Рэаліі

Нумары Соцыум

ЯК ІДЗЕ ВЫКАНАННЕ

Шырокі грамадскі рэзананс атрымаў Дэкрэт Прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Гэтая тэма шырока абмяркоўваецца ў сродках масавай інфармацыі, на інфармацыйных парталах.

З пытаннем, як рэалізуецца Дэкрэт № 3 у нашым раёне, мы звярнуліся ў інспекцыю па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне, на якую ўскладзены работа па налічэнні, згодна са сфарміраванай інфармацыйнай базай даных плацельшчыкаў збору, сум, адасланні апавяшчэнняў і кантроль за спагнаннем гэтых плацяжоў.

На сучасны момант 212 чалавек заплацілі збор за вызначаны падатковы перыяд – 2015 год, сума паступленняў у бюджэт склала 62 170 рублёў.

–Дэкрэт прадугледжвае,– тлумачыць начальнік аддзела кантролю за падаткаабкладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб Наталля Ярашэвіч, – права грамадзян пасля атрымання апавяшчэнняў аб аплаце збору на працягу трыццаці каляндарных дзён з дня атрымання паведамлення прадаставіць у падатковы орган дакументы ці тлумачэнні, якія засвядчаюць аб адсутнасці ў яго абавязку па выплаце збору за адпаведны падатковы перыяд ці аб няправільным налічэнні падатковым органам сумы збору. Указаныя дакументы і тлумачэнні разглядваюцца ў месячны тэрмін. Пасля разгляду прымаецца адно з наступных рашэнняў: аб пацвярджэнні раней уручанага апавяшчэння; аб унясенні змяненняў у гэтае апавяшчэнне; аб ануляванні апавяшчэння. На перыяд, пакуль ідзе разгляд дакументаў ці тлумачэнняў, падатковы орган прыпыняе прыняцце мер аб спагнанні збору. У выпадку ж пропуску па ўважлівай прычыне тэрміну прадастаўлення дакументаў ці тлумачэнняў, гэты тэрмін па заяве грамадзяніна можа быць адноўлены.

Пр

 

АД АПЛАТЫ ЗБОРУ ВЫЗВАЛІЛА КАМІСІЯ

На цяперашні момант чатыром жыхарам раёна прадастаўлена права на вызваленне ад аплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, прадугледжаных Дэкрэтам № 3, у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй.

Камісія з падобнымі паўнамоцтвамі створана пры райвыканкаме згодна з распараджэннем старшыні Юрыя Горлава ад 8 лютага 2017 года. У яе склад увайшлі прадстаўнікі розных службаў і арганізацый раёна: інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, службаў «адно акно», юрыдычнай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра, крымінальна-выканальніцкай інспекцыі міліцыі, цэнтральнай раённай бальніцы.

– Прайшло ўжо два пасяджэнні камісіі, – расказала яе старшыня, начальнік райфінаддзела Наталля Валявач. – З разгледжаных 12-ці заяў чатыром грамадзянам прадастаўлена права на вызваленне ад аплаты збору.

– Наталля Віктараўна, можна прывесці канкрэтныя прыклады? Якія жыццёвыя сітуацыі лічацца цяжкімі?

– Кожная сітуацыя – індывідуальная, не падобная адна на другую. У склад камісіі таму і ўключаны прадстаўнікі розных службаў, каб разглядаць пытанні аператыўна і ў комплексе.

Да прыкладу, у камісію звярнуўся з заявай стаўбчанін 1991 года нараджэння. У 2014 годзе малады чалавек закончыў гістарычны факультэт Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, але працоўнага месца не знайшоў. Неаднойчы звяртаўся ў раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму, рассылаў рэзюмэ ў аддзелы іншых раёнаў. У перыяд з 21 мая па 20 жніўня 2015 года быў прыняты на пасаду інструктара-метадыста турысцка-экскурсійнага комплекса «Высокі бераг». Праходзіў медыцынскую камісію для прызыву на тэрміновую ваенную службу, у ходзе чаго быў накіраваны на абследаванне ва ўмовах стацыянара і прызнаны няздатным да армейскай службы. У лістападзе малады чалавек перанёс аперацыю, пасля якой фізічна не змог працаваць па спецыяльнасці.У лютым 2016 года ён уладкаваўся аператарам ЭВМ на Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, і з 1-га верасня прыняты на працу настаўнікам гісторыі ў адной са школ раёна. Як бачна, працоўнае месца ў яго ёсць, але не выпрацавана дастатковая колькасць дзён у годзе (183 дні). Таму і сума збору яму налічана няпоўная – 281 рубель 90 капеек (поўная сума – 360 рублёў). Малады чалавек працуе, і камісія вырашыла пайсці яму насустрач, прадаставіла льготу – вызваленне ад аплаты збору.  

– Бываюць сітуацыі, калі чалавек хоча вырашыць пытанне, але не мае ніякіх пацвярджальных дакументаў?

– Аналагічны выпадак у нас быў. Заяўніца са Стоўбцаў 1996 года нараджэння ўказала, што з лістапада 2014 па чэрвень 2015 года яна даглядала свайго цяжкахворага дзядулю. Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне не звярталася, таму што ў дзядулі не была аформлена група інваліднасці. Потым дзядуля памёр, акурат у перыяд, калі сваякі ўжо пачалі праходзіць медыцынскае абследаванне для ўстанаўлення групы інваліднасці. Прадстаўнік бальніцы сапраўды пацвердзіла, што дзядуля хварэў і патрабаваў старонняга догляду. Камісія вызваліла і гэтую заяўніцу ад аплаты збору. Тым больш, што дзяўчына з верасня 2015 года ўладкавалася на працу ў вузел паштовай сувязі.

– Тэрмін аплаты збору ўжо сышоў, але заявы ад грамадзян камісія прымае?

– Так, і па меры паступлення яны разглядаюцца. На даны момант ад грамадзян прынята яшчэ 15 заяў. Звяртацца неабходна ў службу «адно акно» райвыканкама, асабіста. У гэтай службе размешчаны пералік дакументаў, якія неабходны для пацвярджэння цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *