Уменне – абслужыць пакупніка

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

04u

У ліку лепшых працаўнікоў раёна, чые фотаздымкі занесены на раённую Дошку гонару, і прозвішча загадчыцы прадуктовага магазіна № 21 «Аптавік» Ганны Шастак.

Кіраўніцтва райспажыўтаварыства тым самым адзначае высокія заслугі гэтага прадаўца ў прафесійнай і ўмелай арганізацыі кааператыўнага гандлю. Факт гаворыць сам за сябе: за два гады работы Ганна Аляксандраўна сумела вывесці магазін з адстаючага па паказчыках на перадавыя пазіцыі. Гэта адзін з прадуктовых магазінаў горада, дзе высокі тавараабарот і папулярнасць у пакупнікоў.

Напрыканцы 80-х гадоў Ганна Шастак прыступіла да самастойнай работы ў гандлі пасля атрымання спецыяльнасці. Уся яе працоўная дзейнасць звязана з работай у райспажыўтаварыстве. І ўсюды, дзе б яна ні працавала, ёй лёгка было з калегамі, таму што яна адкрытая, добразычлівая, аптымістычная, жартаўлівая, заўсёды прыйдзе на дапамогу. Адным словам, надзейная. Вельмі не хацелі яе адпускаць калегі з магазіна «Забота», які мае самы высокі тавараабарот. Ды і сама яна не ахвотна развітвалася з калектывам – гэта ж як сям’я.

Ёй не толькі прыйшлося ўзяць адказнасць за магазін, які саступіў з пазіцый, але і падабраць новы штат, арганізаваць работу. Цяперашні месячны таварабарот магазіна «Аптавік» ля стаўбцоўскага лясгаса складае больш за 50 тысяч рублёў. Магазін працуе прыбыткова, па метадзе самаабслугоўвання. Пакупнікам прадастаўляецца права выбару тавару розных вытворцаў. Магазін славіцца тым, што там бойка ідзе гандаль мясам і мяснымі вырабамі Сноўскага агракамбіната. Магазін мае сваіх пакупнікоў са сталіцы, для якіх фарміруюцца заказы. Размяшчэнне прадуктовай крамы па шляху на туркомплекс «Высокі бераг» і на мемарыяльныя сядзібы Якуба Коласа таксама скарысталі прадаўцы, каб прыцягнуць наведвальнікаў. Летам продаж марожанага і прахаладжальных напіткаў б’е ўсе рэкорды. Ды і на працягу ўсяго года магазін мае такі адмысловы асартымент тавару, што яго палюбілі не толькі жыхары навакольных вуліц і працаўнікі бліжэйшых прадпрыемстваў райцэнтра. Загадчыца чуйна сочыць за попытам. Калі тавар закончыўся, ён адразу завозіцца – склады ж недалёка. Так што перабояў з таварам тут не дапускаюць. Яе адносіны да работы перадаліся і падначаленым, якія ўмела арганізоўваюць гандаль і магазін лічаць сваім.

Ганна Аляксандраўна гаворыць, што яна так любіць гандляваць, што лічыць гэтую прафесію самай лепшай у свеце. Адметна, што ў райспажыўтаварыстве дынастыя Шастакоў. На хлебнай машыне доўгі час працуе яе муж Ігар Яраслававіч, які з’яўляецца брыгадзірам вадзіцеляў спецыялізаваных хлебных машын. Райспажыўтаварыству яны абавязаны тым, што некалі тут пазнаёміліся і стварылі моцную дружную сям’ю. Родны дзядзька мужа Міхаіл Шастак – у ліку лепшых вадзіцеляў аўталаўкі райспажыўтаварыства. Дочкі Ганны і Ігара Шастакоў таксама працуюць у сферы абслугоўвання – яны павары. Прафесію повара мае і сястра мужа. Так што слаўная дынастыя. Гэта вельмі радуе Ганну Аляксандраўну і робіць гонар ёй.

А мы, назіраючы за работай Ганны Шастак за прылаўкам, яшчэ раз пераконваемся, што нішто так не ўпрыгожвае, як прастата ў зносінах, уменне прывеціць чалавека, знайсці для яго хвілінку часу і куточак у сваім сэрцы. Мы не бяромся раскрываць усе сакрэты прафесіяналізму Ганны Шастак. Іх у яе нямала. Для ўсіх важны вынік.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *