Ад матулі – хлеб і доля

Людзі і лёсы Нумары

4kam

Такіх жанчын, як Марыя Камёнка з вёскі Зарэчча (Вішнявецкі сельсавет), няшмат знойдзецца на нашай зямлі. Марыя Аляксандраўна нарадзіла і выхавала дзесяць дзяцей!

Кожнае сваё дзіця яна благаславіла ў самастойнае жыццё. І сёння за дзяцей дзякуе Богу, бо яны, па яе словах, не гультаі, усё ўмеюць і, безумоўна, доўжаць век любай матулі.

Марыя Камёнка родам з суседняга хутара. Гадавалася з сястрой і братам, які ў вайну загінуў пад Варшаваю. Замуж выйшла за мясцовага хлопца. «Трудяга» быў яе Пётр Мацвеевіч (светлай памяці). Сам пабудаваў вялікі дом. Здаецца, што ён увесь – суцэльная святліца. Сваімі рукамі зладзіў печы, стаякі, якія служаць і сёння. Марыя Аляксандраўна таксама працавала, не пакладаючы рук. Гадаваць дзяцей дапамагала свякроў, якая з імі жыла.

З маленства прывучала дзяцей да працы. На поле ўсе як высыплюць, дык за дзень выкапаюць дзве дзялкі бульбы. Камёнкам іншым разам зайздросцілі: «Во, як вам добра!» Бацька пасвіў калгасных кароў, а дзеці разам з сабакам былі ў яго ў «падпасавічах» (тады не было электрапастухоў). Нездарма ў школе, а потым і ў навучальных установах яны заўсёды былі спартыўнымі, выступалі на спаборніцтвах. Бывала, што дапамагалі і суседзям. Свой агарод быў амаль паўгектара. Трымалі дзвюх кароў, свіней, курэй, гусей…

Гусі, якіх дзеці пасвілі на балоце недалёка ад дому, – гэта, бадай, не толькі дамашняя гаспадарка, але і асноўнае хобі Марыі Аляксандраўны. З гусінага пер’я яна зрабіла не адзін дзясятак падушак! «Дасталося іх у пасаг і дзецям, і ўнукам. Яшчэ шэсць падушак дома, у матулі», – падказвае Алена, адна з яе дачок-мінчанак. Аленін муж, Міхаіл, стараецца ва ўсім дагадзіць любімай цешчы. Часта наведваецца да матулі дачка Марына з суседняга Вішняўца. У Вішняўцы жыве і Ірына. У яе Марыя Аляксандраўна некалькі разоў зімавала. На Стаўбцоўшчыне аселі яшчэ трое яе дзяцей: Ніна – у Навапольцах, Галіна – у Любкаўшчыне, Іван – у Стоўбцах. У бабулі два дзясяткі ўнукаў, 19 праўнукаў. Летам адзін з праўнукаў збіраецца жаніцца, так што будуць сярод нашчадкаў і прапраўнукі…  

Дочкі Марыі Аляксандраўны дастаюць з шафы адзін са старых фотаздымкаў, акурат са свята іх вёскі. З’ехаліся тады ў бацькоўскі дом амаль усе дзеці. Яны ж такія пявучыя, галасістыя! Не раз на Вялікдзень хадзілі з песнямі па вёсцы. Прытанцоўвалі на старадаўняй брукаванцы ды сыпалі жартамі, суседзяў у сваю кампанію далучалі. «Было так весела, хацелася жыць», – успамінае Марыя Камёнка.

Доўгі час разам з гаспадаром яна спявала ў царкоўным хоры. Пакуль магла, хадзіла ў царкву на ўсяночныя, каб асвяціць велікодны пачастунак для сваіх блізкіх.

Хоць у сям’і гадавалася дзесяць дзяцей, але без кавалка хлеба ніколі не былі. Марыя Аляксандраўна сама выпякала хлеб, нарыхтоўвала бочкамі саленні. Летам збіралі ў лесе ягады. Матуля вазіла іх у Мінск, каб зарабіць капейку. А яшчэ жанчына сама ўмела прыгатаваць смачна, прыгожа, так што аднавяскоўцы запрашалі яе на вяселлі – дапамагчы накруціць на стол рулетаў, галубцоў. Яна і сваім дзецям справіла ўсё так, як у людзей: сынам – вечары перад адпраўкай у войска, дочкам – вяселлі, радзіны.  

Усё жыццё Марыя Камёнка любіла вязаць. За вечар магла звязаць пару дзіцячых рукавічак! Вяжа і сёння, хоць вочы, кажа, ужо дрэнна бачаць. Слухае тэлевізар, а асабліва – перадачы з удзелам бацюшкі. «Перажываю за Украіну. Іншым разам дастаю і чытаю Біблію», – перадае яна свае пачуцці.

На жаль, пусцее апошнім часам Зарэчча, але суразмоўцы ў Марыі Аляксандраўны ёсць. Да яе заходзяць суседкі – Ядвіга Іосіфаўна Кійко, Зінаіда Аляксандраўна Калевіч. Пагутараць і пра цяперашняе, і пра былое. Сама яна ва ўсім любіць гаспадарлівасць, парадак, а дзеці слухаюцца і стараюцца яго падтрымліваць.

Некалі муж Марыі Камёнка любіў казаць: «Жыццё прайшло як два дні». Варта жыць, таму што жыццё – дар Божы, і ў ім Марыя Аляксандраўна, сапраўдная мадонна, падаравала дзесяць жыццяў!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *