У запале спартыўнай барацьбы мераліся сіламі аграрыі раёна

Нумары Спорт

4as

Адбылася сёмая раённая зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу, якая прайшла напярэдадні свята – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства ладзілася на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Меліяратар» у Дзераўной. Удзел у спаборніцтвах прынялі шаснаццаць камандаў.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колясень у прывітальнай прамове адзначыў, што спорт – гэта здароўе, сіла, станоўчыя эмоцыі. Мэта праведзеных мерапрыемстваў – стварыць вясковым людзям добры настрой, даць магчымасць праявіць сябе не толькі на рабоце, а і ў спартыўнай барацьбе. Дзяніс Cяргеевіч пажадаў усім удзельнікам пастарацца заваяваць як мага больш узнагарод, якія зоймуць дастойнае месца ў калекцыях сельгаспрадпрыемстваў і асабістых дасягненняў.

Першай праходзіла спартыўная эстафета, якая ўпершыню ў гісторыі спартакіяды ладзілася на адкрытым паветры. Чатыром удзельнікам (два мужчыны і дзве жанчыны) неабходна было віртуозна прайсці на лыжах дыстанцыю паміж вешкамі, прабегчы з мячамі і санкамі, правесці мяч клюшкай. Запалу паддавалі балельшчыкі. Выканаць усё правільна і без памылак аказалася даволі нялёгка. Не абышлося без падзенняў, як саміх спартсменаў, так і спортінвентару. Нямала было зароблена і штрафных секундаў. Першай стартавала і прыйшла да фінішу каманда ААТ «Стаўбцоўская ПМК» у складзе Вольгі Дземідовіч, Веранікі Казловай, Віталія Паўлоўскага і Дзмітрыя Біюця. Другое месца заняла каманда ААТ «Шашкі», якую прадстаўлялі Святлана Талстая, Вераніка і Аляксей Русецкія, Дзмітрый Грышан. Трэцімі сталі спартсмены ТАА «СЖК «Налібакі», за каманду выступалі Ала Шумчык, Настасся Юргель, Віталій Чарняўскі і Андрэй Бараноўскі.

Затым спаборніцтвы пачаліся адначасова на ўсіх спартыўных пляцоўках.

Новае выпрабаванне чакала кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якім неабходна было трапна адправіць клюшкай шайбу ў вароты. Усе стараліся, а ўдача ўсміхнулася дырэктару ААТ «Стаўбцоўская ПМК» Аляксандру Пашкевічу. Старшыні прафкамаў паказвалі сваё майстэрства ў дартсе. Месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у Валянціны Карнічэнка з ААТ «Радзіма Якуба Коласа», другое – у Ядвігі Радзіон з ААТ «Шашкі», трэцяе – у Вікторыі Райскай з ААТ «Вялікі Двор».

У лыжных гонках перамог дуэт з ААТ «Агранёманскі» – Аляксандр Грамыка і Марыя Турко. На другім месцы Вадзім Казлоўскі (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс») і Алёна Смулькевіч (ААТ «Рочавічы»), на трэцім – Іван Лёсік (ААТ «Каганец») і Вольга Голышава (ААТ «Рубяжэвічы»).

У гульні ў настольны тэніс сярод мужчын і жанчын першынство мелі прадстаўнікі ТАА «СЖК «Налібакі» Віталій Чарняўскі і Настасся Юргель. На другіх прыступках – тэнісісты АБФ «ПМК-74 – Налібакі» Дзмітрый Лыскойць і Настасся Харытончык. Трэція месцы занялі Сяргей Борыс з СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і Кацярына Стралковіч з ААТ «Вішнявецкі-агра».

Больш за сваіх сапернікаў пераскочыў праз скакалку Вадзім Казлоўскі з СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», другое і трэцяе месцы занялі Сяргей Самасейка (ААТ «Каганец») і Віталій Тарабэш (ААТ «Жацерава»). Сярод жанчын месцы размеркаваліся наступным чынам: Святлана Чышэвіч (ААТ «Рубяжэвічы»), Надзея Лысая (ААТ «Шашкі») і Наталля Саўчыц (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»).

У баскетболе самымі трапнымі сталі Аляксандр Якімаў і Зінаіда Дрозд (ААТ «Агранёманскі»), Андрэй Клімко і Вольга Шкель (ААТ «Каганец»), Андрэй Шумчык і Жанна Храмая (ААТ «Радзіма Дзяржынскага»).

Напружанай была барацьба і сярод асілкаў-гіравікоў. У вагавай катэгорыі звыш 75 кілаграмаў п’едэстал, як і на мінулагодняй зімовай спартакіядзе, занялі Сяргей Пяткевіч (ААТ «Рубяжэвічы»), Алег Дубаў (ААТ «Вялікі Двор») і Аляксандр Курловіч (ААТ «Вішнявецкі-агра»). У вагавай катэгорыі да 75 кілаграмаў лепшымі сталі Юрый Чорны (ТАА «СЖК «Налібакі»), Павел Бібік (ААТ «Рочавічы») і Віктар Казлоўскі (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»).

Пераможцы ў эстафеце і індывідуальных спаборніцтвах узнагароджаны граматамі, медалямі і падарункамі.

Па выніках усіх відаў спорту чэмпіёнам спартакіяды стала каманда ААТ «Радзіма Якуба Коласа». На другім месцы каманда ААТ «Агранёманскі», на трэцім – ААТ «Вішнявецкі-агра». Пераможцам і прызёрам уручаны кубкі, дыпломы і каштоўныя падарункі. За чацвёртае месца дыплом і прыз у намінацыі «За імкненне да перамогі» ўручаны камандзе ААТ «Каганец», а ў намінацыі «Самая крэатыўная» – камандзе ААТ «Дзераўное».

Віншавалі ўдзельнікі спартакіяды з днём нараджэння Анатолія Дарашчука, жывёлавода ААТ «Агранёманскі», якому таксама быў уручаны падарунак.

Мерапрыемства арганізавалі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Аграпрамысловы саюз.

Удзельнікі спартакіяды частаваліся смачнай кашай, што была прыгатавана на палявой салдацкай кухні, якую прадаставіла камандаванне вайсковай часці № 25819.

На здымках: 1. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень уручае кубак дырэктару ААТ «Вішнявецкі-агра» Віктару Худніцкаму. 2. Каманда ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – пераможца. 3. Лепшая ў спартыўнай эстафеце каманда ААТ «Стаўбцоўская ПМК» у складзе Віталія Паўлоўскага, Вольгі Дземідовіч, Веранікі Казловай і Дзмітрыя Біюця. 4. Першае месца па баскетболе ў спартсменаў ААТ «Агранёманскі» Зінаіды Дрозд і Аляксандра Якімава. 5. Перамагла ў настольным тэнісе Настасся Юргель з ТАА «СЖК «Налібакі». 6 і 7. Моманты спартакіяды.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *