Адзначаюць свята разам

Нумары Сельская гаспадарка

04r

Юлія Протас працуе памочнікам брыгадзіра на МТК «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Яна шматдзетная маці. Малодшаму сыну Максімку ў красавіку споўніцца два гады, але жанчына датэрмінова выйшла на работу. У дэкрэтным водпуску згадзіўся «адпачыць» муж Ігар, механізатар таварыства.

– Тата ў нас малайчына, – падкрэслівае Юлія Канстанцінаўна, – выдатна спраўляецца з бацькоўскімі абавязкамі. – Калі кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала мне выйсці на работу, ён не пярэчыў і сказаў, што ў данай сітуацыі лепш будзе мне крышку адысці ад дамашніх спраў. Так бы мовіць, змяніць абстаноўку. Дапамагаю брыгадзіру комплексу і адначасова спрабую сябе ў прафесіі заатэхніка, якую атрымліваю завочна ў калежды. Работа падабаецца.

У Юліі Канстанцінаўны трое дзяцей. Старэйшая Настасся ўжо паўналетняя, вучыцца ў сярэдняй спецыяльнай установе, а сын Дзмітрый заканчвае дзявяты клас. Жыве сям’я ў Любкаўшчыне, дзе купіла ўласнае жыллё. Ёсць прысядзібны ўчастак. У Юліі Канастанцінаўны бязмежная любоў да кветак. Асабліва ёй падабаюцца ліліі – вырошчвае іх трыццаць відаў. Абажае белыя півоні. Яна і сама, як кветка, – маладая, прыгожая, жвавая.

– Муж ведае, што кветкі для мяне самы лепшы падарунак, і абавязкова на святы дорыць букецік, – расказвае жанчына. – Няхай сабе і невялічкі, але мне вельмі прыемна. Тым больш у дзень нараджэння, які адзначаю ў снежні.

І на дзень жанчын Ігар Міхайлавіч абавязкова купляе сваёй каханай жывыя кветкі – сімвал вернасці і любові. Сярэдні сын робіць падарункі сваімі рукамі. Навучыўся на ўроках працы ў школе такому рамяству, як выпальванне па дрэве, і радуе сваю матулю адмысловымі сувенірамі.

Першае вясновае свята сям’я адзначае разам. Дачка дапамагае гатаваць стравы. Стараюцца нарабіць розных новых салатаў, каб, як гаворыць гаспадыня, было смачна, многа і хутка. Па традыцыі, пякуць торт – усім падабаецца менавіта бісквітны.

– І запрашаем да сябе дарагіх сэрцу маці, якія падарылі нам жыццё, – дадае Юлія Канстанцінаўна. – Яны больш любяць практычныя падарункі – хусткі, прыгожы посуд і розныя вырабы на кухню. Заўжды ўлічваем іх пажаданні.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *