Сіла закону нязменная праз стагоддзе

Ахова правапарадку Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

04o

Будні міліцыі зусім не падобныя на святы. І, разам з тым, у іх ёсць месца святу, ды такому значнаму, як 100-гадовы юбілей беларускай міліцыі. Стаўбчанам пра гэтую гістарычную падзею сімвалічна нагадваюць чатыры пакаленні міліцыянераў з білборда, які ўстаноўлены на ўездзе ў горад па вуліцы Цэнтральнай. Пакаленні міліцыянераў змяняюцца, але дэвіз іх жыцця застаецца тым жа – «Служым Закону, народу, Айчыне».

– Які настрой у асабовага саставу? – цікавімся ў начальніка райаддзела міліцыі, дэпутата Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Івана МАМАЙКІ.

– Настрой святочны, хоць служба патрабуе пастаяннага напружання. Забеспячэнне аховы правапарадку – наш святы абавязак.

Для стварэння святочнай абстаноўкі шмат чаго было зроблена Міністэрствам унутраных спраў рэспублікі. Створаны фільм пра барацьбу з бандытызмам «Сляды на вадзе» паводле рэальных падзей. Здымкі яго вяліся ў суседнім Навагрудскім раёне. У сувязі са 100-годдзем беларускай міліцыі да асабовага саставу звярнуўся міністр. 1-га сакавіка ў Маладзечанскім Палацы культуры прайшло святочнае мерапрыемства, арганізаванае УУС Мінаблвыканкама. Мы пастараліся максімальна далучыць да яго і ветэранаў міліцыі. Пры падтрымцы райвыканкама для паездкі быў выдзелены вялікі турыстычны аўтобус. Акрамя таго, можна называць урачыстасці на дзяржаўным узроўні, з удзелам Прэзідэнта краіны, урачысты марш міліцыянераў на праспекце Незалежнасці ў Мінску.

Святочныя мерапрыемствы запланаваны і ў нашым раёне. 7-га сакавіка намечана ўрачыстасць у Старасвержанскім доме культуры, з якім райаддзел звязваюць даўнія і цёплыя адносіны. Няхай не здзіўляюцца жыхары горада і раёна, што сёння, у дзень 100-годдзя міліцыі, нашы супрацоўнікі нясуць службу ў параднай форме.

– Стагадовы юбілей яшчэ раз нагадвае, што міліцыя з’яўляецца равеснікам найбольш значных дзяржаўных органаў, фундаментам дзяржавы. З улікам сучасных рэалій якія задачы акрэслены перад міліцыяй?

– Злачыннасць, на жаль, не знікае, і там, дзе заканчваецца сіла закона, наступае закон сілы. Кожныя паўгода дзейнасць міліцыі вывучаецца з дапамогай грамадскай думкі. Падчас апошняга апытання давер міліцыі выказалі больш за 60 працэнтаў жыхароў раёна. На нас гэта накладае пэўныя абавязкі. Тым больш, мы заўсёды імкнуліся да таго, каб у райаддзеле служылі людзі, якія нарадзіліся і выраслі на гэтай зямлі.

Прыходзяць выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі, падрыхтаваныя да барацьбы з кіберзлачыннасцю (праз віртуальнае асяроддзе ідзе распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў, у тым ліку сярод непаўналетніх, насілле, вярбоўка за мяжу). Райаддзел аснашчаны адпаведнай камп’ютарнай тэхнікай, інфармацыйнымі тэхналогіямі, што сведчыць пра разуменне гэтай праблемы з боку дзяржавы. Міліцыя выступае каардынатарам усіх мерапрыемстваў у вобласці барацьбы з нарказлачыннасцю. Адпрацоўка сельскай мясцовасці, дзе жывуць найбольш неабароненыя грамадзяне і куды паступова змяшчаецца злачыннасць, – гэта яшчэ адзін напрамак, якім актыўна займаецца міліцыя ва ўзаемадзеянні з мясцовымі выканаўчымі камітэтамі. Асобае пытанне – праца над тым, каб выключыць з боку супрацоўнікаў міліцыі негатыўныя праяўленні, правапарушэнні, пачынаючы ад курэння ў неўстаноўленым месцы, размовы за рулём па мабільным тэлефоне і т. п.

У гэтым годзе ў міліцыі, як было заяўлена на нарадзе ў Прэзідэнта, чакаецца аптымізацыя – змяненне структуры, скарачэнне колькаснага складу. Гэта неабходна кампенсаваць якасцю, а менавіта большым прафесіяналізмам, асабістымі адносінамі да службы. У любым выпадку правапарадак будзе забяспечаны.

– Іван Андрэевіч, вашы пажаданні ў сувязі са стагоддзем міліцыі.

– Дата гэтая для ўсіх нас вельмі знамянальная, і я жадаю, каб у душы кожнага яна адазвалася добрым успамінам аб міліцэйскай службе. Не будзе адкрыццём, калі скажу, што міліцэйская служба – удзел людзей асаблівых. Не кожнаму дадзена цалкам прысвяціць лепшую частку свайго жыцця рабоце, быць на адказным пасту штодзённа, штохвілінна, парою забываючыся пра сябе і ўласную сям’ю. Да супрацоўніка міліцыі заўсёды быў і застаецца скрупулёзны і прынцыповы падыход: што можна дараваць іншым, яму не даруецца. І ён павінен быць узорам, прыкладам, люстэркам, бо па ім, адным, як слушна прыкмеціў паэт Роберт Ражджэственскі, мяркуюць аб законе ўсёй краіны.  

Асаблівы паклон і пажаданні актыўнага і якаснага даўгалецця – старэйшаму пакаленню. У нас дзейнічае арганізацыя ветэранаў райаддзела міліцыі, а ў цэлым на Стаўбцоўшчыне пражываюць 70 ветэранаў міліцыі, якія неслі службу ў розных падраздзяленнях краіны. Іх мы не дзелім на сваіх і чужых, для ўсіх рыхтуем віншавальныя адрасы.

Супрацоўнікам міліцыі і іх сем’ям – здароўя, бадзёрасці, сямейнага цяпла, каб яны ішлі на службу і ведалі, каго ім трэба абараняць.

Усім жыхарам раёна – поспехаў і разумення, што неабходна паважаць закон і тых, хто стаіць на варце правапарадку.

Са святам!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *