У школу – на ўрок фінансаў

Адукацыя Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

04i

Тэма фінансавай граматнасці настолькі важная ў сучасным свеце, што ў Расійскай Федэрацыі ў школьную праграму нават увялі такі ўрок. У Беларусі таксама шырока праводзіцца асветніцкая работа ў навучальных установах. Прыкладам можа паслужыць і мерапрыемства, якое прайшло ў рамках рэспубліканскай праграмы па павышэнні фінансавай граматнасці напрыканцы лютага ў сярэдняй школе № 2 г. Стоўбцы. Ініцыятарамі яго сталі ЗАТ «Плацежная кампанія «Белкарт» пры арганізацыйнай падтрымцы менеджара філіяла № 500 –Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Жанны Гнецька і менеджара Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення ААБ «ААБ Беларусбанк» Жанны Горлавай.

Невыпадкова менавіта кампанія «Белкарт» са спецыялістамі Беларусбанка рэалізуюць такі асветніцкі праект фінансавай граматнасці з вучнёўскай моладзю Беларусі. Беларусбанк з’яўляецца найбольш буйным эмітэнтам – карыстальнікам плацежных картак у колькасці больш за тры мільёны штук з больш чым пяці мільёнаў выпушчаных ЗАТ «Плацежная кампанія «Белкарт».

Гасцей удзельнікам сустрэчы прадставіла дырэктар школы Аксана Лось. На сустрэчу з вучнямі прыехалі менеджар па рэкламна-інфармацыйнай рабоце філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Жанна Гнецька, дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 гэтага банка ў Стоўбцах Людміла Стралкоўская, намеснік начальніка рознічнага бізнесу Марына Курдун, галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу Святлана Жыбуль і прадстаўнікі ЗАТ «Плацежная сістэма «Белкарт» – начальнік аддзела PR Марына Роман і вядучы аналітык аддзела метадалогіі і аналітыкі ўпраўлення развіцця плацежнай сістэмы Ала Кісель. Аксана Міхайлаўна зрабіла акцэнт на тым, што вучні школы заявілі ўжо аб сабе на конкурсах фінансавай граматнасці, яны актыўныя ўдзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў, якія арганізоўвае для вучнёўскай моладзі кампанія «Белкарт» сумесна з Беларусбанкам. Свае веды школьнікі паспяхова прадэманстравалі і на ўроку фінансавай граматнасці. У залу былі запрошаны вучні шостых і сёмых класаў.

Урок прайшоў у форме прыемнай сустрэчы. Гэтаму спрыяла атрыбутыка мерапрыемства – паветраныя шары з лагатыпам Беларусбанка і прызы ад гэтага банка, а таксама падарункі, падрыхтаваныя кампаніяй «Белкарт». Умела, жыва, крэатыўна правяла ўрок у форме гульні-віктарыны Марына Роман. У яе вялікі вопыт работы з аўдыторыяй, так як кампанія ажыццяўляе серыю навучаючых мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці ў навучальных установах іншых гарадоў нашай краіны.

Урок складаўся з дзвюх частак – лекцыі з відэасуправаджэннем у жывой даступнай форме і пазнавальна-забаўляльнай гульні. У дзяцей быў стымул праяўляць інтэлект, кемлівасць: пераможцаў чакалі прызы, а актыўныя вучні за кожны правільны адказ у якасці бала атрымлівалі міні-шакаладку. У такой гульнявой форме школьнікі маглі засвоіць патрэбныя веды ў галіне фінансаў, акрамя таго, атрымалі ўстаноўкі па выкарыстанні розных фінансавых інструментаў, што сфарміравала ў іх уяўленне аб банкаўскіх прадуктах, аб асаблівасцях банкаўскай дзейнасці. Вучні даведаліся аб перавагах плацежнай сістэмы «Белкарт», аб банкаўскіх плацежных картках, іх відах, асаблівасцях карыстання карткамі, банкаматамі, інфакіёскамі і ў цэлым – аб дзейнасці картачнага бізнесу, аб правілах бяспечнага карыстання карткамі, аб тым, як абараняе банк свайго кліента ад несанкцыянаванага доступу да рахунку, як карыстацца інтэрнэт-банкінгам, які парадак разлікаў банкаўскай карткай. Усё гэта будзе садзейнічаць фарміраванню правільных фінансавых паводзін вучняў, павышэнню інтарэсу да картачных прадуктаў. Лексікон вучняў папоўніўся такімі новымі тэрмінамі і словамі, як эмітэнт, акаунт, інтэрнэт-банкінг, інфакіёск, банкамат, пін-код, мабільны банкінг, кардары, дзеці пазнаёміліся з лагатыпамі плацежных сістэм, якія працуюць на тэрыторыі нашай краіны.

Супрацоўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг у сваю чаргу таксама правялі гутарку з вучнямі па фінансавай граматнасці – пракансультавалі іх па ўсіх накірунках рознічнага бізнесу, падключэння плацежных картак да паслуг дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу Святлана Жыбуль расказала аб дзіцячай плацежнай картцы, якая выпускаецца Беларусбанкам для юных кліентаў ва ўзросце ад шасці гадоў да паўналецця. Такая картка выдаецца на імя дзіцяці бясплатна і з’яўляецца дадатковай карткай да рахунку дарослых– бацькоў ці іншых родных і блізкіх людзей. На дзіцячую картку выдзяляецца пэўны ліміт сродкаў, якімі ўладальнікі карткі могуць карыстацца самастойна ўсюды, дзе выкарыстоўваецца і банкаўская картка дарослага. Ва ўрачыстай абстаноўцы дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг Людміла Стралкоўская ўручыла дзіцячую банкаўскую картку трэцякласніцы Карыне Калбаска, якой бацькі аформілі гэтую картку, каб дзяўчынка адчула сябе дарослай, вучылася самастойнасці, а таксама ўменню эканоміць сродкі і правільна імі распараджацца.

Прыемным момантам фінансавага ўрока стала ўручэнне сувеніраў, падарункаў пераможцам – і кампанія «Белкарт», і Беларусбанк былі шчодрыя на прызы для дзяцей. Пераможцам уручаны падарункі і граматы, усім удзельнікам – прызы, буклетная прадукцыя і граматы, якія з’яўляюцца своеасаблівым сертыфікатам, што школьнікі праслухалі курс па фінансавай граматнасці. Марына Роман паведаміла вучням, што кампаніяй «Белкарт» сумесна з Беларусбанкам распрацаваны ўмовы новага конкурсу ў намінацыі «Самы тэхналагічны дызайн», і запрасіла школьнікаў да актыўнага ўдзелу ў ім. Конкурс прысвячаецца Году навукі.

Урок фінансавай граматнасці стаў для вучняў сапраўдным святам. Сярэдняя школа № 2 яшчэ раз прадэманстравала, што яна адметная і ў арганізацыі мерапрыемстваў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *