, аднак яны нам па сіле, паколькі на Стаўбцоўшчыне жывуць таленавітыя, працавітыя людзі».

Затым на сцэне ўшаноўвалі лепшых з лепшых з усіх сфер дзейнасці раёна, тых, хто ўдастоены быць занесеным на раённую Дошку гонару, атрымаць ганаровыя граматы, падзякі, падзячныя пісьмы Мінскага аблвыканкама, райвыканкама, галіновых прафсаюзаў. Сярод узнагароджаных – шмат працаўнікоў аграпрамысловага комплексу: механізатараў, жывёлаводаў, заатэхнікаў, ветурачоў, г. зн. усіх тых, хто вызначыў сённяшні поспех, бо дасягнуць высокіх вынікаў можна толькі ў камандзе – калі кожны кіруецца прынцыпамі адказнасці і ўзаемапавагі. Амаль 150 чалавек атрымалі ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама і яго першага намесніка, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніса Колясеня.

Шчыра парадаваўся за поспехі Стаўбцоўшчыны член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня СВК «Агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага раёна Мікалай Радаман, які заўсёды знаходзіць час быць са сваімі выбаршчыкамі ва ўсіх значных для раёна падзеях. Павіншаваць працаўнікоў Стаўбцоўшчыны, прызнаць высокія поспехі прыехалі шаноўныя госці: старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Мікалай Міхайлавіч Іванчанка, член Савета Рэспублікі пятага склікання Святлана Рыгораўна Сарока, прэс-сакратар старшыні аблвыканкама Галіна Васільеўна Трафіменка, рэдактар газеты «Мінская праўда» Вольга Аляксандраўна Шпілеўская, а таксама дэлегацыі суседніх раёнаў: Дзяржынскага, Уздзенскага, Валожынскага, Нясвіжскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Клецкага раёнаў, Кастрычніцкага раёна г. Мінска, Мінскага малаказавода № 1.

На свяце адзначана праца і ўмелае кіраўніцтва старшыні раённага выканаўчага камітэта. Юрый Мікалаевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і нагрудным знакам «110 гадоў прафсаюзнаму руху».

Стаўбцоўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» прызнана лепшай арганізацыяй у Мінскай вобласці, а яе старшыня Наталля Аляксандраўна Лапко, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, узнагароджана Дыпломам Мінскага абласнога грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». Рамуальдзе Браніславаўне Бурдукевіч, дырэктару Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната, у намінацыі «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва» прысвоена званне «Жанчына года Міншчыны». Рашэннямі Стаўбцоўскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў дырэктару ААТ «Вялікі Двор» Вользе Аляксееўне Луцык прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Стаўбцоўскага раёна».

Выдатным падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці сталі канцэртныя нумары ў выкананні мастацкіх калектываў раённага Цэнтра культуры, Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, заслужанага духавога аркестра «Віціны».

Свята атрымалася яркім, запамінальным. Бясспрэчна, яно паслужыць натхняльным стымулам для выканання пастаўленых задач, дасягнення новых працоўных вяршынь, якія будуць садзейнічаць развіццю нашага рэгіёна.

Справа гонару і абавязку – упісваць новыя яркія старонкі ў гісторыю нашай Стаўбцоўшчыны. А гісторыя прадаўжаецца, і хочацца пажадаць, каб у раёна наперадзе было яшчэ шмат перамог і добрых спраў.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *