З ордэнам «Знак Пашаны»

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

04y

Згадзіцеся, не такая частая з’ява, калі краўчыха атрымлівае ордэн «Знак Пашаны». Гэта адзнака была ў яе ў 80-х гадах. Усе 50 гадоў, колькі Валянціна Аляшкевіч працуе ў сферы бытавога абслугоўвання, яе пастаянна адзначалі рознымі ўзнагародамі за бездакорную і высокакваліфікаваную работу. Мае нагрудны знак «Выдатнік службы бытавога абслугоўвання».

Гэтую сціплую жанчыну кожны з нас не раз бачыў на кірмашах і выставах з прадукцыяй камбіната бытавога абслугоўвання. Валянціна Віктараўна гаворыць, што ў яе заўсёды ёсць упэўненасць у якасці тавару, таму што ён пашыты выдатнымі швачкамі атэлье, стаж работы якіх складае шмат гадоў. Ды і тканіны на натуральнай аснове не падвядуць.

Выбранай прафесіяй краўчыхі Валянціна Віктараўна абавязана сваёй маці, якая закончыла ваенныя курсы і была адмысловай майстрыхай. Дома ў яе было шмат заказаў, і дзяцінства дзяўчынак прайшло ля швейнай машынкі. Бацька быў шаўцом абутку. З чатырох дзяцей швейнай справе прысвяцілі жыццё дзве дачкі. Сястра ў Валянціны Віктараўны – закройшчыца. Сама яна пасля атрымання спецыяльнасці працоўную дзейнасць пачынала ў масавым цэху камбіната бытавога абслугоўвання. Калі вызвалілася месца, заступіла на работу па сваёй спецыяльнасці – майстар верхняга мужчынскага адзення. Доўгі час была брыгадзірам. Каб адмыслова выканаць работу швачкі, каб касцюмчык сеў, ад майстра патрэбны талент. Гэтая карпатлівая работа, патрабуе вялікіх старанняў. Валянціне Віктараўне не сорамна за свае рабочыя будні, якія былі напоўнены ўдзячнымі водгукамі наведвальнікаў атэлье.

Пасля выхаду жанчыны на пенсію ў Старым Свержані, дзе жыве яе сям’я, вызвалілася месца прыёмшчыцы комплексна-прыёмнага пункта. Валянціна Аляшкевіч прыняла прапанову кіраўніцтва камбіната прыступіць да гэтай працы. І вось ужо хутка дзесяць гадоў, як яна паспяхова асвоіла і гэтую справу. Смела можна казаць – асвоіла, бо тут патрабуецца не толькі майстэрства швачкі, але і адміністратара, на якога ўскладзены справаздачнасць, абавязкі па выкананні даведзеных заданняў. Усе гэтыя гады Старасвержанскі комплексна-прыёмны пункт пастаянна выконвае даведзеныя заданні. Вяскоўцы маюць магчымасць здаць рэчы ў хімчыстку, у пральню, у рамонт. Адкрыты аддзел рытуальных тавараў. Заўсёды ў продажы прадукцыя ўласнага пашыву ведамаснага атэлье. Аднак на адных гэтых паслугах даведзеныя заданні не выканаеш. І адпраўляецца Валянціна Аляшкевіч са сваім таварам у дарогу. Бывае – і ў дальнюю. Цяпер стала распаўсюджанай практыка ўзаемаразлікаў з прадпрыемствамі і фабрыкамі за ўзяты тавар. Валянціна Аляшкевіч прапанавала прадукцыю камбіната бытавога абслугоўвання калектывам жодзінскай фабрыкі «Світанак», магілёўскай тэкстыльнай фабрыкі «Лента», пінскай трыкатажнай фабрыкі «Палессе», гродзенскаму тонкасуконнаму камбінату і іншым прадпрыемствам. Напрыклад, у Жодзіне яна прадала тавараў на суму 15 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Сумела зацікавіць пакупнікоў коўдрамі, пледамі, камплектамі пасцельнай бялізны, керамічнымі вырабамі, жаночым і мужчынскім адзеннем з натуральных тканін. Усё гэта дапамагло ёй справіцца з выкананнем планаў і падтрымаць камбінат у рэалізацыі швейнай прадукцыі, якою перанасычаны рынак, таму не так проста яе рэалізаваць.

Валянціна Віктараўна выклікае сімпатыю не толькі як працаўніца, але і як маці. Усе яе трое дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю ў прэстыжных ВНУ краіны. Каб вывучыць іх, яна брала дадому заказы па пашыве скураных куртак. Для гэтай работы ў яе заставаліся толькі ночы. Такая самаахвярнасць упрыгожвае жанчыну-маці, якая цяпер цешыцца сваімі дзецьмі, што маюць пасады, стварылі моцныя сем’і, выхоўваюць паспяховых дзяцей, якія радуюць бабулю і дзядулю сваімі талентамі.

На свяце працы чарговы раз Валянціна Аляшкевіч атрымала ўзнагароду як перадавік, перасягнуць паказчыкі якой нікому ў калектыве працаўнікоў сферы бытавога абслугоўвання раёна не ўдалося.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *