У саюзе сэрцаў

Нумары Соцыум

На раённым свяце працы старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльанй абароне райвыканкама Наталлі Лапко была ўручана Ганаровая грамата грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» за ўклад у развіццё жаночага руху на Стаўбцоўшчыне. З гэтай нагоды мы просім Наталлю Аляксандраўну расказаць, чым адметнае жыццё раённай арганізацыі Саюза жанчын.

–             Работа раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын галоўным чынам накіравана на сацыяльную падтрымку жаночага насельніцтва раёна, на адстойванне ў органах заканадаўчай і выканаўчай улады правоў і законных інтарэсаў жанчын, сем’яў, дзяцей.

–             Наколькі масавая гэтая арганізацыя ў нашым раёне?

–             Яна складаецца з 18 пярвічных арганізацый, у якія аб’яднаны 562 жанчыны. Па накіраванасці дзейнасці жаночая арганізацыя асаблівую ўвагу ўдзяляе жанчынам – ветэранам вайны і працы. Напярэдадні Дня Перамогі і Дня Незалежнасці ў працоўных калектывах, ва ўстановах культуры і адукацыі раёна праходзяць сустрэчы з ветэранамі. Да гэтых святаў ветэранам вайны дастаўляюцца прадуктовыя наборы. На гэтыя патрэбы, а таксама на аказанне ім розных надомных паслуг затрачана летась 3480 рублёў. Добрай традыцыяй у нашым раёне з’яўляюцца святочныя сустрэчы і ўрачыстыя праграмы да 8 Сакавіка. Асаблівая ўвага надаецца шматдзетным маці. У нашым раёне 53 жанчыны, якія нарадзілі і выхоўваюць пяць і больш дзяцей, узнагароджаны ордэнам Маці. Прыемна, што кожны год нам ёсць каго прадставіць да гэтай дзяржаўнай узнагароды. У мінулым годзе ордэн Маці атрымалі Вольга Пракаповіч з аграгарадка Дзераўная і Ганна Анфалава з Новага Свержаня. Наша арганізацыя мае цеснае супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі арганізацыямі раёна. У ліку іх асацыяцыя «Шматдзетная сям’я», якую ўзначальвае Алена Асаёнак. Па хадайніцтве органаў сацыяльнай абароны сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын у мінулым годзе з мясцовага бюджэту было выдзелена 27 тысяч рублёў для падрыхтоўкі дзяцей-школьнікаў са шматдзетных сем’яў да новага навучальнага года.

–             Калі працягваць гутурку аб накірунку аказання дапамогі тым, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, то якія яшчэ такія добрыя справы на рахунку жаночай арганізацыі?

–             Заслугоўвае ўвагі валанцёрскі рух сярод моладзі і пажылых грамадзян, дабрачынная дзейнасць. У 2016 годзе прадаставілася магчымасць аказаць матэрыяльную дапамогу на суму каля 10 недэнамінаваных мільёнаў рублёў 14-ці сем’ям раёна, дзе ёсць анкалагічна хворыя дзеці.

–             Наталля Аляксандраўна, якімі новымі формамі работы адметная дзейнасць арганізацыі апошнім часам?

– Сярод такіх інавацыйных формаў можна адзначыць стварэнне ў мінулым годзе Клуба дзелавых жанчын. У яго аб’яднаны жанчыны-кіраўнікі. На пасяджэннях клуба можна актыўна адпачыць, атрымаць кансультацыі ўрачоў, кулінараў, паўдзельнічаць у псіхалагічных трэнінгах, праявіць сваю творчасць, падзяліцца яркімі ідэямі. Ключавым момантам у дзейнасці нашай грамадскай арганізацыі з’яўляецца актыўны ўдзел у правядзенні раённага Тыдня маці. Ва ўсіх мерапрыемствах гэтага тэматычнага тыдня раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын прымае актыўны ўдзел. Кожны год мы рыхтуем матэрыялы для ўдзелу жанчын нашага раёна ў рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года». У мінулым годзе ў такім конкурсе ўзнагароду ў намінацыі «За ўклад у адраджэнне вёскі» атрымала дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Вольга Луцык. Распрацавана і зацверджана раённае Палажэнне аб конкурсе «Жанчына года». Летась упершыню быў праведзены такі конкурс у васьмі намінацыях. Пераможцам былі ўручаны дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры пяці базавых велічынь. Раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын важным накірункам сваёй дзейнасці выбрала задачу фарміравання здаровай і моцнай сям’і, паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў нашай краіне. Гэтаму садзейнічаюць шматлікія праекты і мерапрыемствы, якія паспяхова рэалізуюцца і праводзяцца ў нашым раёне.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх жанчын нашага раёна з жаночым днём – 8 Сакавіка і пажадаць светлага настрою, спакою і міру ў душы, у вашым сем’ях і на нашай зямлі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *