Самая зямная прафесія

Нумары Сельская гаспадарка

04t

У Ірыны Атрушкевіч самая што ні на ёсць зямная прафесія – яна аграном. Дваццаць восем гадоў свайго жыцця прысвяціла Ірына Уладзіміраўна рабоце ў сельскай гаспадарцы. Зараз працуе аграномам-насенняводам у ААТ «Рубяжэвічы». Ірына Уладзіміраўна ў нядаўнім мінулым галоўны аграном ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе яскрава раскрыўся яе талент спецыяліста раслінаводчай галіны. Дзякуючы ведам і рупнасці гэтай умелай у хлебаробскай справе жанчыны ў гаспадарцы пастаянна атрымлівалі высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур. Амаль чатыры гады назад мужа прызначылі дырэктарам таварыства, і сям’я пераехала з Любкаўшчыны ў Рубяжэвічы. Павышэнне па службе добрая навіна, але ў душы Ірына Уладзіміраўна перажывала: як будзе на новым месцы? Аднак усё склалася добра.

У сваёй справе вопыту Ірыне Уладзіміраўне не займаць. Дзеліцца ім з маладымі спецыялістамі. Да яе слоў прыслухоўваюцца. І багацейшымі здабыткамі аддзячваюць рубяжоўскія палеткі. Асабліва ўмацавалася кармавая база. Летась згуртаваны калектыў прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. І ў гэтым немалая заслуга Ірыны Атрушкевіч, якая за шматгадовую і добрасумленную працу была адзначана падзякай аблвыканкама.

Спакойная і ўраўнаважаная, Ірына Уладзіміраўна ўмее ладзіць з падначаленымі. Жонка дырэктара – фігура ў таварыстве адметная, аднак ганарлівай Ірына Уладзіміраўна ніколі не была. Па характары яна простая і сціплая жанчына, з адкрытай для шчырай размовы душой. Гатовая прыйсці на дапамогу, калі ёсць такая патрэба, і зрабіць усё магчымае, што ў яе сілах. За гэта цэняць яе людзі і з задавальненнем прынялі ў сваю дружную вясковую сям’ю.

Родам Ірына Атрушкевіч з Магілёўскай вобласці, дзе і сёння жывуць яе маці і тры браты. Ірына – малодшая ў шматдзетнай сям’і. З-за пастаяннай занятасці, ды і шлях няблізкі, нячаста, на жаль, выпадае паехаць на малую радзіму. Але сэрцам яна заўжды са сваімі роднымі. У Ірыны Уладзіміраўны два сыны. Старшэйшы ўжо дарослы, скончыў універсітэт, адслужыў у арміі і працуе. Малодшы жыве разам.

Жанчыне і сапраўды рэдка выпадала адпачыць, бо заўсёды ў клопатах. А вось сёлета ўдалося правесці водпуск разам з мужам у Казахстане, дзе ў Алматы жывуць яе родная цётка і тры дваюрадныя сястры. Падзівіліся на прыгажосць сталіцы Астаны і прывезлі нямала «заморскіх» падарункаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *