Ушанавалі руплівых жывёлаводаў

Нумары Сельская гаспадарка

4am

Жывёлаводы ААТ «Радзіма Якуба Коласа» па вытворчасці малака і мяса пастаянна на перадавых пазіцыях. Летась работнікі малочнага цэха надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы па 6453 кілаграмы малака і спрацавалі з прыбаўкай. Сярэднясутачны прырост у вазе жывёлы склаў 620 грамаў.

Працаўнікі згуртаваных калектываў прыкладаюць намаганні і сёлета, каб   павялічыць дасягнутыя паказчыкі. І зрабіць гэта ёсць магчымасць: удасканальваецца тэхналогія, умацоўваецца кармавая база, будуюцца новыя жывёлагадоўчыя памяшканні.

У сельгаставарыстве функцыянуюць пяць малочнатаварных фермаў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч завітала на кожную з падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункамі, каб павіншаваць за добрасумленную працу лепшых жывёлаводаў гаспадаркі.

Лідзіруе па паказчыках МТФ «Пагарэлае», якую ўзначальвае брыгадзір, Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда Ярашэвіч. Па выніках мінулага года зладжаны і працавіты калектыў гэтай фермы выйшаў прызёрам у раённым спаборніцтве. І ў гэтым поспеху немалая заслуга аператара машыннага даення Ніны Зяньковіч, якой на працягу многіх гадоў не было роўных у раёне па надоях. За высокія вынікі ў рабоце Ніну Леанідаўну неаднаразова ўзнагароджвалі. Жанчына мае вялікі стаж работы – амаль сорак гадоў рупіцца даяркай. Ужо на пенсіі, але працягвае працаваць і не саступае маладзейшым, у прыватнасці калезе Лідзіі Рымашэўскай. Лідзія Аляксандраўна ў мінулым годзе выйшла пераможцай у раённым спаборніцтве і сёлета ў прызёрах, паказвае прыклад у працы. Адказная справа і ў жывёлавода Ігара Станкевіча, які ўносіць немалы ўклад у агульную скарбонку. Ад даглядчыкаў-пастухоў многае залежыць, а Ігару Аляксандравічу ўмення не займаць, бо мае больш як дваццацігадовы стаж работы.

У даільнай зале МТК «Пагарэлае» завіхаецца аператар машыннага даення Святлана Столп. Кіраўніцтва таварыства задаволена яе работай. Святлана Вячаславаўна на працы з абавязкамі спраўляецца і дома паспявае ўсё зрабіць. Яна шматдзетная маці, нарадзіла чатырох дзяцей. Таццяна Белая шосты год працуе цялятніцай, увогуле ў жывёлагадоўлі далёка не навічок – раней працавала на свінагадоўчай ферме. Таццяна Уладзіміраўна любіць і шкадуе сваіх маленькіх гадаванцаў, забяспечваючы высокія прывагі.

Кацярына Навуменка таксама шматдзетная маці. Яна шчыруе на МТФ «Жыгалкі» разам з мужам. Набыты вопыт дазваляе ёй атрымліваць неблагія вынікі. Добрасумленна выконвае сваю работу і даярка Ірына Саўко, якая нейкі час працавала цялятніцай. Ірына Феліксаўна строга прытрымліваецца тэхналогіі даення. На МТФ «Шахноўшчына» добрых слоў заслугоўваюць аператар машыннага даення Ірына Крывашэй і цялятніца Таццяна Трацэнка. У Ірыны Мікалаеўны самы высокі надой сярод даярак фермы. У жанчыны пяцёра дзяцей. Таццяна Віктараўна больш за чвэрць стагоддзя рупіцца цялятніцай. Добра ведае і прафесію даяркі, з якой пачалася яе працоўная біяграфія.

Усе ўшанаваныя жывёлаводы з’яўляюцца прыкладам у рабоце для сваіх калег.

На здымках: задаволена работай аператара машыннага даення Ірыны Крывашэй і цялятніцы Таццяны Трацэнка брыгадзір МТФ «Шахноўшчына» Ганна Атрушкевіч; аператар машыннага даення Кацярына Навуменка разам з мужам Васіліем шчыруе на МТФ «Жыгалкі»; перадавы жывёлавод МТФ «Пагарэлае» Ігар Станкевіч.

 

АКРЭСЛІЛІ ЗАДАЧЫ

У ААТ «Рочавічы» адбылася рабочая нарада з абмеркаваннем паказчыкаў работы жывёлагадоўчай галіны раёна за студзень бягучага года. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, галоўныя спецыялісты і спецыялісты сярэдняга звяна згаданай гаспадаркі разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзянісам Колясенем аб’ехалі ўсе малочнатаварныя фермы таварыства – «Кондратавічы», «Рудзевічы» і «Рочавічы». Падкрэслівалася, што ў тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы дапускаюцца парушэнні, якія негатыўна адбіваюцца на паказчыках. На пасяджэнні абмеркавалі надзённыя пытанні і паставілі задачы. Больш увагі ўдзялілі менавіта рабоце рочавіцкіх жывёлаводаў. Былі акрэслены шляхі выпраўлення становішча, якое склалася.

 

ЛІДЗІРУЕ СПРЫТНАЯ

З кожным годам павялічваецца малочны патэнцыял дойнага статка раёна. Дзякуючы мэтанакіраванай селекцыйнай рабоце больш становіцца на фермах высокаўдойных кароў. На МТФ «Цэнтр» ТАА»СЖК «Налібакі» ўтрымліваецца карова па мянушцы Спрытная. Аператар машыннага даення Марына Бычко надаіла ад рагулі летась 13 367 кілаграмаў малака. Такі рэкордны вынік атрыманы ўпершыню. Усяго ў таварыстве налічваецца восем кароў з надоем, які перасягае трынаццацітысячны рубеж. У мінулым годзе ад 12 да 13 тысяч кілаграмаў малака атрымана ад 25 кароў, ад 11 да 12 тысяч – ад 46, ад 10 да 11 тысяч – ад 79. Высокаўдойныя каровы стаяць пераважна на малочнатаварных фермах ААТ «Вялікі Двор», «Радзіма Якуба Коласа» і «Каганец».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *