На зямлі Коласа – аб медыяпрасторы і культуры

Культура Нумары

4mma

На мінулым тыдні на Стаўбцоўшчыне прайшла калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, на якой былі падведзены вынікі работы за 2016 год, акрэслены задачы на бягучы год.

Удзел у калегіі ўзялі намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч,   намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сірэнка, старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, в. а. начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Баранок, намеснік начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Хмель, начальнік упраўлення па справах моладзі міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная і іншыя.

Для ўдзельнікаў і гасцей раённай газетай «Прамень», раённай бібліятэкай, раённым цэнтрам культуры былі падрыхтаваны выстаўкі. Забягаючы наперад, варта сказаць, што вялікая група работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і работнікаў культуры Міншчыны атрымала ўзнагароджанні за плённую працу. Сярод іх – і прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны. Міністэрства інфармацыі ўзнагародзіла знакам «Выдатнік друку Рэспублікі Беларусь» рэдактара раённай газеты «Прамень» Нэлі Астрэйка. Падзякамі міністра культуры адзначаны начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік і дырэктар Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Слесарчык.

З асноўнымі дакладамі выступілі в. а. начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Хмель. У зале працаваў свабодны мікрафон – выказацца маглі ўсе жадаючыя.

Стаўбцоўшчына стала пазнавальнай

У сваім прывітальным слове старшыня райвыканкама Юрый Горлаў звярнуў увагу на тое, што ўдалося зрабіць, падзякаваў за работу ўсім, хто ўнёс значны ўклад у развіццё раёна.

– У нас рэалізавана шмат цікавых праектаў, наладжана цеснае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. Стаўбцоўскі раён стаў больш пазнавальным. Да нас прыязджалі прадстаўнікі СМІ рэспублікі і Расійскай Федэрацыі, якія наведалі прамысловыя прадпрыемствы, сацыяльныя і турыстычныя аб’екты. Удзячнасць за гэта выказваю прэс-сакратару старшыні аблвыканкама Галіне Трафіменка, рэдактару раённай газеты Нэлі Астрэйка.

Важная падзея, за якую адрасую словы падзякі аблвыканкаму, Акадэміі навук, – правядзенне ў Стоўбцах навукова-практычнай канферэнцыі і прызнанне даты заснавання горада – 20 чэрвеня 1593 года. Цяпер у стаўбчан ёсць свой Дзень горада.

Для жыхароў горада і раёна ўведзены ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Пастаўлена задача дабіцца яго акупнасці да 50 працэнтаў, і для ідэалагічнага актыву, прафсаюзаў гэта штуршок актывізаваць работу па аздараўленні людзей, асабліва моладзі. У нас у сельскай гаспадарцы працуюць 94 маладыя спецыялісты. Была праведзена вялікая работа. Мяркую, праз некалькі гадоў у нас будзе свой рэзерв кадраў.

У мінулым годзе мы пачалі будаваць у Стоўбцах дзіцячы сад на 230 месцаў. На жаль, выраб неабходнай дакументацыі ішоў цэлы год. Сёння праект мае 30 працэнтаў гатоўнасці. У гэтым годзе мы вырашым праблему перапоўненасці дзіцячых садоў.

Дзякуючы работнікам культуры, асабліва Святлане Сарока, у нашым раёне выступаюць сусветна вядомыя артысты. І калектывы нашага раёна дзеляцца вопытам, пераймаюць яго ў іншых.

На інфармацыйным полі Міншчыны

На пасяджэнні было адзначана, што інфармацыйнае поле Міншчыны даволі вялікае. Яго тэматычнай дамінантай сталі такія важныя падзеі 2016 года, як парламенцкія выбары, Усебеларускі народны сход, правядзенне Года культуры і т. п. Агульны разавы тыраж дзяржаўных газет вобласці складае 145 тысяч экзэмпляраў, што на працэнт ніжэй, чым у 2015 годзе. Іх эканамічная складаемая хоць і марудна, але ўпэўнена набірае тэмп. Паказчык самаакупнасці газет перасягнуў 106 працэнтаў. Практычна ўсе газеты Міншчыны, у тым ліку і «Прамень», працуюць з прыбыткам. Упершыню самаакупнай стала абласная газета «Мінская праўда». Згодна са статыстыкай, каля 50 працэнтаў даходаў газет фарміруецца ад рэкламы.

У свеце новых тэхналогій дынамічна развіваюцца сайты раённых газет. У сярэднім у суткі на іх заходзяць 450 наведвальнікаў. Запрацаваў абласны партал млын.by, які павінен стаць пляцоўкай для медыяпрасторы Міншчыны, форумам для абмеркавання і т. п.

Задача для шасці тэлеканалаў, якія працуюць у вобласці, – стварэнне канкурэнтаздольнага кантэнта і павелічэнне ўласнага прадукту. Расце ўзровень даверу да радыёстанцый у слухачоў. І тут Мінская вобласць, якая мае «Минскую волну» і захавала, у адрозненне ад іншых абласцей рэспублікі, раённыя радыё, выглядае вельмі выгадна. Па даручэнні старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры завершаны аналіз работы сямі паліграфічных прадпрыемстваў на тэрыторыі вобласці, у тым ліку дзвюх друкарань абласной формы ўласнасці, Барысаўскай і Слуцкай. Стрымліваючым фактарам развіцця паліграфпрадпрыемстваў, як звяртала ўвагу і міністр інфармацыі Лілія Ананіч, з’яўляецца рост кошту імпартнай сыравіны і матэрыялаў, а яны займаюць у структуры сабекошту прадукцыі 80 працэнтаў.      

Бягучы год пройдзе пад знакам Года навукі і 500-годдзя кнігадрукавання, 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, 30-годдзя грамадскага аб’яднання ветэранаў і, безумоўна,135-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Прэзідэнт краіны падкрэсліў, што ўдасканаленне нацыянальнай ідэалогіі – гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве, аснова для далейшага развіцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *